Для самых любімых
Напярэдадні дня Маці, які адзначаецца 14 кастрычніка, у Беларусі пачаўся Тыдзень маці, ён будзе доўжыцца з 8 па 14 кастрычніка. Ён мае на сваёй мэце падтрыманне традыцыі паважлівых і клапатлівых адносін да жанчыны, умацаванне сямейных каштоўнасцей і павышэнне прэстыжу здаровай гарманічнай сям’і і адказнага бацькоўства. У правядзенні гэтага святочнага тэматычнага Тыдня прымаюць удзел установы адукацыі, культуры, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, установы, прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць жанчыны-маці. У Глускім раёне віншаванні будуць наладжаны ў школах і садках, у клубных установах і бібліятэках пройдуць святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня маці, — сустрэчы, канцэрты, агеньчыкі, выставы.
Акрамя таго, у гэтыя дні праходзіць рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Павіншуем маму разам!”. Як распавёў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Леўчанка, у школы раёна дасланы каляровыя віншавальныя паштоўкі, яны будуць раздадзены або пакладзены ў даступных месцах, каб кожны вучань змог узяць сабе паштоўку, падпісаць і падарыць яе сваёй матулі.
Т. ЛУГАВАЯ