Юнацтва маё камсамольскае
Злёты, агляды-конкурсы розных напрамкаў, фестывалі творчасці, акцыі сёння неад’емная частка жыцця тых, хто жыве актыўна, цікава і творча. Суботнікі, шэфская дапамога сельгаспрадпрыемствам аб’ядноўваюць і згуртоўваюць цяпер людзей розных узростаў і прафесій. Лагеры працы і адпачынку для непаўналетніх праваахоўнікаў, замацаванне шэфаў за праблемнымі падлеткамі – скажаце, што гэта тэндэнцыя нашага часу? Памыляецеся, усе гэтыя з’явы маюць прыстойны ўзрост.
Векавую гісторыю адзначае цяпер вялікая ідэя стварэння сумленнага і працавітага грамадства з моладзі, аб’яднанай Усесаюзным ленінскім камуністычным саюзам моладзі. Ты – камсамолец, значыць, ты абраны стварыць той свет, у якім марылі жыць многія пакаленні. І яны стваралі. Уставалі першымі на барацьбу са злачыннасцю, неадукаванасцю, прыйшоў час, першымі ішлі ў бой. Асвойвалі Поўнач, працавалі на будоўлях, ехалі па камсамольскіх пуцёўках туды, дзе нягоды і холад, спякота і небяспека. У кожнага быў свой горад-сад: у адных Камсамольск-на-Амуры, у іншых – алея ў гонар герояў вайны і працы. І нам толькі застаецца зайздросціць ім, апантаным у ідэях, імклівым у планах, адказным у справах.
Сёння мы віншуем усіх тых, хто некалі з трапятаннем у сэрцы, вытрымаўшы экзамен на вартасць, прышпіліў да грудзей свой камсамольскі значок і з гонарам нёс імя камсамольца праз гады. Выказваем словы ўдзячнасці тым, хто быў тварам гэтай усесаюзнай арганізацыі ў нашым раёне – бездакорным, інтэлігентным, сумленным супрацоўнікам райкама камсамола. І дзякуем за традыцыі, якіх не можа знішчыць ні час, ні людзі, ні падзеі.
Імклівае дзесяцігоддзе
Для Галіны Мяшковай камсамол стаў прафесіяй яшчэ да таго, як яна атрымала атэстат сталасці. Старэйшая з шасці сясцёр, яна ведала кошт бохана хлеба і скрынкі малака. Бацька сказаў: “Прафесію ў кішэні не насіць”. І дзяўчына яшчэ ў дзясятым класе скончыла курсы машыністак. Як лепшая з выпускніц класа ДТСААФ была запрошана на летніх канікулах папрацаваць у рэдакцыю раёнкі. А перад вераснем адказны сакратар рэдакцыі Эця Шыфман і першы сакратар райкама камсамола Нэля Кавалёва ўгаварылі будучую выпускніцу перайсці ў вячэрнюю школу. Наступны год Галіна Сяргееўна працавала сакратаром-машыністкай у райкаме і вучылася. Выдатна скончыўшы школу, паступіла ў Гомельскі педуніверсітэт.
Ужо наступны першы сакратар райкама камсамола Валянцін Мазай прапанаваў заняць пасаду інструктара школьнага аддзела. Даводзілася многа ездзіць па раёне, праводзіць справаздачныя сходы. А калі нарадзіўся сын, перайшла на пасаду загадчыка сектара ўліку і фінансаў.
– Камсамольцамі тады былі тысячы жыхароў раёна, – расказвае жанчына. – Гэта было прэстыжна. Некаторыя нават прыбаўлялі сабе ўзрост, каб атрымаць з рук першага сакратара жаданы значок і камсамольскі білет. Працы ў райкаме было многа. Нас заўсёды было не менш 10 чалавек. Нам усё было цікава, мы былі ў першых радах у любых справах: на суботніках, сельгасработах, на ачыстцы лесу. Дружна працавалі, гэтак жа весела адпачывалі. Потым, стварыўшы сем’і, далучалі да ўсякіх спраў мужоў і жонак. Маленькага сына Сашу часта брала з сабою і ён марыў, што калі падрасце, будзе шафёрам і стане вазіць першага сакратара Пятра Бязлепкіна. Такім было яго ўяўленне даросласці.
Многія нашы калегі прымалі цікавыя прапановы для далейшай працы. Нэля Кавалёва паехала працаваць у калінкавіцкі райвыканкам, Валянцін Мазай пайшоў у абкам камсамола, далей – у камітэт дзяржбяспекі. Пётр Бязлепкін – таксама ў абкам камсамола. Былі і тыя, што працавалі з намі нядоўга, напрыклад, цяперашні ўрач эндакрынолаг Таццяна Яцук, а таксама Паліна Баўсун.
Больш адзінаццаці гадоў у камсамоле, а гэта рэкорд працы ў структуры, Галіну Сяргееўну не пакідала мара стаць настаўніцай. Потым яна споўнілася ў гарадской школе № 2, Слабадской школе, спецвучылішчы. Пры гэтым актыўнае грамадскае жыццё не пакідала і надалей. Многія гады ў сваей школе яна была старшынёй прафкама, давялося быць старшынёй выбарчай камісіі. Цяпер узначальвае савет ветэранаў педагагічнай працы. І працягвае лічыць дзень нараджэння камсамола сваім прафесійным святам.
Камсамолка праз усё жыццё
Загадчыкам аддзела навучэнцкай моладзі і піянераў Надзея Міцкевіч была абрана, калі працавала піянерважатай у Новагалоўчыцкай школе, маючы непамерны зарад энергіі, імкненне быць у цэнтры падзей і білет члена партыі ў нагрудным кармане. Цяпер пад яе творчым кіраўніцтвам і пры ўласным удзеле працавалі школьныя камсамольскія арганізацыі, піянерскія дружыны, Дамы піянераў і іх кіраўнікі – на той час Валянціна Вішнеўская і Надзея Кулак. На плечы няўрымслівай, нястомнай камсамолкі клалася арганізацыя сходаў, канферэнцый, пленумаў, злётаў. Кожная перамога, кожны поспех камсамольцаў прымаўся за свой уласны.
І сёння Надзея Адамаўна памятае тыя эмоцыі, што дала перамога піянерскай дружыны Мышанскай школы ў абласным піянерскім злёце. Як глыбока і дасканала вывучаліся разам з другім сакратаром райкама Анатолем Шылкам пытанні выніковасці работы школьных камсамольскіх арганізацый, кандыдатуры для ўручэння ўзнагарод. Якой балючай была крытыка асобна ўзятай пярвічкі ці камсамольскага лідара, бо ведала, што недзе не дапамагла, магчыма, не дапрацавала.
– Жыццё патрабуе пастаяннага аднаўлення, – грунтоўна тлумачыць сваё бачанне Надзея Адамаўна, сённяшні член савета ветэранаў педпрацы і, ня-гледзячы на ўзрост, выхавальнік дзіцячага садка. – І важна не згубіць тое лепшае, што стала традыцыяй, што давала выдатныя вынікі, клікала да здзяйсненняў. Ніткамі гісторыі і чалавечых лёсаў звязана слаўная гісторыя камсамола і сённяшняя моладзь, яе пераемнік – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
За той шлях, які прайшоў камсамол, было многае зроблена, складзены лёсы тых, хто будаваў і працягвае будаваць нашу дзяржаву. Камсамол даў магчымасць раскрыцца, знайсці сваё месца, быць карысным людзям, навучыў сумленна рабіць сваю справу.
У працоўным спісе На-дзеі Міцкевіч было кіраўніцтва дзіцячым садам, была затым метадыстам, лагапедам. Грамадскае жыццё заўсёды было ў прыярытэце: доўгія гады ёй было даверана ўзначальваць першасную партыйную арганізацыю ў сваім яслях-садзе і партарганізацыю сістэмы дашкольнай адукацыі. Партыйны і камсамольскія білеты і сёння – каштоўная сямейная рэліквія.
Здаецца, энергія гэтай жанчыны невычарпальная. У яе хапае часу на працу, арганізацыю мерапрыемстваў для педагогаў-ветэранаў, наведванне аддзялення для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і, што не менш ганарова, рэгулярныя заняткі спортам. Яна і сёння – камсамолка.
Разам яны маладыя
Працуючы піянерважатай у Галубіцы, Кацярына Ліцвін атрымала накіраванне цэнтральнага камітэта камсамола на працу ў “Артэк”. А праз два гады перспектыўную камсамолку паклікалі на радзіму, у райкам камсамола на пасаду сакратара райкама па рабоце з навучэнцкай моладдзю. Цяпер яна ў поўнай меры змагла расказаць і ўкараніць усё тое, што дала ёй артэкаўская школа. І тут дзяўчына не была радавым важатым, а супрацоўнікам райкама – адказным за многія падзеі ў раёне, накладала пэўныя патрабаванні.
– Агляды, “Зарніцы”, злёты, конкурсы – радавыя, здаецца, мерапрыемствы, але з іх складалася наша жыццё, на іх мы вырашалі галоўныя задачы, пастаўленыя перад камсамолам, – дзеліцца ўспамінамі Кацярына Іванаўна. – Мы арганізоўвалі лагеры для цяжкіх падлеткаў, садзілі Алеі Славы. Памятаю, што памнік воінам-вызваліцелям у гарадскім парку павінен быў адкрыцца да 30-годдзя Перамогі. Але часу не хапала. Тады мы арганізавалі камсамольцаў гарадскіх школ і тыя пазменна працавалі разам з архітэктарам. Паспелі да свята. І такія справы, іх вынікі прыносілі сапраўднае задавальненне. А пацвяр-джэннем важнасці гэтых падзей былі мае ўласныя ўзнагароды. Іх, а таксама камсамольскі і партыйны білет, захоўваю і ганаруся імі. Асаблівыя з іх для мяне – артэкаўская грамата за работу з замежнымі дэлегацыямі і грамата ЦК ЛКСМБ. Удзячна лёсу, што давялося працаваць побач з многімі цікавымі людзьмі.
Далей у працоўнай кніжцы Кацярыны Ліцвін значыца пасада загадчыка аддзела прапаганды ў райкаме партыі, намесніка і дырэктара СПТВ, настаўніцы. Былі прапановы росту на партыйных пасадах, але жанчыне самой давялося выхоўваць дачку і выбар быў відавочным.
Цяпер Кацярына Іванаўна не адмаўляецца ад любых запрашэнняў – на мерапрыемствы, сустрэчы. Ведае, наколькі важна для арганізатараў наяўнасць удзельнікаў ці гледачоў. Захавала цёплыя сяброўскія адносіны і са сваімі былымі калегамі ці проста камсамольскімі лідарамі. І сёння яны на сувязі, бо калі разам, адчуваюць сябе маладымі і бадзёрымі.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара, Арцёма ГУСЕВА і з сямейнага архіва Надзеі МІЦКЕВІЧ.