Беларусы ў дождж чыталі вершы ў Курапатах: "Хачу ведаць, дзе пахаваны прадзед, помсціць не збіраюся"

Источник материала:  
30.10.2018 12:06 — Новости Общества

«У каляндары толькі дні, але ў беларускім календары ёсць і ноч — ноч растраляных паэтаў», — сказаў гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў учора вечарам ва ўрочышчы Курапаты. Нягледзячы на дождж і вецер, на ўскрайку Мінска сабраліся больш за сто чалавек — людзі чыталі і слухалі вершы беларускіх літаратараў, якіх расстралялі ў такую ж ноч — з 29 на 30 кастрычніка. 1937 года. TUT.BY спытаў беларусаў, чаму асабіста яны прыйшлі гэтым восеньскім вечарам на месца жалобы.


Ноч памяці каля перахода

— Паненкі, хавайцеся ад дажджу ў пераход, — звяртаецца да дзяўчын адзін з арганізатараў жалобнага мерапрыемства ў Курапатах Зміцер Дашкевіч.

Але ўсе ў пераходзе ўжо даўно не памяшчаюцца — большасць стаіць пад адкрытым небам.

Ноч растраляных паэтаў ў гэтым годзе зладзілі менавіта тут, на пляцоўцы каля падземнага перахода пад МКАД, з боку урочышча Курапаты. На узгорку, где звычайна адбываюцца жалобныя мерапрыемствы, пакуль не збярэшся — улады рыхтуюцца ўсталяваць там помнік. Добра, што ёсць хаця б такі дах — арганізатары здолелi прыхаваць ад дажджу калонкі, таму гук добры.


Жалобныя чытанні ў Курапатах прысвечаны падзеям 1937 года — тады, уночы з 29 на 30 кастрычніка, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР — літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы. Вось толькі некаторыя імёны забітых літаратараў: Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Масей Кульбак, Юрка Лявонны.


Беларускія культурныя дзеячы 29 кастрычніка 2018 года пачалі чытаць творы растраляных паэтаў і пісьменнікаў, а восьмай гадзіне вечара, а скончылі праз некалькі гадзін.

Алег Трусаў, ганаровы старшыня «Таварыства беларускай мовы», трымае ў руках кніжку з вершамі рэпрэсаванага паэта Юлія Таўбіна — іх будзе сёння чытаць. Трусаў прыгадвае, што ў 1990-х — пачатку 2000-х вадзіў у Курапаты «натоўпы людзей».


Ганаровы старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў

— Я самы курапатскі дэпутат з усіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета XII склікання, бо мая акруга — вуліца Мірашнічэнкі. А вадзілі мы людзей у Курапаты ад Чырвонага касцёла. Пакуль я быў малады і здаровы, то быў наперадзе.

— І што казалі людзі з тых натоўпаў, чаму хадзілі сюды?

— Што ходзяць, каб людзі не забылі іх продкаў - забітых, пахаваных тут.

У сям'і Алега Трусава ёсць свой рэпрэсаваны.

— Гэта быў камуніст, матрос, другі муж маёй бабулі, які ствараў калгас разам з ёй. Яго, беларуса, паставілі начальнікам на Далёкім Усходзе, недзе пад Хабараўскам. Потым яго за добрую службу там і растралялі. Яму было каля трыццаці год, — распавядае асабістую гісторыю ганаровы кіраўнік ТБМ.


Літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута. У яго таксама ёсць рэпрэсаваныя продкі

Мінчукі: «Узялі з сабой сына, каб ведаў гісторыю»

Зміцер Дашкевіч зачытвае з ліста імёны беларускіх літаратараў, якіх рэпрэсавалі ў сталінскія часы. Забівалі не толькі ў 1937-м, таму даты смерці розныя — хтосьці быў закатаваны яшчэ ў 1920-я, хтосьці - ў 1940-я. Пасля кожнага імені арганізатары б’юць у звон, які знаходзіцца тут жа.

Сярод удзельнікаў памятнага вечара ёсць дзеці. Юры і Таццяна прывялі на Курапаты сына Міраслава. Хлопчык пытацца, што адбылося з людзьмі, пра каторых усе гавораць. Бацькі тлумачаць.


Жыхары Мінска Юры, Таццяна і Міраслаў

— Узялі з сабой, каб ведаў гісторыю, ведаў, што было, — распавядаюць яны журналісту TUT.BY. Сярод продкаў гэтай сям'і рэпрэсаваных не было.

— Але ёсць-няма… Калі людзей забіваюць і кідаюць у ямы, як смецце — кранае вельмі моцна гэта. Растрэлы, забойствы — гэта недапушчальная падзея. Такое ні забываць ні дараваць нельга, — тлумачыць Юрый.


Філолаг у адстаўцы — так называе сябе яшчэ адзін прысутны, Сяргей Скурат. Зараз мужчына літаратурай не займаецца, а калісьці яе выкладаў у Ліцэі пры БДУ. У Курапатах бывае не менш чым раз на год. У мінулым годзе ўдзельнічаў у варце супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру.

— Збольшага я ведаю творчасць забітых людзей. Ведаю, як скончыўся іх лёс і лёс нашага нармальнага літаратурнага культурнага працэса. Для мяне прыйсці сюды на Дзяды — гэта павага да іх. Трэба прыходзіць сюды і таму, што не адбылося сапраўднага пакаяння перад гэтымі людзьмі, дык хаця б такім чынам мы адплачваем свой доўг, — распавядае Сяргей Скурат.


Мінчук Сяргей Скурат

Культуролаг Юлія Чарняўская стаіць пад дажджом з непакрытай галавой, але супакойвае, што не змерзла. Яна толькі што прачытала вершы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Уладзіміра Жылкі і Мойшы Кульбака. Культуролаг распавядае, што яе ў Курапаты прывяло балючае пытанне.

— У маёй сям'і шмат хто загінуў на вайне, але ўсе пазбеглі рэпрэсіяў. Але ў мяне ёсць балючая кропка ў жыцці. Яшчэ ў маім савецкім дзяцінстве і юнацтве я не разумела, чаму тое, што адбывалася, старана скрываюць. Чаму літаратура гэтая забароненая? Бо ж, здаецца, быў даклад Хрушчова (пра культ асобы Сталіна. — Заўв. TUT.BY), ўсё было. Чаму Сталін ізноў з’явіўся ў кіно — і ён такі мудры, такі прыгожы? І калі пачалася перастройка, было такое адчуванне: нарэшце, нарэшце сказалі! А цяпер я бачу, што разгортваюць сцяг з партрэтам Сталіна на прыступках філармоніі, і мне ад гэтага не па сабе. Я не хачу, каб гэтых ахвяраў забылі - таму я сюды прыйшла.


Культуролаг Юлія Чарняўская

Праўнук рэпрэсаванага: «Хачу ведаць, дзе пахаваны прадзед»

Людзі слухаюць вершы і трымаюць свечкі. Сярод іх Зміцер Завадскі, прадпрымальнік з Мінска. Ён распавядае, што недзе, а можа быць, нават на Курапатах, пахаваны яго прадзед.

— Я адчуваю моцную лучнасць з людзьмі, якія тут. Мне вельмі блізкая беларуская культура і той моцны ўдар, які быў зроблены нашай інтэлігэнцыі ў гэтую ноч, — ўсё вельмі балюча ўелася ў сэрца.

Прадзеда звалі Ціхан Сызнавец. Па звестках спецслужбаў, ён быў рэпрэсаваны і быццам бы памёр у ссылцы. Але ці праўда гэта — сям’я рэпрэсаванага не ведае.


Зміцер Завадскі распавядае, што асабіста ў апошнія гады не рабіў запытаў у КДБ наконт лесу продка.

— Апошні раз нашая сям’я рабіла такі запыт, а пачатку 1990-х, але тады нам сказалі толькі імёны людзей, па віне якіх прадзеда арыштавалі. Але ж гэтая інфармацыя для нас не вельмі важная, бо мы не жадаем помсты. Разам з тым мы хацелі б ведаць усе абставіны яго смерці і хацелі б, каб усе гэтыя рэпрэсіі былі асуджаны, у тым ліку нашай дзяржавай.


Артыстка Наста Шпакоўская спела ў Курапатах некалькі песень, у тым ліку на вершы рэпрэсаваных пісьменнікаў. На пытанне, як яно пяецца — ў холадзе, Наста ўсміхаецца.

— Добра. Адзеліся і пайшлі. Мы ўжо выступалі ў мінулым годзе на курапатскай варце і тады было халадней.

Педагог, пісьменніца і блогер Ганна Севярынец распавядае, што літаратараў, якія, магчыма, ляжаць у Курапатах, лічыць роднымі людзьмі. Яна чытае ў Ноч растраляных паэтаў творы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Уладзіміра Дубоўкі.


Педагог, пісьменніца і блогер Ганна Севярынец

— Яны адкрываюць для мяне Беларусь, літаратуру. Як я хаджу на магілы да сваёй бабулі - так прыйшла сёння для іх. Рэпрэсаваныя былі і ў маёй сям'і былі. Прабабулю з трыма дзецьмі, сярод якіх была і мая бабуля, вывезлі ў Сібір як жонку ворага народа. Гэта было ў 1941 годзе, калі высялялі з заходніх зямель так званых палякаў. Толькі праз дзесяць год яна атрымала магчымасць вярнуцца.

Напрыканцы размовы да Севярынец падыходзіць сябра з сацсеткі:

— Ну нарэшце развіртуалізаваліся, Ганна! Прыемна пабачыцца!

Уладзімір Арлоў: «Людзей стала больш»

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў стаіць пад парасонам. Удзень 29 кастрычніка ён паспеў пабываць на Заходніх могілках — там усталявалі помнік Леаніду Маракову, вядомаму даследчыку рэпрэсій, які нядаўна памёр. Грошы збірала ўдзячная грамадзкасць.


Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў

— Ён адзін працаваў як інстытут памяці, вярнуў больш за 20 тысяч імёнаў нашай гісторыі. А натхніў Леаніда на гэты подвіг яго дзядзька, Валер Маракоў, якога растралялі гэтай ноччу, 29 кастрычніка, у 1937 годзе. Я прачытаў сёння верш Валерыя Маракова — «Заяц», у якім бачна, што чалавек прадчуваў сваю смерць, — распавядае пісьменнік.

Уладзімір Арлоў адзін з тых, хто выступаў ў Курапатах на самых першых агульнанацыянальных Дзядах — 29 кастрычніка 1988 года. Ён прыгадвае жорсткі разгон, які адбыўся тады на ўскрайку сталіцы.

— Дзясяткі тысяч людзей сабраліся з Мінска, прыехалі з розных куткоў Беларусі, але нас сустрэлі аўтазакі, дубінкі, слезацечны газ. Некалькім тысячам удалося вырвацца адтуль, з атачэння і мы рушылі ў бок Курапатаў і правялі свой мітынг у полі. Тады, 29 кастрычніка 1988 года, пачыналася нашая найноўшая гісторыя, — распавядае Ўладзімір Арлоў. — Тады ўпершыню ў Курапатах быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, які стаў выклікам для войскаў. Пачулася каманда «Рассякай!», і нас пачалі малаціць. Але мы вярталіся іншымі з таго мітынгу. Журналісты тады часта пісалі словы, што ў Курапаты ішло насельніцтва, а вяртаўся — народ. Гэта, канешне, была мастацкая гіпербала, перабольшванне, бо яшчэ дагэтуль мы не прайшлі свайго шляху да народа.

Уладзімір Арлоў чытаў вершы ў Курапатах і ў 2017. Ён адглядае людзей, якія прыйшлі ў гэтым годзе.

— Людзей стала больш.


←В гродненском микрорайоне Ольшанка поставили киоск с пиротехникой. Дети балуются, взрослые негодуют

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика