«Гэта наш новы дом!»
20.02.2019
—
Новости Общества
Дом для шматдзетных сем’яў у Целяханах будаваўся, лічы, адзін год. На пачатку 2018 года будаўнікі УП «Івацэвіцкая ПМК-11» распачалі будаўніцтва, а на пачатку гэтага года – здалі ў эксплуатацыю.
І кватэры ў ім атрымаліся прасторныя: аднапакаёвыя агульнай плошчай – 38,02 квадратнага метра, двухпакаёвыя – 57,82, астатнія – па 73 і 89 квадратных мет-
раў. Ацяпленне ў кватэрах індывідуальнае, пакоі вялікія. Адна кватэра ў чатырохпавярховым доме мае камерцыйнае прызначэнне – тое самае арэнднае жыллё.
Дзве аднапакаёўкі атрымалі тыя шматдзетныя сем’і, у каго жыллё ёсць, але не хапае жыллёвай плошчы на ўсіх. Атрымалі ключы ад прасторных кватэр і сем’і, у якіх гадуюцца чацвёра дзяцей.
Адны сем’і, як напрыклад, Міхаіла і Ірыны Мамчыцаў, ужо паволі асвойваюцца ў новым доме, што ў цэнтры пасёлка па вуліцы 17 Верасня, іншыя – у прыемных пошуках мэблі ды неабходных прадметаў інтэр’ера. Але ўсе без выключэння радуюцца таму, што набылі ўласнае жыллё. Дзякуючы Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, значную частку ад кошту жылля шматдзетным субсідзіравала дзяржава. І вось 23 сям’і – гаспадары кватэр.
Дарэчы, кіраўнік спраў Целяханскага сельвыканкама Алена Кайль казала, што яшчэ адзін дом для шматдзетных у Целяханах быў здадзены ў 2016 годзе, а за паўтара месяца сёлетняга года яшчэ чатыры сям’і сталі шматдзетнымі: Вольгі Гапонік, Юрыя і Антаніны Ермаловічаў, Ігара і Юліі Куратнікаў, Ільі і Наталлі Морскіх. Сем’і Абрамчукоў і Гардзейка ў чаканні папаўнення – нараджэння трэцяга дзіцяці.
На здымку: сям'я Вольгі Канеўскай.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.