Карта Глуска часоў акупацыі
Зараз на бязмежных прасторах інтэрнэту можна знайсці вялікую колькасць разнастайнай інфармацыі. Вось і мне трапіў на вочы цікавы дакумент — план (або карта) Глуска 1944 года, часу акупацыі нашага мястэчка немцамі. Дакумент належыць архіву Ваеннага інстытута геаграфіі (Польшча). Зараз план размешчаны ў адкрытым доступе на сайце MAPSTER (igrek.amzp.pl).
На плане добра можна разгледзець назвы вуліц мястэчка. Трэба адзначыць, што падчас нямецкай акупацыі некаторыя вуліцы Глуска займелі новыя назвы. Акупанты думалі, што прыйшлі на нашую зямлю назаўсёды, і пачалі наводзіць свае парадкі, у тым ліку перайменавалі вуліцы. Канешне ж, яны не пакінулі савецкія назвы, а ўвялі свае тапонімы. Напрыклад, на карце ёсць вуліцы з назвамі ў гонар рускіх ваенных і палітыкаў ХІХ стагоддзя: завулак імя Скобелева — выбітнога рускага генерала (зараз завулак Паркавы), вуліца Сталыпіна (зараз Чырвонаармейская). Некаторыя вуліцы — Бальнічная (сучасная Сямёнава), Палявая, Мінская (Кірава), Слуцкая (Сацыялістычная), Слабадская (Савецкая), Хваставіцкая (Луначарскага), Фабрычны завулак (Рачны завулак) — у той няпросты час захавалі даваенныя назвы. Былі ў час вайны ў мястэчку і вуліцы, названыя ў гонар рускіх паэтаў і пісьменнікаў Някрасава (сучасныя Інтэрнацыянальная, Урыцкага), Гогаля (Марата Казея), Пушкіна (Пушкінская), Талстога. Магчыма, такія назвы існавалі і да акупацыі (можа, хто з чытачоў ведае пра гэта дакладна, падкажыце і нам). Былі ў той час у мястэчку яшчэ й такія вуліцы: Кальцавая (зараз Пралетарская), Фермерская (Піянерская), Царкоўная (Камсамольская), 1 Мая (так і засталася па наш час Першамайская) і вуліца з незвычайнай назвай Пагулянка (зараз Карла Маркса).
Акрамя таго, на плане мястэчка пазначаны могілкі, праваслаўныя і каталіцкія, парк, сад, электрастанцыя, а вакол Глуска — бліжэйшыя вёскі, рака, яе пойма і нават месца, дзе можна перайсці раку ўброд. Дарэчы, звыклая для нас Падзамша на плане названа Падсамшына (Podsamschino), а яшчэ ёсць населены пункт Рассвет (Rasswet).
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота з сайта igrek.amzp.pl