Нашы землякі Станіслаў Барашкоў і Антон Вінаградаў нясуць службу ў 228-ым асобным палку радыёэлектроннай барацьбы

Источник материала:  

Нашы землякі Станіслаў Барашкоў і Антон Вінаградаў нясуць службу ў 228-ым асобным палку радыёэлектроннай барацьбы

Нашы землякі Станіслаў Барашкоў і Антон Вінаградаў на баявым дзяжурстве.

Вайна без выстралаў

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны рэдакцыя звярнулася да начальніка адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК Андрэя Собіна з прапановай напісаць пра нашых землякоў, якія служаць зараз ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Андрэй Міхайлавіч адразу сказаў: “Ёсць двое хлопцаў, якія служаць у войсках, куды шумілінцы трапляюць надзвычай рэдка. Гэта Станіслаў Барашкоў і Антон Вінаградаў, якія падчас апошняга восеньскага прызыву  трапілі ў 228-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы, які месціцца ў Полацку. Гэта, бадай, самыя сучасныя і высокатэхналагічныя войскі Узброеных Сіл.”.
“Наш полк на асаблівым статусе сакрэтнасці. Кожны вайсковец падпісвае дакументы аб невыдаванні звестак пра тэхнічныя характарыстыкі абсталявання, з якім прыходзіцца працаваць у час вайсковай службы. На службе афіцэрам і салдатам дазваляецца карыстацца толькі тэлефонамі без фотакамеры і без выхаду ў інтэрнэт. Таму і да грамадзянскіх асоб таксама існуюць павышаныя патрабаванні”, – папярэдзіў намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце Сяргей Міхаль, які сустракаў карэспандэнта газеты. На КПП часці строга і дакладна праверылі ўсе дакументы, прапанавалі здаць мабільны тэлефон.
Нашы землякі Станіслаў Барашкоў і Антон Вінаградаў расказалі, як ім было трывожна, калі даведаліся, што трапілі ў войскі радыёэлектроннай барацьбы, бо ніхто са знаёмых не служыў там. Але хлопцы заўважылі, што адразу, калі прыехалі ў часць, іх прыемна здзівілі адносіны афіцэраў і прапаршчыкаў, якія ўводзілі маладых салдат у курс армейскай службы. Ваенную прысягу прымалі 15 снежня разам з іншымі маладымі салдатамі. “Канешне, перад прысягай прыйшлося ўпарта трэніравацца, адпрацоўвалі страявы крок, маршыравалі так, што мазалі на нагах былі. Але мы вытрымалі, справіліся,” – адзначылі Антон і Станіслаў.
Цяпер асноўная служба – гэта баявыя дзяжурствы, калі салдаты заступаюць на варту і праслухоўваюць усё, што гаворыцца ў радыёэфіры.
– Пераважна адсочваем размовы лётчыкаў, фіксуем каардынаты. Найчасцей у размовах пілотаў стандартны набор фраз, калі ў размовах з’яўляецца нешта незвычайнае, дакладваем кіраўніцтву, – расказалі хлопцы.
Пасля некалькіх месяцаў службы Антон і Станіслаў пачалі ўсур’ёз задумвацца пра службу па кантракце:
– У часці створаны ўсе ўмовы для службы. Ёсць сацыяльныя гарантыі для вайскоўцаў-прафесіяналаў. Чаму б не паспрабаваць? Тым больш, што ў далейшым адкрываецца перспектыва стаць афіцэрам”.
Ініцыятыву хлопцаў падтрымлівае і намеснік камандзіра часці па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Шапо, адзначыўшы, што ў бліжэйшым будучым у войсках радыёэлектроннай барацьбы будуць служыць толькі кантрактнікі.
Дзмітрый Сяргеевіч правёў экскурсію па тэрыторыі часці. Мы не сустрэлі салдат, якія б маршыравалі на пляцы, яны са сшыткамі і ручкамі спяшаліся ў вучэбны корпус. “Я ж папярэджваў, што наша часць асаблівая. Не, нашы салдаты вучацца і хадзіць строем, і карыстацца зброяй, але галоўныя заняткі – за камп’ютарамі і спецабсталяваннем”, – адзначыў Дзмітрый Шапо. Ён заўважыў, што падчас адбору прызыўнікоў у часць вызначаюцца, у першую чаргу, маральныя якасці маладых людзей, іх валоданне англійскай мовай, магчымасць навучання і ўменне нестандартна мысліць, цярплівасць і ўседлівасць, устойлівасць характару. Інакш цяжка вытрымаць баявыя дзяжурствы за апаратурай.
228-ы полк радыёэлектроннай барацьбы мае на ўзбраенні самыя сучасныя распрацоўкі як беларускіх, так і замежных навукоўцаў. Комплексы радыёперашкод могуць вывесці са строю сувязь і радыёэлектронныя прыборы праціўніка на полі бою ці ў зоне баявых дзеянняў на адлегласці некалькі тысяч кіламетраў. “Сучасная вайна – гэта вайна высокіх тэхналогій, – адзначае Дзмітрый Шапо. – Упэўнена магу сказаць, што беларуская армія – адна з самых высокатэхналагічных”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №16 ад 22.02.2019 г.

←Горячую воду в Минске начнут отключать с 13 мая, на время Европейских игр - перерыв

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика