Усё могуць нашы педагогі

Источник материала:  

Усё могуць нашы педагогі

Што ўмеюць настаўнікі? Вучыць дзяцей, правяраць сшыткі, без памылак запаўняць класны журнал, хоць звычайны папяровы, хоць электронны, як ніхто, умеюць пісаць шматлікія справаздачы, а яшчэ фарбаваць падлогу, клеіць шпалеры, разбіраюцца ў пажарных апавяшчальніках і ведаюць, якога памеру павінны быць прытопачныя лісты… Пра тое, як дзякуючы ўсім гэтым уменням і навыкам педагогі спрацавалі ў мінулым годзе, гаварылі на ўрачыстым сходзе па падвядзенні вынікаў у сферы адукацыі. Ён адбыўся ўжо традыцыйна напярэдадні галоўнага жаночага свята 8 Сакавіка, бо што ні кажы, а педагагічнае асяроддзе ў нас мае жаночы воблік. Падчас сходу высветлілася, што педагогі яшчэ і цудоўныя артысты, яны ўмеюць выдатна пець, чытаць вершы і прамовы. На сцэне не было ніводнай запрошанай зоркі — усе выключна свае людзі, якія працуюць у школах, садках, установах дадатковай адукацыі, і іх выхаванцы. Для калег спявалі Валянціна Хлань і Валянціна Сініцына, Фёдар Хлань, Наталля Аншыц, Дзмітрый Сокал, Ганна Сосікава, з некалькімі нумарамі выступілі вакалісты мясцовага Цэнтра творчасці. Прыязныя ўсмешкі выклікала ў гледачоў дэфіле ў нацыянальных строях выха-ванцаў дзетсада № 3, шчыра смяяліся і такімі ж шчырымі апладысментамі праводзілі педагогі вучняў Заеліцкай школы, якія падрыхтавалі цудоўную пастаноўку “Калядныя вячоркі”.

Увогуле, настаўнікі вельмі арганізаваныя і адказныя людзі, яны падводзяць вынікі аж тры разы на год. На педагагічнай канферэнцыі ў жніўні і напярэдадні Дня настаўніка ў кастрычніку сумуюцца вынікі за вучэбны год, а ўжо ў сакавіку — за каляндарны. Канешне, трэба напісаць утрая больш дакладаў і справаздач (але ж мы памятаем, педагогі — чэмпіёны ў гэтай справе), затое і ўзнагароды можна раздаваць тройчы. Тым болей заўсёды ёсць за што. “Наша педагагічная суполка складае больш за 600 чалавек, — адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Лісіца. — Я веру ў кожнага з вас, у вашы здольнасці і ваша ўменне рабіць сваю справу найлепшым чынам, бо ведаю, што педагогі — людзі правафланговыя, згуртаваныя, поўныя энтузіязму…” Глускі раён па сукупнасці вынікаў у сферы адукацыі за мінулы год заняў восьмую пазіцыю сярод раёнаў з такой жа колькасцю насельніцтва (іх 13). “Гэта не наша месца, — зазначыла Святлана Лісіца, — яшчэ колькі год назад Глуск быў на першым месцы або ўваходзіў у тройку лідараў. Значыць, у нас ёсць патэнцыял і мы можам, проста абавязаны вярнуць страчаную пазіцыю. Пры гэтым неабавязкова раўняцца на буйныя гарадскія ўстановы адукацыі, бо ў нашым раёне ёсць школа, якая стабільна паказвае добрыя вынікі, а ў гэтым годзе заняла другое месца ў вобласці сярод сельскіх школ і школ, якія знаходзяцца ў пасёлках гарадскога тыпу. За амаль дваццаць год маёй працы я не прыпомню такога выпадку”, — паведаміла Святлана Мікалаеўна і запрасіла на сцэну калектыў Заеліцкага НПК. Сваіх калег педагогі сустрэлі авацыямі, а начальнік аддзела па адукацыі ўрачыста перадала дырэктару Святлане Лабадаевай дыплом за 2-е месца.

Новыя імёны па выніках працы ў мінулым годзе з’явіліся на Дошцы гонару аддзела па адукацыі, спорце і турызме. Падзякамі аддзела з занясеннем на Дошку гонару ўзнагароджаны метадыст навучальна-метадычнага кабінета Наталля Някрасава, выхавацель ясляў-сада № 4 Таццяна Іотка, намеснік дырэктара ясляў-сада № 1 Алена Макарава, намеснік дырэктара Заеліцкага НПК Алена Мукасей і дырэктар Заеліцкага НПК Святлана Лабадаева, настаўніца гісторыі Заеліцкага НПК Алена Філіпенка, настаўнікі пачатковых класаў СШ № 1 Алена Жалудковіч і СШ № 2 Галіна Усік, настаўнік-дэфектолаг СШ № 2 Людміла Калацкая і трэнер-выкладчык фізкультурна-спартыўнага клуба Валянцін Сокал.

Падзячнае пісьмо аддзела па адукацыі, спорце і турызме заслужылі настаўніца Заеліцкага НПК Ірына Пукач, настаўніцы гімназіі Таццяна Сачэнка і Аксана Грыгор’ева, выхавацель ясляў-сада № 3 Іна Савіцкая, настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 1 Ірына Галамака, педагогі-арганізатары СШ № 2 Аксана Сокал і Завалочыцкага НПК Таццяна Герман, метадыст Цэнтра творчасці Святлана Каржнёва, кладаўшчыца Каткаўскага НПК Алена Зянькоўская і вадзіцель Уладзімір Маханька.

Напярэдадні сходу падвялі і са сцэны перад усімі агучылі таксама вынікі работы ўстаноў адукацыі раёна па розных напрамках (асобна дзетсады і школы). Сярод садкоў у намінацыях “якасць адукацыйнага працэсу” і “работа з кадрамі” Падзякі атрымаў калектыў ясляў-сада № 4, “сацыяльна-эканамічнае развіццё” і “лепшая арганізацыя харчавання” — яслі-сад № 3. Гімназія Глуска адзначана ў намінацыях “якасць адукацыйнага працэсу”, “сацыяльна-эканамічнае развіццё”, “арганізацыя работы з адоранымі дзецьмі” і “спорт”. За лепшую арганізацыю выхаваўчай работы ўзнагароджаны калектыў Заеліцкага НПК, там жа працуе і лепшая дашкольная група. Лепшая арганізацыя харчавання сярод сельскіх школ — ва Усцярхах, сярод гарадскіх— у СШ № 2, у гэтай жа школе лепш за ўсіх наладжана работа з кадрамі.

Але і на гэтым узнагароды не закончыліся. Свае граматы і дыпломы школам раёна ўручылі кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі. Дырэктар Цэнтра творчасці Ніна Чачуха адзначыла, што найбольшую колькасць дыпломаў творчага кірунку ў мінулым годзе атрымалі выхаванцы і вучні Завалочыцкага НПК і сярэдняй школы № 2 і ўручыла Падзячныя пісьмы ад Цэнтра дырэктарам Наталлі Шылавай і Алене Слічонак. Высока ацаніў рэзультаты вучняў Заеліцкай школы ў абласной спартакіядзе сярод дзяцей і падлеткаў старшыня Глускага фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Вежнавец і ўручыў Падзячнае пісьмо дырэктару Святлане Лабадаевай. А вось сярэдняя школа № 1 адзначана за якасную работу гандбольнага спарткласа. Узнагароду дырэктар Валянціна Сыцька атрымала з рук  Аляксандра Маюрнікава, дырэктара Глускай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. А яшчэ вялікі дзякуй першай школе за ўтульную залу, у якой прайшоў святочны сход. 

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

Больш здымкаў глядзіце тут

 (оригинал новости)
←В конкурсе "Женщина года - 2018" победили 40 белорусок в шести номинациях

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика