Феномен футбольнай каманды «Новая Прыпяць»

Источник материала:  

 

Феномен футбольнай каманды  «Новая Прыпяць»
Тыя, хто цікавіцца футболам у нашым раёне, заўважаюць дасягненні футбольнай каманды “Новая Прыпяць”. Амаль штогод яна становіцца калі не пераможцай, то прызёрам раённага чэмпіянату. У 2009 і 2016 гадах ФК “Новая Прыпяць” стала лепшай камандай рэспублікі сярод сельскіх аматарскіх каманд.

Летам гэтага года аграгарадок Альшаны наведалі футбалісты бабруйскай “Белшыны”, якія сталі сапернікамі нашай каманды ў розыгрышы Кубка Беларусі. Праўда, тады сенсацыі не адбылося, і мясцовыя аматары футбола прайгралі з вялікім лікам. Але тое, што ў Альшаны прыехала каманда такога высокага ўзроўню, можна ўжо назваць вялікім дасягненнем.

У кастрычніку футбольны клуб “Новая Прыпяць” стаў чэмпіёнам вобласці. Каб ажыццявіць гэтую мэту, ім трэба было набраць ачкі ў 13 гульнях, з чым яны паспяхова справіліся. І гэта аматары, якія футболам займаюцца ў вольны ад работы час. Трэнер Міхаіл Паўлавіч Грыб, які з’яўляецца інструктарам па спорце ААТ “Новая Прыпяць” і яшчэ працуе вадзіцелем у гаспадарцы. А яшчэ гэты чалавек  займаецца футболам столькі, колькі сябе памятае, таму і зараз у свае 49 гадоў выступае за каманду на турнірах. Аб сустрэчы з Міхаілам Паўлавічам  мы дамовіліся падчас трэніроўкі ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе мясцовай сярэдняй школы № 2, дзе ўдзельнікі каманды збіраюцца тры разы на тыдзень. Зараз ідзе чэмпіянат раёна па міні-футболе, таму важна не разгубіць навыкі.

– Футбольная каманда “Новая Прыпяць” – доказ таго, што немагчымае – магчыма. Яна неаднаразова станавілася сенсацыяй, калі абыгрывала прафесійныя каманды. У чым заключаецца феномен каманды? 

– У Альшанах футбол –  любімы від спорту. Тут ім жывуць, аб чым сведчаць запоўненыя трыбуны ў час матчаў. Але як людзі практычныя альшанцы разумеюць, што футболам сыты не будзеш.  Таму ўсе нашы ігракі займаюцца сваімі гаспадаркамі, а на стадыён ідуць толькі тады, калі дазваляе час.

– Тады ў чым сакрэт?

– У жаданні перамагчы. Мы і ў Пінск, дзе праходзіў фінал чэмпіянату вобласці, ехалі толькі для перамогі. Думаю, прычына ў тым, што альшанцы – максімалісты па жыцці. Калі дом будаваць – то дыхтоўны катэдж, калі машына – то адна з самых дарагіх, калі гуляць – то толькі перамагаць. Гэта закладзена ў генах.

Знаёмлюся з удзельнікамі каманды. Ужо на працягу 15 гадоў гуляе за каманду Максім Сыса, які завітаў на трэніроўку. Футболам пачаў займацца ў дзяцінстве і зараз прымае ўдзел ва ўсіх гульнях.

– Чым займаешся ў жыцці?

– Як і большасць у Альшанах – трымаю парнікі, – адказвае Максім. – Пасля школы скончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Століне,  але адразу наладзіў свой агурочны бізнес.

– Ці не з’яўлялася жаданне заняцца спортам на прафесійным узроўні?

– Калі быў меншы – думаў, але трэба глядзець праўдзе ў вочы. Не ўсе, хто любіць футбол, становяцца прафесійнымі ігракамі з высокімі зарплатамі. Найперш чалавек павінен цвёрда стаяць на нагах.

– Доўга яшчэ плануеш гуляць?

– Праз год мне будзе 30 гадоў, таму трэба ўжо заканчваць сваю футбольную  кар’еру, – смяецца Максім. – Канешне, за столькі гадоў звык ужо, ды і мая дзяўчына гэтую гульню палюбіла. У любым выпадку футболу я буду ўдзячны.

Ёсць у камандзе юнак, якому ўжо два разы прапаноўвалі выступаць за брэсцкае “Дынама”. Гэта 21-гадовы Рома Лемяза, які з’яўляецца адным з ключавых ігракоў. Першы раз яго заўважылі, калі ён выступаў у Пінску на турніры “Залаты колас”. Той жа трэнер потым яго запрашаў зноў.

– Упэўнена, зараз ва ўсіх нашых чытачоў  узнікла пытанне: чаму ты не згадзіўся?

– Не пусцілі бацькі, – шчыра прызнаецца хлопец. –  Я толькі  пасля школы, не хапіла ўпэўненасці.

– Не шкадуеш зараз?

– Шкадую, але час страчаны. Напэўна, каб зараз была тая магчымасць, то рызыкнуў бы.

Рома – старэйшы з шасцярых дзяцей у сям’і. Дапамагае бацькам, якія трымаюць 65 сотак парніка. Але футбол не пакідае. Дарэчы, з ім на поле выходзіць і яго малодшы на год брат Ігар. Калі гаварыць пра іншых удзельнікаў каманды, якія сталі пераможцамі чэмпіянату вобласці,  то яны таксама ўсе з’яўляюцца аматарамі футбола з дзяцінства. Гэта Міхаіл Рудзяк і яго дваюрадны брат і цёзка Міхаіл Рудзяк, браты Аляксей і Раман Чынікайлы, Міхаіл Андрусевіч, Мікалай Чынікайла, Мікалай Германовіч, Сяргей Чынікайла, варатары Іван Ярмоліч і адзінаццацікласнік Рыгор Тарасевіч. Перадаюць свой вопыт маладому пакаленню Сяргей Чынікайла і нязменны на працягу многіх гадоў капітан каманды Мікалай Сімановіч.

А вось самы малодшы ўдзельнік каманды дзевяцікласнік Юрый Колбік марыць сваё жыццё звязаць з футболам на прафесійным узроўні. Хоча выступаць за БАТЭ, за гульнямі якога пастаянна сочыць. Ёсць і кумір – паўабаронца гэтай каманды Ігар Стасевіч. Юрый сам робіць крокі ў дасягненні сваёй мэты і нават ездзіў на прагляд у мінскае “Дынама”. Пакуль адмовілі, але хлопец надзеі не губляе.

– Увогуле, жадаючых займацца футболам у нас вельмі многа, – дадае Міхаіл Грыб. – Вучні пачатковых класаў прыходзяць, каб паглядзець трэніроўкі. І калі ў нас з’явіцца прафесійны трэнер, то перамог стане намнога больш.

– Значыць, трэба чакаць новых перамог ад каманды “Новая Прыпяць”?

– І не сумнявайцеся.

А ў пацвярджэнне таму той факт, што ў сярэдняй школе № 1 аг. Альшаны са жніўня 2018 года  быў створаны “Мой школьны спартыўны клуб”, якія фінансуецца Беларускай федэрацыяй футбола. Падаў заяўку  дырэктар школы Міхаіл Ільіч Лемяза. На заняткі, якія вядзе настаўнік фізічнага выхавання Уладзімір Міхайлавіч Шамрыла, прыходзіць больш за 30 вучняў 5-11 класаў. У будучыні плануецца стварыць каманду і падаць заяўку на турнір “Скураны мяч”, у якім прымалі ўдзел многія знакамітыя футбалісты.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота  аўтара

←Вынесен приговор обвиняемому в порче более 2-х десятков авто

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика