“Вясёлыя агеньчыкі” і актывісты БРСМ наведалі састарэлых людзей з Войстамскай бальніцы сястрынскага догляду
У гэты дзень члены піянерскай дружыны “Вясёлыя агеньчыкі” і актывісты ГА “БРСМ” наведалі Войстамскую бальніцу сястрынскага догляду. Там знаходзяцца на пражыванні адзінокія састарэлыя людзі. Гэтай сустрэчы былі рады і вучні, і састарэлыя.
Члены грамадскіх аб’яднанняў падрыхтавалі для іх святочную праграму. Удзячныя гледачы адказвалі на пытанні, разгадвалі загадкі, падпявалі песні і падтанцоўвалі. Неабходна было бачыць радасныя твары людзей, якія ў гэты дзень атрымалі крышачку ўвагі, цеплыні і клопату. І, вядома ж, вучні прыйшлі ў госці не з пустымі рукамі, а з падарункамі – смачнымі салодкімі вырабамі і садавінай.
А пасля вучні прайшліся па палатах, бо тут на ўтрыманні знаходзяцца таксама і людзі, якія, на жаль, не могуць хадзіць. Для кожнага з іх знайшлося шмат цёплых і добрых слоў. Атрымалася сапраўднае свята, сустрэча мудрасці і дабрыні. Пацыенты Войстамскай бальніцы сястрынскага догляду яшчэ доўга не хацелі адпускаць сваіх гасцей: гучалі словы ўдзячнасці, запрашэнні прыходзіць яшчэ. Трэба памятаць: клопат пра сталых людзей – доўг кожнага з нас, пра які нельга ніколі забываць.
Тэрэса АЎТУШКА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “ВПК Войстамскі яслі-сад-базавая школа”.