Людзі Смаргоншчыны: Валерый Голубеў
Валерый ГАЛАМБОЎСКІ віншуе Валерыя ГОЛУБЕВА з юбілеем.
Валерый Васільевіч праслужыў у праваахоўных органах 25 гадоў. Службовы шлях пачаў міліцыянерам патрульна-паставой службы ў Віцебску. Потым быў памочнікам дзяжурнага ў аператыўна-дзяжурнай часці, паступіў у сярэднюю школу міліцыі, якую скончыў “на выдатна”. Прызначылі аператыўным упаўнаважаным крымінальнага вышуку.
Праз некалькі гадоў Валерый Голубеў перавёўся ў Смаргонь, дзе ў мясцовым райаддзеле міліцыі служыў яго аднакурснік Дзмітрый Казакевіч. Паступіў у міліцэйскую акадэмію, пасля заканчэння якой 10 гадоў працаваў экспертам-крыміналістам. Камп’ютараў тады не было, прыходзілася разглядваць адбіткі пальцаў, якія пакідалі злачынцы на розных прадметах, пры дапамозе звычайнай лупы. А яшчэ неабходна было фатаграфаваць месцы злачынстваў. Паколькі фотаапараты тады былі плёначныя, то марокі хапала: эксперт-крыміналіст сам праяўляў фотаплёнку, рабіў фотаздымкі.
Валерыю Голубеву ўжо няшмат часу заставалася служыць у міліцыі, калі ў яго кабінеце з’явіўся камп’ютар. Але ён прабыў нядоўга, перадалі ў іншае міліцэйскае падраздзяленне, дзе была большая патрэба ў камп’ютарнай тэхніцы.
У эксперта-крыміналіста на той час быў так званы трывожны чамаданчык, у якім захоўваліся розныя неабходныя інструменты і некалькі фотааб’ектываў. Адзін – шырокавугольны, другі – доўгафокусны, каб можна было сфатаграфаваць на адлегласці, калі не было магчымасці наблізіцца да аб’екта фотаздымкі.
Некаторыя віды экспертыз Валерый Васільевіч праводзіў на месцы, найбольш складаныя з іх рабілі ў абласным упраўленні ўнутраных спраў, дзе была лепшая тэхнічная аснашчанасць.
Ягор КАРЫЦКІ.
Фота аўтара.