Зараз фільм дзякуючы інтэрнэту можна паглядзець практычна ў любым месцы. А нашы бацькі з задавальненнем успамінаюць той час, калі дзецьмі беглі ў мясцовы клуб у кіно. Гэта было сапраўднае свята, бо тады не існавала не тое што смартфонаў, тэлевізар не ў кожнай хаце быў. І калі надыходзіў час кіно, усе кідалі свае справы і спяшаліся перанесціся ў чароўны свет кінематографа.
Прафесія кінамеханіка лічылася ў вёсцы адной з самых паважаных. Адзін з іх – Рыгор Яфімавіч Грынюшка – некалькі дзесяцігоддзяў працаваў кінамеханікам у Цераблічах. Для жыхароў, асабліва для малых, ён быў ледзь не чараўніком. Але не такой ужо і лёгкай была праца кінамеханіка. Ён адказваў за якасць дэманстрацыі фільма, наладжваў, рэгуляваў, рамантаваў кінаапаратуру. У савецкія часы плёнка прыходзіла часткамі ў скрынках па дзесяць хвілін. Адна частка прайшла, трэба запускаць іншы апарат з новай бабінай, старую бабіну ў гэты час трэба было перамотваць назад і зараджаць ужо наступную. І так – пакуль не скончыцца фільм. Часу сядзець наогул не было.
А каб жыхары ведалі, што чакае іх у час сеанса, Рыгор Яфімавіч падпісваў і расклейваў афішы. Гэта таксама было неабходна, паколькі існавала кіно як для дзяцей, так і для дарослых. Сам жа ён і прадаваў білеты гледачам. Прыгадвае, як аднойчы пасля кіно поўны кошык яек назбіраў. Грошы не ў кожнага былі, а так хацелася трапіць у кіназалу! Добры душой, кінамеханік не мог адмовіць, прапускаў. Потым гэтыя яйкі здаваў у магазін, а выручаныя грошы ў бухгалтэрыю кінасеткі. Калі не хапала месцаў ці не было за што, людзі нават пад вокнамі стаялі. З заміраннем сэрца глядзелі за перажываннямі Аксінні ў эпапеі “Ціхі Дон”, плакалі, калі загінуў Смуглянка з ваеннага фільма “В бой идут одни “старики”, радаваліся шчасцю Нюры і Сашы з меладрамы “Три тополя на Плющихе”…
Тады папулярнымі былі савецкія стужкі, якія здымаліся на кінастудыях “Масфільм”, “Ленфільм”, імя Даўжэнкі. Дарэчы, многа цудоўных фільмаў падарыла і айчынная кінастудыя “Беларусьфільм”, якія складаюць залаты фонд савецкага кіно: “Белые росы”, “Приключения Буратино”, “Я родом из детства”, “Часы остановились в полночь” і многія іншыя. Паштоўкі з любімымі акцёрамі былі нагодай для гонару кожнага падлетка. Кумірамі былі знакамітыя савецкія артысты – Нона Мардзюкова, Эліна Быстрыцкая, Сяргей Бандарчук, Анатоль Папанаў, Алег Яфрэмаў, Вячаслаў Ціханаў, Міхаіл Ульянаў. Ну і як жа без індыйскага кіно? Каляровыя, з танцамі і песнямі, індыйскія фільмы зачароўвалі людзей. Многія зараз адчуваюць прыемную настальгію, калі ўспомняць стужкі “Любовь матери”, “Любовь в Симле”, “Ты – моя жизнь”, “Цветок в пыли” і іншыя.
Рыгор Яфімавіч успамінае, як скрынкі з фільмамі цягаў на сваіх плячах і ў спёку, і ў холад. Якая б дома справа ні была, трэба было паспець. Рабіў гэта не для асабістай выгады, а дзеля агульнай радасці сваіх аднавяскоўцаў. Разумеў, што людзям трэба кіно. Забіраў кінастужкі з Альгомеля, Кароціч, Аздаміч. Дарог не было – калі на веласіпедзе, а калі і пешшу ў рыбацкіх ботах па бездарожжы. Але яму звыкаць не даводзілася. Бо сам нарадзіўся на Мярлінскіх хутарах. Дзяцінства прайшло сярод лясоў і балот. Спачатку сям’я пераехала ў Аздамічы, а ўжо потым Рыгор Яфімавіч асеў у Цераблічах.
Колькі ён пераглядзеў фільмаў за сваю дзейнасць, нават сам прыгадаць не можа. За сваю бездакорную работу Рыгор Яфімавіч неаднойчы станавіўся лепшым кінамеханікам у раёне. Кіраўніцтва Столінскай кінасеткі заўжды ведала, што ён кінамеханік з душой і сваю работу любіць. Таму яшчэ пасля выхаду на заслужаны адпачынак некалькі гадоў працаваў, пакуль дазваляла здароўе. А яшчэ кіно дапамагло Рыгору Яфімавічу … стварыць сям’ю. Будучая жонка Надзея была яго памочнікам, а потым стала і жонкай, з якой пражыў 46 гадоў. На жаль, восем гадоў таму пайшла з жыцця яго другая палова, але і дагэтуль у памяці тыя моманты, як разам спяшаліся у клуб, як абмяркоўвалі фільмы ў час сустрэч, як будавалі дом, як радаваліся нараджэнню дзяцей. Зараз у Цераблічах жывуць сыны Рыгор і Анатоль і дачка Вольга. Марыя ў Салігорску, а Міхаіл і Генадзь у Століне. Мае 14 унукаў, растуць дзве праўнучкі.
Гады бяруць сваё. Рыгор Яфімавіч усё часцей скардзіцца на здароўе: ногі не слухаюцца і памяць, бывае, падводзіць. Днямі яму споўнілася 80 гадоў, з чым мы яго шчыра віншуем. Упэўнена, далучацца да віншаванняў і тыя жыхары, якія калісьці спяшаліся ў клуб у кіно. Кіно, якое дэманстраваў малады кінамеханік Рыгор.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара