У Віцебску на Дзень Волі затрымалі Барыса Хамайду. За плакат з цытатай Буніна?
Вядомага грамадскага актывіста Барыса Хамайду затрымалі 25 сакавіка каля «сіняга дома» ў Віцебску. Ён трымаў у руках сцяг горада і самаробны плакат з цытатай рускага пісьменніка Івана Буніна: «Город (Витебск) древний и нерусский». Гэткім чынам Барыс Хамайда павіншаваў гараджан з Днём Волі, паведамляе «Віцебская вясна».
Затрымлівалі Хамайду людзі ў цывільным, якія сказалі, што яны міліцыянеры. Апазіцыянер прастаяў з плакатам каля 10 хвілін — супрацоўнікі ў цывільным у гэты час чакалі, пакуль прыедзе міліцэйская машына.
Барыса Хамайду адвезлі ў Чыгуначны РАУС Віцебска. У чым яго абвінавачваюць, пакуль невядома.
Гэта ўжо другое затрыманне Барыса Хамайды з пачатку года. Да гэтага яго затрымалі напярэдадні Дня Канстытуцыі. Тады на яго склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў.