Дарэчы, сёлета па выніках уборкі збожжавых культур калектыў ААТ “Міраполле” заняў трэцяе прызавое месца ў раённым спаборніцтве сярод сельгаспрадпрыемстваў, за што на раённым свяце “Дажынкі-2018” быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй. Аднак дырэктар акцыянернага таварыства Алег Кучынскі не вельмі задаволены дасягнутым рэзультатам, са скрухай у голасе гаворыць, што з-за неспрыяльных умоў надвор’я гаспадарка недабрала звыш чатырох тысяч тон збожжа: атрымалі з кожнага гектара толькі па 31 цэнтнеру зерня, хаця закладвалася аснова пад ураджайнасць не ніжэй чым 45 цэнтнераў.
Недабор збожжа “мірапольцы” плануюць часткова кампенсаваць зернем з кукурузы, якой разлічваюць убраць на гэтыя мэты больш чым 100 гектараў. Усяго ж кукуруза сёлета пасеяна ў гаспадарцы на плошчы 800 гектараў, пераважная большасць якой на сілас была ўбрана да канца мінулага тыдня. Ураджайнасць зялёнай масы перавышае 400 цэнтнераў з гектара. Гэта дае падставы меркаваць, што ў траншэі будзе закладзена не менш чым 27 тысяч тон кукурузнага сіласу.
Адначасова з уборкай кукурузы на сілас і сяўбой азімых збожжавых культур, якія павінны размясціцца на 2 тысячах гектараў, вядзецца ўборка бульбы і морквы.
– Капаць бульбу, якая паса-
джана на плошчы 67 гектараў, мы пачалі яшчэ ў пачатку верасня, – паведаміў Алег Уладзіміравіч. – У сувязі з тым, што ўжо другі год для ўборкі бульбы і гародніны не прыцягваюцца студэнты і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, мы далі ў СМІ аб’явы аб тым, што прыняць удзел у гэтай рабоце і зарабіць грошы маюць магчымасць усе жадаючыя, з якімі заключаюцца дагаворы пад-раду. Адпаведныя дагаворы з гаспадаркай заключылі больш чым сорак чалавек, якія пры выкананні ўстаноўленай нормы за дзень зарабляюць па16-18 рублёў. Акрамя гэтага, традыцыйна значную дапамогу аказваюць і нашы шэфы – работнікі Барысаўскага хрустальнага завода, якія працуюць на такіх жа самых умовах. Штодзённа на ўборку бульбы і гародніны выязджаюць па 20-25 завадчан. Транспарт для дастаўкі памочнікаў мы заказваем у аўтобусным парку.
Да пачатку другой дэкады верасня бульба была выкапана на плошчы каля 40 гектараў пры сярэдняй ураджайнасці 275 цэнтнераў. Пасля пераборкі, падчас якой клубні сарціруюцца па фракцыях, бульба загружаецца ў кантэйнеры і накіроўваецца на захоўванне ў бульбасховішчы, у адным з якіх ёмістасцю 1000 тон з дапамогай аўтаматыкі падтрымліваюцца неабходныя параметры вільготнасці і тэмпературы.
Пакуль цана на бульбу невысокая, таму пераважную большасць яе мяркуюць рэалізаваць пазней, калі ўсталююцца больш прымальныя цэны. Хаця ў фірменным магазіне свежая бульба і цяпер маецца ў асартыменце пастаянна, прадаецца яна і праз выяздны гандаль падчас арганізуемых кірмашоў.
Дарэчы, традыцыйна каля 500 тон бульбы, 100-120 тон морквы, 100 тон сталовых буракоў і каля 200 тон капусты гаспадарка закладвае ў так званы стабілізацыйны фонд для забеспячэння патрэб устаноў адукацыі і аховы здароўя.
Вырошчваюцца ў гаспадарцы некалькі сартоў бульбы айчыннай і замежнай селекцыі. Найбольшай папулярнасцю сярод спажыўцоў карыстаецца сярэдняспелы нямецкі сорт “гала”, які мае добрыя смакавыя якасці і таварны выгляд і дае высокія ўраджаі, таму займае каля 70 працэнтаў агульнай плошчы. Апроч “галы” нядрэнна зарэкамендавалі сябе ў прыродна-кліматычных умовах гаспадаркі таксама беларускія сарты “расінка” і “скарб”. З мэтай сор-
тазмены і сортаабнаўлення штогод у элітгасах закупляецца эліта, з якой потым атрымліваюць насенне першай рэпрадукцыі для масавай пасадкі.
У вытворчым аддзяленні “Кішчына Слабада” на бульбяных палетках шмат камення, таму ўбіраць бульбу там даводзіцца ўручную пасля праходу капалкі. А вось у аддзяленні “Стара-Барысаў” для гэтай мэты выкарыстоўваюцца два бульбаўборачныя камбайны, на якіх працуюць вопытныя механізатары Леанід Карнюшка і Віктар Шмідт. Дарэчы, Віктар Шмідт займаецца і пасадкай клубняў. Падчас наведвання гаспадаркі Леанід Карнюшка з памочнікам Мікалаем Курыловічам камбайнам айчыннай вытворчасці “ПКК-2”, агрэгатаваным трактарам “МТЗ-82”, убіралі бульбу за вёскай Пчэльнік. А вось у аддзяленні “Кішчына Слабада” ў той дзень копка бульбы была часова прыпынена, таму што механізатар Генадзь Апарэвіч з бульбакапалкай, а таксама 38 памочнікаў-гараджан былі задзейнічаны на ўборцы морквы за вёскай Бытча. Падбіралася толькі вялікая, таварная морква, якая дастаўлялася да гароднінасховішча, дзе засыпалася ў кантэйнеры і накіроўвалася ў халадзільныя камеры на захоўванне. Морквы сёлета было пасеяна ў гаспадарцы 10 гектараў, сталовых буракоў – 5, капусты – 12 гектараў. Але да ўборкі буракоў і капусты чарга дойдзе пазней…
Восень – работ восем
27.09.2018
—
Новости Общества