170 лет истории Свислочской школы

Источник материала:  

«Школа святкуе» — 20 гадоў таму пад такой назвай у “раёнцы” быў апублікаваны цэлы цыкл матэрыялаў аўтарства тагачаснага кіраўніка краязнаўчага гуртка Iрыны Цімошчанка, прысвечаных 150-годдзю Свіслацкай сярэдняй школы. Сёння з нагоды чарговай круглай даты ўспамінаем асноўныя даты гісторыі навучальнай установы.

170 лет истории Свислочской школы

Часам заснавання трэба лічыць 1848 год, калі землеўладальнік пан Незабытоўскі на ўласныя грошы стварыў малое народнае вучылішча, дзе працавала 2 настаўнікі і атрымлівала веды 10 дзяцей. Праз 2 гады яго рэфармавалі ў аднакласную прыходскую школу, і асноўнай задачай стала выхаванне ў праваслаўнай веры. Аднак у 1862 годзе вярнуўся былы статус. Мовай навучання стала руская, з’явілася класна-паўрочная сістэма. Адзіным храмам ведаў вучылішча было нядоўга: па ініцыятыве яўрэйскай часткі насельніцтва вёскі адчынілася яўрэйская школа. Паступова вучняў большала. Прыватныя хаты ўжо не маглі змясціць усіх жадаючых, і земства пабудавала асобны дом у чатыры аддзяленні. Заняткі там пачаліся ў 1899 годзе.

Яшчэ адно абнаўленне адбылося ў 1908 годзе: свіслачане ўласнымі сіламі ўзвялі новае збудаванне. Колькасць вучняў павялічылася, з’явіліся старшыя класы.

Трэба сказаць, парадкі ў той час былі строгія. За дрэнныя паводзіны, спазненне, нявыкананае хатняе заданне каралі лінейкай альбо ставілі ў кут. Да вінаватага вучня падыходзіў настаўнік і камандаваў: “Лапу!” Школьнік павінен працягнуць левую руку далонню ўверх, каб атрымаць даволі моцны ўдар. Часцей білі падлеткаў 3-4 гадоў навучання, меншых цягалі за вушы і валасы. У вугал ставілі на калені, часта на грэцкія крупы ці жарству — дробна патоўчаны камень. Вышэйшая мера пакарання — выключэнне са школы.

З 1915 года ў Свіслачы зноўку паралельна працавалі гімназія і пачатковыя класы, а ў 1917 годзе ўстанова стала Вышэйшым пачатковым вучылішчам, куды прымалі па экзамене. Праз 3 гады пераўтварылася ў школу 2 ступені — яе заканчэнне давала права на паступленне ў ВНУ. З 1922 года стала сямігодкай.

У 1923 годзе школу скончылі 25 вучняў не толькі са Свіслачы і Свіслацкай воласці, але і вёсак Iгуменскага і Бабруйскага паветаў. Такім чынам, радыус ахопу быў амаль роўны сучаснаму Асіповіцкаму раёну.

Напачатку 30-х гадоў у краіне ўводзіцца абавязковае пачатковае навучанне. Прыйшлі новыя дзеці, у тым ліку выхаванцы адкрытага ў 1935 годзе дзіцячага дома. Каб змясціць усіх, у 1940-м да асноўнага будынка сямігодкі прыбудоўваецца 6 класных пакояў. Падчас вайны школа працягвала працаваць. Пасля была адноўлена як сямігадовая, а ў 1954-м стала сярэдняй.

Сучасны будынак эксплуатуецца з 1971 года. У той час калектывам кіраваў Аляксандр Ануфрыевіч Цімошчанка. Самаадданасць справе і талент кіраўніка дапамаглі школе “загучаць” на мностве мерапрыемстваў. З таго часу змянілася 5 дырэктараў, зараз установу ўзначальвае Антаніна Віктараўна Фралова.

Свіслацкая школа адкрыла шлях у будучыню мноству выпускнікоў. Сярод іх — браты Кернажыцкія: старэйшы Аляксандр цяпер працуе намеснікам начальніка Дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Пастаяннага Ка-мітэта Саюзнай дзяржавы, Уладзімір — ваенны, прайшоў Афганістан, жыве ў Маскве, Валянцін — кіраўнік спраў Адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы, малодшы Мікалай — дыпламат, працуе ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Пачынаючы з 2000 года выпускнікамі сталі больш за 200 вучняў. Каля 80 чалавек атрымалі педагагічную адукацыю, трое — Уладзімір Сакаў, Ганна Пінчук, Кацярына Цімафеева — вярнуліся ў родныя сцены.

— Школа сёння — гэта  28 настаўнікаў і 82 вучні, — паведамляе Антаніна Віктараўна. — У нас створана спрыяльнае асяроддзе для фарміравання і развіцця асобы. Дадзены факт пацвярджаюць перамогі ў розных конкурсах, алімпіядах і спаборніцтвах, высокі ўзровень даследчай работы, да якой далучаюць з першага класа. У сёлетнім раённым спаборніцтве ў намінацыі “Дзіцячая творчасць” па выніках 9 месяцаў занялі 4 месца.

Невялікая колькасць вучняў дазваляе педагогам выкарыстоўваюць асобасна-арыентаваны падыход у навучанні, разнастайныя прыёмы і метады для забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу. Таксама існуюць умовы для падтрымкі здольных і адораных дзяцей, іх самарэалізацыі, развіцця.

Асобая ўвага надаецца развіццю школьнага краязнаўчага музея, створанага ў 1998 годзе дзякуючы намаганням Аляксандра і Iрыны Цімошчанкаў. Сённяшні кіраўнік музея настаўнік гісторыі Аляксей Цвыр таксама можа шмат чаго паведаць аб жыцці вёскі ў розныя гістарычныя перыяды. Шляхам інтэграцыі сучасных тэхналогій Аляксей Сяргеевіч імкнецца далучыць хлопчыкаў і дзяўчынак да багатай гістарычнай спадчыны малой радзімы, стварае відэаролікі аб знакамітых людзях нашай мясцовасці.

Замест эпілога

Бацькі не ведалі, як знайсці для сына лепшую школу. I яны даручылі гэтую справу старэйшаму ў сям’і.

Убачыўшы якую-небудзь школу, дзядуля заходзіў у двор і чакаў перапынку, каб пагаварыць з вучнямі. Але, згледзеўшы старога ў старамоднай вопратцы, дзеці пачыналі скакаць вакол яго і строіць грымасы.

— Які смешны стары, — крычалі адны.

— Гэй, маленькі таўстун, — крычалі іншыя.

У школе былі і другія дзеці, якія бегалі і весяліліся, не звяртаючы ўвагі на дзіўнага госця, які спрабаваў распытаць іх пра ўрокі і настаўнікаў.

Дзядуля паварочваўся і моўчкі сыходзіў.

Нарэшце ён увайшоў у дворык маленькай школы і стомлена прыхінуўся да агароджы. Зазвінеў званок, і дзеці высыпалі на двор.

— Добры дзень, дзядуля! Можа, Вам прынесці вады? — пачуліся галасы з аднаго боку.

— У нашым двары ёсць лаўка, хочаце сесці і адпачыць? — прапанавалі з другога.

— Можа, Вам паклікаць настаўніка? — спыталі дзеці і, убачыўшы ківок, пабеглі ў школу.

Калі выйшаў настаўнік, дзядуля павітаўся і сказаў:

— Я нарэшце знайшоў лепшую школу для майго ўнука.

— Вы памыляецеся, наша школа нічым не адрозніваецца ад іншых. Толькі маленькая і цесная…

Вечарам мама хлопчыка спытала дзеда:

— Бацька, Вы ўпэўнены, што не памыліліся з выбарам школы? Чаму думаеце, што знайшлі лепшую?

— Па вучням спазнаюць настаўнікаў, — адказаў стары.

Выкарыстана інфармацыя з архіва Свіслацкай СШ.

←Как жили супруги Кузьменковы в далекой БССР и что тревожит их души сегодня – мы узнали на встрече с нашими героями

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика