З кожным вясновым днём наша зямля прыгажэе. І робіцца гэта не толькі сіламі прыроды, а, у першую чаргу, рукамі саміх карэліччан. 10 красавіка каманда райвыканкама змяніла кабінеты на турэцкія краявіды і заступіла на генеральную ўборку раёна.
Карэліччына маштабна рыхтуецца да святкавання Дня Перамогі і 75-годдзя вызвалення Беларусі. На тэрыторыі раёна зараз актыўна ідзе добраўпарадкаванне ўсіх помнікаў, якое завершыцца 15 красавіка. Значныя работы вядуцца ў аграгарадку Турэц на месцы масавага пахавання яўрэйскага насельніцтва, расстралянага нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А пачатак ім ударна паклалі ў сераду прадстаўнікі райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Віктара Шайбака.
Зрабіць тут сапраўды трэба шмат, як адзначыў падчас кароткага перапынку ў працы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА “Белая Русь” Руслан Абрамчык:
“Зараз на месцы пахавання стаіць абеліск, на якім з’явіцца новая мемарыяльная пліта. Бо папярэднюю зрабілі прыкладна ў 1960-х гадах. Абноўлена будзе і агароджа. Для гэтага раённай арганізацыяй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” выдаткаваны сродкі.
Таксама побач знаходзяцца былыя яўрэйскія могілкі даваеннага часу. Мы зараз бачым рэшткі каменных стэлаў-мацэваў. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны акупанты большасць з іх выкарысталі на фундамент стайні. Сучасны выгляд могілак незадавальняючы. Таму па ўзгадненні з Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын рэшткі стэлаў будуць складзены ў мемарыяльную кампазіцыю. Таксама ў гэтым месцы пасадзяць дрэвы.
Дадам, што на Карэліччыне плануецца ў маі і адкрыццё мемарыяльнай дошкі Тыунэ Сугіхара, які атрымаў званне «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага ўрада за выратаванне яўрэяў у ваенныя гады.
Хачу звярнуць увагу і на тое, што ў межах суботніка на тэрыторыі Турэцкага сельсавета на помніку ўдзельнікам Першай сусветнай вайны будуць працаваць і майстры-рэстаўратары з Мірскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. А навучэнцы гэтай установы прыяднаюцца да работ па добраўпарадкаванні на месцы мяркуемага пахавання партызанскага камандзіра Дзмітрыя Семянцова”.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, Вікторыі КАСЦЮК, Лізаветы МУЦІЛОВІЧ