Сярод вялікай колькасці прафесій ёсць адна, якой вас не навучыць ні адна ВНУ. На яе нельга паступіць ні пры выдатных ведах, ні пры добрых сувязях. Але, нягледзячы на тое, што дыплом вы так і не атрымаеце, яна была і будзе адной з самых важных у свеце. Прафесія, з якой нараджаюцца і з годнасцю ідуць па жыцці. Прафесія, дзякуючы якой нашы з вамі дзеці засынаюць пад калыханку, а не пад грукат кананад. Прафесія, імя якой – абаронца Айчыны.
23 лютага адзначаецца свята, калі ўвесь жаночы пол – ад маленькіх дзяўчынак да сталых жанчын – з радасцю ў вачах віншуе сваіх бацькоў, братоў ці дзядуль. З самай раніцы мы бяжым насустрач тым, каго лічым не толькі нашым асабістым абаронцам, але і вялікай краіны пад назвай Рэспубліка Беларусь.
Камандзір ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Уладзіслаў Кавальчук – адзін з тых, хто не толькі не баіцца пайсці на службу, але і марыць аб гэтым. Юнак ужо стаіць на парозе дарослага жыцця: заканчвае адзінаццаты клас Лукскай сярэдняй школы і раздумвае наконт будучай прафесіі. Адносіцца з павагай да кожнага абаронцы яго навучыў бацька, які ніколі не цураўся армейскіх будняў.
– Тата заўсёды гаварыў, што нічога страшнага ў службе няма, што зараз быць салдатам значна лягчэй, чым раней. А ён, дарэчы, служыў тады, калі без так званай дзедаўшчыны не абыходзілася ні адна часць, – расказвае юнак. – Галоўнае, лічыў ён, – быць добрым і спагадлівым чалавекам, таму і служба пройдзе як мае быць.
На маё пытанне “Дзе канкрэтна ты б хацеў служыць?”, у хлопца адразу запальваюцца вочы, і ён без запінкі выдае: “У паветрана-дэсантных войсках”.
– Першае, што павінна быць у сапраўднага абаронцы – гэта Радзіма, бо як можна абараняць тое, чаго ў цябе няма? І зараз гаворка ідзе не абавязкова пра краіну ў цэлым – гэта можа быць любы твайму сэрцу куточак, маленькі горад ці вёсачка…
Такое паняцце, як подзвіг, на думку старшакласніка, заключаецца ў тым, каб перамагчы свой страх. Узгадваючы Першую сусветную вайну, якой прысвечана значная частка экспазіцыі музейнага школьнага пакоя, хлопец не называе канкрэтнага героя. Ён лічыць, што нельга вылучаць кагосьці, бо перамога кавалася не толькі рукамі салдат і афіцэраў, але і ўсяго мірнага насельніцтва…
Падчас размовы мяне не пакідала прыемнае пачуццё, якое з кожнай хвілінай рабілася ўсё мацней: калі такіх патрыётаў, як старшакласнік з Лукаў, будзе больш, мы можам быць упэўненыя, што за нашу краіну і незалежнасць ёсць каму пастаяць.