Сям’я Савіцкіх: Калі “я” ў сям’і - паўсотні

Источник материала:  
“Савіцкіх не чапаць! Бачыш, колькі іх!” – перагаворваліся дзеці на вуліцы. І сапраўды, як тут падступіцца да гэтых Савіцкіх, калі іх дзесяць? Аднаго зачэпіш – астатнія наляцяць, добра, калі паспееш збегчы. Дзеці Людмілы Мікалаеўны і Віктара Феліксавіча ўжо выраслі. Але ўсё гэтак жа памятаюць, што яны сіла, калі трымаюцца разам. Толькі цяпер іх ужо не дзесяць, а амаль пяцьдзясят: побач з кожным муж або жонка і дзеткі. “Унукаў у нас ажно 28. А ў маі чакаем яшчэ аднаго”, - расказвае Людміла Мікалаеўна.

Сям’я Савіцкіх: Калі “я” ў сям’і - паўсотні

Матуля і бабуля Людміла САВІЦКАЯ з малодшай унучкай Леначкай.


З чаго ж пачыналася вялікая сям’я? З таго, што ў Сольскую школу, дзе вучылася васьмікласніца Людміла, прыйшоў новенькі – дзевяцікласнік Віктар. На школьным вечары яны пазнаёміліся, пазней пасябравалі, а потым сяброўства перарасло ў нешта большае. Абое скончылі школу, атрымалі прафесіі, Віктар адслужыў у арміі, а неўзабаве і вяселле справілі. Людміле ўсяго дваццаць было, Віктар старэйшы на год. І дзеці, як гарошынкі, пасыпаліся. Амаль усе пагодкі: Валера, Віця, Саша, Юля, Люда, Оля, Міша, Аня, Валя і Вера.

Людміла Мікалаеўна расла ў вялікай сям’і, бачыла, як цяжка бацькам гадаваць і выхоўваць іх, маленькіх. Для сябе планавала жыццё лягчэйшае. А Віктар Феліксавіч, які часта бываў у гасцях, наадварот, марыў аб такой жа гаманкой і дружнай дзіцячай кампаніі. Хоць і ведалі абое, што са з’яўленнем кожнага дзіцяці жыццё лягчэйшым не будзе, але радаваліся, нават думкі не ўзнікала, што маленькі падарунак нябёсаў можа быць лішнім.

Маладыя, працавітыя, яны стараліся перажываць усе цяжкасці разам. З удзячнасцю ўспамінае Людміла Мікалаеўна, як муж прыходзіў дамоў з работы, а ўбачыўшы, што з вячэрай гаспадыня спазнілася, сам станавіўся да пліты. І ні слова папроку! Адзенне мылі таксама толькі разам. Тады машын-аўтаматаў не было, і на паласканне-выкручванне адводзіўся амаль цэлы дзень. У вёску – зноў разам. Дапамагалі бацькам, вырошчвалі для сябе гародніну.

Цяжка было ў 90-я. Хоць і працавалі абое, але зарплаты рэзка зменшыліся, плацілі нерэгулярна.

Бывала, што за камунальныя паслугі не было чым плаціць. І зноў Людміла Мікалаеўна з пяшчотай расказвае пра мужа: “Адпрацаваўшы змену на ліцейным, ён шукаў дадатковых заробкаў. Ніколі не дазваляў, каб дзецям і жонцы нечага не хапала”. Тата – ідэал для кожнага з іх. Дзяўчаты потым нават мужоў выбіралі па яго ўзору. А дзеці ніколі не наракалі, што вялікая сям’я накладае і пэўныя абавязкі. Старэйшыя прыглядалі за малодшымі, усе разам прыбіралі свае пакоі, “дзяжурылі” па кухні, дапамагалі на градках.

Самае непрыемнае, успамінае Людміла Савіцкая, - стаўленне людзей. Яшчэ не пазнаёміўшыся, не ведаючы сям’і, многія асуджалі. Маўляў, у здаровым розуме столькі дзяцей нараджаць не будуць. Нават у п’янстве завочна маглі абвінаваціць. Пасля знаёмства, праўда, меркаванне мянялася. Мама заўсёды старалася так прыбіраць дзяцей, каб ніхто і слова злога не мог сказаць. Вядома ж, усе толькі ўсміхаюцца, калі дзіця перапэцкаецца падчас гульні. А калі мурзаты хлопчык ці дзяўчынка са шматдзетнай сям’і – крытыка ляціць, як каменне: бацькі не даглядаюць.

Сёння ў кватэры Савіцкіх таксама не бывае ціха. Заходзяць у госці дзеці, на смачны абед забягаюць пасля школы ўнукі. А як свята – то гоман не сціхае. Вялікай сям’і ёсць што ўспомніць, што абмеркаваць, за што падзякаваць адно аднаму. Ім, як і ў дзяцінстве, цікава разам. І гэтак жа моцна сябруе наступнае пакаленне сям’і – унукі Людмілы Мікалаеўны і Віктара Феліксавіча. Як і дзясяткі гадоў таму, яны стаяць гарой за кожнага: “Савіцкіх не чапаць!”

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

←Щедрый март. Погода в Гомеле в женский день и выходные

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика