Верхнядзвінскія аграрыі пачалі сяўбу
Учора ў ААТ “Шайцерава” дадзены старт пасяўной кампаніі. Каб своечасова засеяць усе палі, у сельгаспрадпрыемствах раёна працуе мехатрад райаграсервісу.
Атрад з энерганасычанай тэхнікай гатовы ў любы момант выехаць на палі. Падабраны надзейныя механізатары, сфарміраваны два падраздзяленні. Зараз яны вывозяць арганіку, уносяць тукі і даламітавую муку.
“Хуткая сельгасдапамога” выехала ў СП “Боркавічы”. Звяно ў складзе вопытных механізатараў Сяргея Наркевіча, Аляксандра Зунда, Івана Петуха і Віктара Машара шчыруе на вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў. Механізатар Барыс Гапанёнак задзейнічаны на туках. Тэмп працы залежыць ад адлегласці палёў, тым не менш за дзень звяно ўносіць у сярэднім па 700-800 тон.
– З-за позняга выспявання глебы працаваць давядзецца хутчэй, чым у папярэднія гады, аднак не на шкоду якасці, – гаворыць начальнік мехатрада райаграсервісу Аляксей Глушневіч. – Круглы год калектыў аказвае сельгаспрадпрыемствам вытворча-тэхнічную падтрымку. Асноўныя паслугі вяскоўцам – вывазка і ўнясенне арганічных угнаенняў, тукаў, вапнаванне кіслых глебаў, нарыхтоўка кармоў, уборка зерневых.
Вясна дабавіла клопату ўсім. Работай “акцыянеры” загружаны. Працягваюць паступаць заяўкі ад сельгаспрадпрыемстваў на аказанне дапамогі. З СП “Лявонішана” папрасілі накіраваць атрад на вывазку і ўнясенне арганікі. З дня на дзень яшчэ чатыры раскідвальнікі і “Амкадор” накіруюцца на палеткі СП “Каханавічы”. У ААТ “Шайцерава” Фёдар Пачкай вапнуе глебу.
– Райаграсервіс аснашчаны сучасным машынна-трактарным паркам, – працягвае размову Аляксей Віктаравіч. – Для вядзення ворыва ў наяўнасці два МТЗ-3022 з плугамі ППО-8-40, для падкормкі азімых ёсць “Уніпорт-2500”. Сіламі мехатрада ў мінулым годзе вывезена 34,1 тыс. тон арганічных угнаенняў, унесена – 72,2 тыс. тон, завапнавана звыш 3 тыс. гектараў глебы.
Калі надыходзіць час корманарыхтоўкі, у работу ўключаецца атрад з касілкамі, граблямі, КВК.
Не абыходзіцца без удзелу райгарасервісу і на ўборцы хлеба. На палі выходзяць два зернеўборачныя камбайны КЗС-1218, пяць адзінак тэхнікі для адвозкі зерня.
Для мехатрада не бывае “свайго і чужога хлеба”. Ураджай – клопат агульны.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) С. Наркевіч, А. Зунда, І. Петух і В. Машара.