Справа па сілах прафесіяналам. 5 кастрычніка – 100-годдзе органаў крымінальнага вышуку

Источник материала:  

Гэта толькі ў кінафільмах падрабязна распавядаецца на шырокую аўдыторыю пра будні  супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Подзвігі легендарных Жыглова і Шарапава сталі класікай, а сучаснай Аляксандры Кушнір – прыкоўваюць нас да тэлеэкранаў штовечар цяпер.

На самой жа справе крымінальны вышук не публічныя справы, гэта незаўважныя людзі, прафесіяналы з павышанай адказнасцю.

У раённым аддзеле ўнутраных спраў аддзяленне крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ўзначальвае маёр Яўген Міцкевіч (на здымку). Напярэдадні прафесійнага свята ён згадзіўся расказаць пра службу, але толькі тое, што не мае адносінаў да іх аператыўнай дзейнасці.

Справа па сілах  прафесіяналам. 5 кастрычніка – 100-годдзе органаў крымінальнага вышуку

Пачынаючы гутарку з тэмы прафпадрыхтоўкі, кіраўнік пазначыў, што на нядаўнім зрэзе прафпрыдатнасці супрацоўнікі аддзялення, а гэта 8 спецыялістаў, паказалі найвышэйшыя вынікі.

– Патрабаванні да супрацоўніка міліцыі цалкам высокія, а да аддзялення крымінальнага вышуку – удвая, – тлумачыць Яўген Уладзіміравіч. – Нам падведамасна самае вялікае кола злачынстваў, літаральна ад выкрадання куры да злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Таму працаваць тут могуць людзі толькі са спецпадрыхтоўкай. Многія пачыналі ў розных структурах РАУС. Цяпер маладыя спецыялісты прыходзяць да нас адразу пасля атрымання дыплома акадэміі МУС на факультэце “аператыўна-вышуковая работа”.

З 2016 года, як адзначае начальнік аддзялення, крымінальная сітуацыя ў раёне некалькі змянілася ў бок ускладнення. Да гэтага часу наш раён па колькасці злачынстваў на тысячу насельніцтва быў самым бяспечным у вобласці. Цяпер мы займаем сярэднеабласную пазіцыю. Гэтаму ёсць канкрэтныя тлумачэнні. Сітуацыя змянілася з пачаткам будаўніцтва горнаабагачальнага камбіната, яшчэ раён стаў больш прывабным для турыстаў і аматараў адпачынку на прыродзе. Да таго ж апошнім часам у сельскай мясцовасці стала больш сядзіб, якія выкарыстоўваюцца пад дачы. Сезонны ўсплёск крадзяжоў з іх дае свае лічбы ў крымінальную статыстыку.

– Нягледзячы на гэта сітуацыя не выходзіць з-пад кантролю, – запэўнівае Яўген Міцкевіч. – Прадказальная і кантраляваная. Наша падраздзяленне ў сілах самастойна справіцца з любымі задачамі, складанымі справамі. Для прыкладу, прывяду вядомую ўсім справу з крадзяжом і падпалам магазіна “Рыбачок”. У час збору матэрыялаў высветлілася сувязь гэтай справы з яшчэ двума злачынствамі – крадзяжом з кафэ “Ірына” і выкраданнем кабеля з кар’ераў керамзітавага завода. Аказалася, здзейсніў іх адзін і той жа чалавек. Складанасць была ў тым, што ў поле зроку беларускіх праваахоўнікаў ён не трапляў, быў некалі судзімы на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а пасля кожнага злачынства выязджаў у хуткім часе туды ж. З тонкасцямі справы знаёміць не маю права, але магу падвесці вынік – прафесіяналізм нашых супрацоўнікаў на ўзроўні спецпадраздзяленняў сталіцы ці абласнога цэнтра. І гэта не толькі наша меркаванне.

Як і іншыя праваахоўнікі, супрацоўнікі крымінальнага вышуку значную частку сваёй працы накіроўваюць на прафілактыку злачынстваў. Праўда, метады ў іх спецыфічныя. Гэта зносіны з пэўным колам грамадзян – раней судзімых і падазраваных.

– Папярэдзіць, прадухіліць і ўхіліць – нашы прынцыпы, – абагульняе маёр міліцыі. – Знайсці агульную мову можна з кожным чалавекам, і ў нас гэта атрымліваецца. У сваёй абсалютнай большасці людзі законапаслухмяныя, з правільнай грамадзянскай пазіцыяй, якая і дапамагае нам у працы. Здараецца, што чалавек трапляе ў асаблівыя жыццёвыя абставіны, якія штурхаюць яго на здзяйсненне злачынства. Толькі мы грунтуем сваю работу на літары закону і не маем права самі вызначаць ступень крыміналізацыі дзеянняў. Наша задача – выявіць чалавека, які здзейсніў злачынства, сабраць доказы і інфармацыю пра абставіны, з якімі далей будуць працаваць следчыя райаддзела Следчага камітэта.

З нагоды прафесійнага свята Яўген Міцкевіч разам з віншаваннямі перадаў сваім калегам падзяку за іх паўсядзённую, часам рызыкоўную і напружаную працу, за высокі прафесіяналізм і адданасць службе.

– Напярэдадні свята хочацца ўзгадаць тых, хто заклаў аснову нашай працы, стварыў традыцыі крымінальнага вышуку і сёння падтрымлівае нас парадамі. Гэта Васіль Белакур, Васіль Дашкевіч, Фёдар Азёма, Алег Ярмоліч, Віктар Дыба і Уладзімір Фалееў. Ім – нашы віншаванні і пажаданні моцных духу і здароўя, дабрабыту і ўдачы.

Далучаемся да ўсіх віншаванняў. Няхай служба будзе лёгкай, а будні – сагрэтыя цеплынёй і дабром.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←НА ЗАМЕТКУ ОХОТНИКУ. На зайца — с дипломами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика