Людзі Смаргоншчыны: Таццяна Рыцікава
Загадчыца раённай цэнтральнай аптэкі Гродзенскага РУП “Фармацыя” Таццяна Рыцікава на гэтай пасадзе амаль дзесяць гадоў. А ў аптэцы №99 працуе з 1991 года. У наш горад яе сям’я трапіла падчас перасялення з Чарнобыльскай зоны. Яе дзвюм малодшым сёстрам і брату пашчасціла застацца на роднай Магілёўшчыне, а ёй давялося ў сілу абставін адсяляцца ў іншую вобласць. Сыну тады было шэсць гадоў. Як толькі муж атрымаў кватэру ў мікрараёне Карані, Таццяна Мікалаеўна пераехала ў Смаргонь.
Працавала асістэнтам фармацэўта, рэцэптарам, правізарам, загадчыкам рэцэптурна-вытворчага аддзела, з 2001 года - намеснікам загадчыка цэнтральнай аптэкі. Сёння яе стаж ажно 37 гадоў. І ўсе гэтыя гады звязаны з дзейнасцю па аказанні аптэкарскіх паслуг. На яе вачах і пры самым непасрэдным удзеле адбываліся перамены ў фармацэўтычнай сістэме. Сёння значную канкурэнцыю складаюць прыватныя аптэкі. Таму спецыялісты, што працуюць у дзяржаўных, шукаюць новыя формы аказання паслуг, рэкламы сваіх тавараў, уносяць свой важкі ўклад у сферу аховы здароўя, асвойваючы новыя тэхналогіі. Напрыклад, ажыццяўляецца рэалізацыя лекавых сродкаў насельніцтву па электронных рэцэптах. На працягу апошняга года існуе такая паслуга, як інтэрнэт-браніраванне праз сайт заказу тавараў аптэчнага асартыменту.
Пры непасрэдным удзеле Таццяны Мікалаеўны ў апошнія гады адкрыліся пяць новых аптэк у розных мікрараёнах горада, праводзіцца рамонт памяшканняў старых устаноў рэалізацыі медпрэпаратаў. Шмат робіцца для падтрымання высокага прафесійнага ўзроўню спецыялістаў, што працуюць у аптэчнай структуры.
Свой жыццёвы юбілей Таццяна Рыцікава сустракае з добрым настроем і пачуццём задавальнення ад работы, стасункаў з унукам, якога ёй падарылі сын і нявестка. У яе шмат радні і сяброў, яе аўтарытэт паўплываў на выбар прафесіі пляменніцы, якая таксама абрала фармацэўтычны профіль. Адказваючы на пытанне пра мары, Таццяна Мікалаеўна працытавала верш Эдуарда Асадава “Аптэка шчасця”:
“Исчезли все болезни человека,
а значит, и лекарства ни к чему!
А для духовных радостей ему
Открыт особый магазин-аптека.”
Мая суразмоўца ўпэўнена, што прафесія фармацэўта яшчэ доўга будзе запатрабаванай, а тым больш спецыялісты, якія здольныя ўважліва выслухаць кліента, даць слушную параду, не толькі прапанаваць лекі, але і добрае слова падтрымкі ў нялёгкай сітуацыі.
Ала КЛЕМЯНОК.
Фота аўтара.