Великая Галина из маленькой Ракитовщины Докшицкого района

Источник материала:  

Великая Галина из маленькой Ракитовщины Докшицкого района
Сёлетняй снежнай зімой краявіды беларускай вёскі – гэта сапраўдная казка, якая так нагадвае маленства. Праўда, жыхарам маленькіх вёсачак не да настальгічных уздыханняў. Іх больш клапоціць, як нацепліць у хаце і ці прыедзе аўталаўка. Галіна Вялікая з маленькай Ракітаўшчыны дроў у грубку не шкадуе, бо мае гэтага паліва не адну дрывотню. Сын стараецца, і зяць не пакідае цешчу без дапамогі. Калі Алегу крыху далей з Пастаў дабірацца, то Вацлаў з Гарадзішча наведваецца часта. Па словах кабеты, у зяця ўмелыя рукі і залаты характар. Гэта ён зрабіў прыстасаванне, каб Галіне Канстанцінаўне ямчэй было насіць дровы ў хату. Парадак на панадворку, ладны хлеў з прыбудовамі, запасы паліва – усё гаворыць пра тое, што пажылая жанчына не пакінутая без увагі роднымі.
Сваім нетутэйшым прозвішчам яна абавязана мужу, прадзед якога пераехаў з Літвы на гарадзішчанскую зямлю і асеў у суседніх Гваздах. Яе Мечыка ўжо няма 14 гадоў, а яна з’яўляецца адным з трох жыхароў Ракітаўшчыны. Гэта вёска ніколі не была вялікай, але ў лепшыя часы хат трыццаць усё ж стаяла. А яшчэ раней, за польскім часам, многія гектары навакольнай зямлі і лес пад Семянілавам належаў бабулі Галіны па лініі маці Гунэфе Пляшкун. Дзед Гайковіч, што прыйшоў прымакам да багатай нявесты, вельмі даражыў багаццем, асабліва лесам, а дачку прыйшлося аддаць замуж за партызана Косцю Рыжэўскага. Два яго сыны паляглі на фронце. У калгас ён вельмі не хацеў ісці, але ж выхаду не было. Галіна ж успамінае калгаснае жыццё з цеплынёй. Яна працавала ў паляводстве, малако збірала, а апошнім часам была сацработнікам. Муж зарабляў грошы на пілараме. Выгадавалі траіх дзяцей. Зараз ёсць ужо і праўнукі.
– Канечне, жылі бядней, чым зараз, але ж весела і радасна, – уздыхае Галіна Канстанцінаўна. – У нядзелю абавязкова наведвалі касцёл, дзе служба доўжылася да трох гадзін, потым адкрываўся клуб, дзе і гулялі, і танцавалі, а вечарам танцы па вёсках. Не ведалі, куды лепш пайсці. Зараз усё ёсць, як кажуць, і хлеб, і да хлеба, толькі сумна адной у хаце. Вялікі дзякуй уладзе, што не кідае такіх, як мы. Дарога ў вёску заўсёды своечасова расчышчаецца ад снегу, аўталаўка прывозіць любы тавар, які закажаш. Прадаўцы ў ёй усе, як на падбор, добразычлівыя і ўважлівыя. Ад суму ратуюць тэлевізар ды газеты. Раней на гэтыя заняткі часу не было, а зараз хоць пазычай яго каму. Сапраўды, у кожным узросце свая прывабнасць.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: гаспадыня з Ракітаўшчыны Галіна Вялікая.
Фота А. Варанковіча.

←Опубликовали бюджет столицы на 2019 год. С минчан планируют собрать 12,7 млн рублей штрафов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика