Да Дня бібліятэк кніжныя лоцманы сталі кулінарамі
Сапраўды, і з кніг мастацкай літаратуры, і са шматлікіх перыядычных выданняў, што шырока прадстаўлены ў бібліятэках горада і раёна, можна даведацца пра рэцэпты як старажытных, так і сучасных страў, кулінарныя сакрэты майстроў кухні, асаблівасці прыгатавання нацыянальных дэлікатэсаў. І калі праз інтэрнэт можна толькі даведацца пра рэцэпт нейкай ежы, то на мерапрыемствах у бібліятэках яе можна пакаштаваць.
Праца сучаснага работніка бібліятэкі даўна выйшла за межы традыцыйнага ўспрыймання гэтай прафесіі, як спакойнага сядзення паміж кніжных паліц і пачытвання навінак літаратуры ў чаканні чарговага кнігалюба. Сёння гэтыя ўстановы культуры ператварыліся ў інфармацыйна-прававыя цэнтры, культурна-забаўляльныя пляцоўкі, своеасаблівыя пункты піяру твораў мастацтва. А бібліятэкару неабходна валодаць асновамі інфарматыкі, псіхалогіі, культуралогіі і тэатральнага мастацтва. Усім гэтым патрабаванням часу стараюцца адпавядаць смаргонскія бібліятэкары - “лоцманы” ў акеяне выдавецкай прадукцыі, як іх назвала начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва. Вітаючы прысутных, Таццяна Мар’янаўна прызналася, што ў бібліятэку яна прыйшла раней, чым у школу і за ўсё сваё жыццё, прычым доўгі час кіруючы мясцовай культурай, так да аснавання і не вывучыла падводную частку айсберга пад назвай бібліятэчная справа, настолькі гэта справа шматгранная і глыбокая.
Свята кніжных работнікаў ператварылася далей у свята страўніка. Нездарма прадэкламавала Таццяна Ражэва грыбаедаўскія радкі з маналогу Фамусава:
Куда как чуден создан свет!
Пофилософствуй, ум вскружится;
То бережешься, то обед:
Ешь три часа, а в три дни не сварится!
Варта было вядучым імпрэзы Наталлі Самахвастоўскай і Дзіяне Шуневіч зачытаць жартаўлівы загад па аддзелу культуры аб патрабаваннях адпачываць і весяліцца, як пачалося! Работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі праінсцэніравалі байку Івана Крылова “Дзям’янава юшка” і пачаставалі ўласна прыгатаванай рыбнай стравай. Валянціна Жураўлёва з Вішнева прывезла печыва “Арэшкі ад мясцовай вавёркі”, якія без ізумрудаў як у пушкінскай казачнай вавёркі, затое дужа смачныя. Пад лыжачкай засмактала, калі, працытаваўшы апетытны эпізод з паэмы Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”, Ірына Івашкевіч вынесла парася па-беларуску войстамскага прыгатавання. Гэты ж твор стаў падставай для конкурснага выступлення Алены Налівайка з бібліятэкі №1, толькі замест парася ў яе быў прыгожы муляж.
Меню па матывах дзіцячых казак і рэцэпт кашы з тапара прапанавалі Марыя Масевіч і Алена Дзембіцкая з гарадской дзіцячай бібліятэкі. Песню рускай кухні – пяльмені – прыгатавалі прадстаўнікі каманды бібліятэкараў з Крэва-Ракаўцаў, праілюстраваўшы ежу вытрымкай з твора Васіля Фёдарава “Жаніцьба Дон Жуана”. А вось выступленне дзвюх Ірын з бібліятэкі №3 Вісьцяж і Краўчанкі стала сапраўднай рамантычнай песняй у гонар цудоўнага напоя – віна. Культуры ўжывання гэтага слабаалкагольнага напітка вучылі многія аўтары, ад Амар Хайяма да Рэмарка і Мюссо, цытаты з твораў якіх і ўпрыгожылі конкурсную праграму.
Як сеялі абаранкі расказаў некалі іван Муравейка, а Ганна Рогач прачытала ўрывак з твора і пачаставала смаргонскімі абаранкамі. Да твораў замежнай літаратуры звярнулася Галіна Аўгусціновіч з Лешчаняцкай сельскай бібліятэкі і прыгатавала вогненную качку а ля Рэкс Стаўт, папулярызуючы такім чынам творчасць амерыканскага пісьменніка дэтэктыўнага жанру.
Ірына Кузьмук, якая працуе ў бібліятэцы мікрараёна Карані, абрала мясцовыя кулінарныя рарытэты і, звярнуўшыся да кнігі графа Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”, прадставіла на густ гурманаў фаршыраванага шчупака, тварожныя піражкі і любоўнае зелле чароўнае. Завяршальным акордам, з багатым сталом прысмак стала выступленне Ірыны Навашынскай з Кушлянаў, якія заўжды славіліся літаратарамі і гасціннасцю местачкоўцаў.
Журы складана было вызначыць лепшых, бо ўсе стараліся на славу. Як запэўніла дырэктар раённай бібліятэкі Зоя Дурэйка, усе ўдзельнікі будуць заахвочаны прэміяй. А самыя руплівыя і крэытыўныя атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. Першае месца аднагалосна прысуджана гарадской дзіцячай бібліятэцы за выдатнае літаратурна-кулінарнае меню ў кафэ “Казка”. Другое месца ў бібліятэкі №3, трэцяе – у бібліятэкі №2. Заахвочвальныя сувеніра атрымалі выступоўцы з раённай бібліятэкі і Кушлянаў.
Ала КЛЕМЯНОК.
Фота аўтара.