Наша гаспадарка – гэта адна сям’я

Источник материала:  

 

Наша гаспадарка –  гэта адна сям’я
Сустрэцца з Ганнай Майсееўнай Серадзіной – галоўным заатэхнікам ААТ “Кароцічы” – у нас атрымалася не адразу. Жанчына надта занятая, таму ўвесь яе дзень распісаны па хвілінах. Але ў мяне быў значны аргумент для сустрэчы: расказаць на старонках газеты пра работніка, які атрымаў Пісьмо падзякі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Адданасць сваёй справе перадалася жанчыне ў спадчыну. Яе маці, Настасся Цітаўна – ветэран працы,  усё жыццё працавала ў калгасе “Дружба”. Спачатку была свінаркай, а калі фермы не стала, перайшла ў паляводы. Запрашалася на выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі ў сталіцу СССР, была раённым і абласным дэпутатам. Працавітая і адказная, Настасся Цітаўна і сваіх траіх дзяцей навучыла: калі працаваць – то нібы для сябе. Днямі ёй споўнілася 89 гадоў, але яна і зараз захавала любоў да жыцця, заўсёды цікавіцца вясковымі навінамі.

Бацька гераіні – Майсей Майсеевіч – каваль ад Бога. Пра яго залатыя рукі легенды па вёсцы хадзілі, маўляў, што захочаш – выкуе. Нават чарга была, бо ведалі, што робіць не толькі прыгожа, але і вельмі якасна. Шкада толькі, што памёр рана – у 50 гадоў.

Ганна Майсееўна якраз тады прыехала ў вёску працаваць пасля заканчэння Ваўкавыскага саўгас-тэхнікума, дзе вучылася на зааінжынера.

З дзяцінства дапамагала маці на ферме. А ў дзявятым класе ўсё лета даглядала цялят. Яна ведала калектыў, у якім вясёлая Ганначка заўсёды была любіміцай.

Палюбілі яе і ў тэхнікуме, таму назначылі камсоргам. Вучылася на выдатна і была ленінскім стыпендыятам. Адразу пасля заканчэння тэхнікума была залічана на трэці курс  Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Ганна не толькі сумяшчала работу і вучобу, а і асабістае жыццё. Маладая лабарантка спадабалася вадзіцелю малакавоза Васілю з Талмачава.

У ліпені 1987 года стварылася маладая сям’я. Нарадзіліся дзеці. Разам з мужам пачалі будаваць свой дом. Усё разам. Як дома, так і на рабоце. Ганна працягвала працаваць, была загадчыцай фермы, а з 1998 года з’яўляецца галоўным заатэхнікам ААТ “Кароцічы”. Муж таксама на досвітку ўстае, працуе на ферме на кормараздатчыку.

Гаспадарка ААТ “Кароцічы” – не малая, работы хапае. Кожны дзень Ганна Майсееўна курсіруе паміж фермамі, каб на свае вочы бачыць, як ідуць справы. На ферме “Нерх” жывёла знаходзіцца на адкормліванні. Дагадоўля статка адбываецца на ферме “Кострыцкае”, дзе на наступны год плануецца рэканструкцыя двух цялятнікаў. Дояцца каровы на малочнатаварнай ферме “Луткі” і комплексе “Збішча”. Дарэчы, апошні па выніках года знаходзіўся ў тройцы лідараў.

– Паколькі дастаткова працую, то магу дакладна сказаць, што наша гаспадарка – гэта адна вялікая і дружная сям’я. Менавіта таму і сталі магчымыя такія дасягненні. Надой залежыць ад кармоў, а кармы – ад работы агранома і механізатараў. Ад іх жа залежыць, наколькі якасна будзе ісці ўборка. Гэты ланцуг абавязкова павінен быць трывалым, бо калі хоць адно звяно разарвецца, усе намаганні пойдуць пад адхон.   І добра, што мае калегі такога ж меркавання.

Дзеці – Вольга і Аляксей з сем’ямі – часта прызджаюць у бацькоўскі дом, чаму невыказна рада Ганна Майсееўна. Збяруцца яны і ў нядзелю, калі гаспадыня будзе адзначаць дзень нара-джэння.

– У мяне век поўная хата. Як збяруцца мае ўсе і сястра з братам і іх дзеці, то бывае, чалавек пад трыццаць. І ведаеце, нават, нягледзячы на гоман, я ў гэты момант адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Калі дома ўсё ў парадку, то і на рабоце нішто не адцягвае ўвагі.

У вольны час Ганна Майсееўна любіць пачытаць. А яшчэ яе любімым заняткам з’яўляецца гульня ў шахматы, якую яна ўдасканаліла да таго, што стала пераможцай раённых спаборніцтваў “Вертыкаль” у гэтым годзе. Але галоўная яе перамога – любячая сям’я і работа, якая прыносіць задавальненне.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

←Феномен футбольнай каманды «Новая Прыпяць»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика