Людзі Смаргоншчыны: Ядвіга Шкурдзюк
У вёсцы Куляшы была 4-класная школа. А потым браты і сёстры Ядвігі Шкурдзюк і яна сама вучыліся ў Смаргоні, хадзілі ў СШ №1. Як жа яны дабіраліся да горада, бо адлегласць да Куляшоў складае 12 кіламетраў? Ездзілі туды-сюды на аўтобусе? Не. Бацька паклапаціўся аб тым, каб у Смаргоні быў свой дом. У далёкія савецкія часы гэты дом служыў своеасаблівай перавалачнай базай. Дзеці заканчвалі вясковую пачатковую школу і пераязджалі жыць у Смаргонь. Дом пакідалі, калі стваралі свае сем’і.
Ядвіга Шкурдзюк завочна атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю. У 1976 годзе яна працаўладкавалася ў аўтапарк №17 кандуктарам. Тады аўтавакзал быў у цэнтры горада, дзе цяпер месціцца “Журавінка”.
“Мне было добра працаваць кандуктарам, абілечваць пасажыраў. Шчырыя, паважлівыя адносіны склаліся з работнікамі аўтапарка, нават старэйшымі па ўзросце", - расказвае Ядвіга Аляксандраўна.
Жанчыны давалі дзяўчыне жыццёвыя парады, тактоўна паводзілі сябе вадзіцелі. Адзін з іх стаў мужам Ядвігі. Ён працаваў на заказным аўтобусе, вазіў розныя экскурсіі, аб’ездзіў Беларусь, Расію, Прыбалтыку, Польшчу.
Праз нейкі час кіраўніцтва аўтапарка перавяло Ядвігу Шкурдзюк на аўтавакзал касірам. Потым яна працавала дыспетчарам. За час працы ў гэтай арганізацыі было 8 кіраўнікоў. Найбольш давялося працаваць з дырэктарам Мікалаем Самайловічам.
Кадравую работу вёў у аўтапарку былы ваенны Мікалай Асіпоўскі. Калі засабіраўся на пенсію, Мікалай Яўгенавіч прапанаваў тады гэту пасаду Ядвізе Шкурдзюк. Два тыдні жанчына асвойвала новую для сябе прафесію пад наглядам Мікалая Асіпоўскага.
Кадравая работа няпростая. Трэба быць юрыдычна падкаваным, ведаць заканадаўчую базу, а яна пастаянна мяняецца, толькі паспявай адсочваць новаўвядзенні. Да таго ж гэта работа з людзьмі. А яны розныя, у кожнага свой характар. Таму кадравіку трэба быць і псіхолагам. І ў Ядвігі Аляксандраўны гэта атрымлівалася, работнікі аўтапарка заходзілі да яе ў кабінет не толькі па справе, але і проста пагутарыць у вольную хвіліну. Акрамя кадравай работы Ядвіга Шкурдзюк займалася прафсаюзнымі пытаннямі, была старшынёй ветэранскай арганізацыі аўтапарка.
З верасня 2017 года Ядвіга Шкурдзюк – на заслужаным адпачынку. Яна аддала аўтапарку больш за 40 гадоў свайго жыцця. Нядаўна адзначыла свой чарговы юбілей. Яшчэ даволі рухавая, гаваркая, тактоўная. Цяпер жыве адна. Мужа не стала з-за хваробы.
Дзеці Ядвігі Аляксандараўны маюць свае сем’і. Сын у свой час скончыў міліцэйскую акадэмію, але цяпер працуе на грамадзянскім прадпрыемстве. Дачка – супрацоўнік Мінскага дзяржаўнага мытнага камітэта, жыве ў сталіцы.
З 12 дзяцей, братоў і сясцёр Ядвігі Шкурдзюк, засталіся толькі 4.
“Затое ў мяне многа пляменнікаў, - сказала Ядвіга Аляксандраўна і яе вочы павесялелі. – Калі я адзначала свой юбілей, сабраліся аж 73 чалавекі. Крыху было аўтапаркаўскіх работнікаў, астатнія – радня. Пляменнікі ўжо дарослыя, у іх падрастаюць свае дзеці. Глядзела на іх і адчувала цеплыню на душы. І калі б была магчымасць пачаць сваё жыццё спачатку, то я нічога не стала б мяняць, бо ў мяне ўсё добра склалася на жыццёвай сцяжыне”.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.