19 Почётных грамот и 4 Благодарственных письма вручили на заседании клуба педагогических встреч
Педагогі — людзі з асаблівай місіяй
Напярэдадні Дня жанчын актавая зала МПЦ “Равеснік” прымала прадстаўнікоў усіх навучальных устаноў раёна на чарговым пасяджэнні клуба педагагічных сустрэч.
Напачатку мерапрыемства да прысутных звярнуўся з віншаваннямі і падзякай старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Сувееў, які адзначыў, што настаўнікі фарміруюць асобу, якая ў будучым павінна праявіць сябе, таму ў многім ад іх асабістых якасцей залежыць лёс дзяцей і заўтрашні дзень нашай краіны.
За поспехі ў рабоце Сяргей Пятровіч узнагародзіў Ганаровай граматай райвыканкама дырэктара Ліпенскага ВПК д/с-СШ Жанну Курыльчык, Падзячным лістом старшыні райвыканкама — настаўніка матэматыкі і інфарматыкі Лапіцкай СШ Тамару Шамак. Дырэктар СШ № 4 Ганна Маісеенка атрымала каштоўны падарунак, 12 педагогам уручылі Ганаровыя граматы Галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, а начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Шаўчэнка адзначыла Ганаровымі граматамі аддзела працу 19 настаўнікаў, Падзячнымі лістамі — 4.
На сцэну таксама паднялася і сям’я Вольгі і Аляксандра Кульчынскіх — удзельнікаў раённага конкурсу шматдзетных сем’яў. Пара прадставіла мультымедыйную візітоўку, дзе расказала пра сябе і свой радавод.
Ганаровыя граматы Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі «знайшлі» начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Наталлю Шаўчэнка, старшыню райарганізацыі ветэранаў працы і прафсаюзнага руху галіны Алу Ліхачову, дырэктара СШ № 4 Ганну Маісеенка, а 8 чалавек атрыма-лі Ганаровыя граматы ад Асіповіцкага галіновага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Разынінкай сустрэчы стала прадстаўленне пераможцаў раённага конкурсу прафесійнага майстэрства маладых педагогаў “Прызванне — педагог”. Настаўнікі пачатковых класаў СШ № 1 Анастасія Багдановіч, біялогіі СШ № 3 Ульяна Гоман і музыкі СШ № 2 Крысціна Налетка прадэманстравалі відэаролікі пра свой шлях у педагогіку.
Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай “Песні пра жыццё”.
Фота Ніны ЦАРЫК.