Беларусь стала лепшай краінай для агратурызму па версіі National Geographic
8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у конкурсе National Geographic стала лепшай краінай для агратурызму, беларус Леанід Пашкоўскі названы лепшым travel-блогерам, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на часопіс National Geographic Traveler.
Беларусь перамагла ў намінацыі «Агратурызм» з 50 працэнтамі галасоў, абышоўшы ў чытацкім галасаванні Італію, Бразілію, Кітай і ЗША. «Вясковы турызм — адзін з самых прывабных варыянтаў адпачынку ў Беларусі. Сёння тут знаходзяцца больш за 2 тыс. аграсядзіб», — адзначаюць аўтары рэйтынгу. Беларусь ужо была на першым радку рэйтынгу лепшых краін для агратурызму па National Geographic у 2016 годзе.
Аўтара блога «Хачу дадому. Падарожжы, у якія вы не паедзеце» Леаніда Пашкоўскага чытачы назвалі лепшым travel-блогерам. Ён набраў 47 працэнтаў галасоў і з вялікім адрывам абышоў канкурэнтаў.
Анлайн-галасаванне праходзіла ў 25 асноўных намінацыях. Турысты выбіралі лепшыя напрамкі, у тым ліку для пляжнага, сямейнага, экскурсійнага, гарналыжнага, прыгодніцкага і аздараўленчага адпачынку.