Людзі Смаргоншчыны: Наталля Баксарава

Источник материала:  
Як правіла, следчы расследуе адначасова не адну крымінальную справу, а некалькі. “І па кожнай з іх стараешся зрабіць максімальна, наколькі гэта магчыма, на працягу дня, каб закончыць расследаванне крымінальнай справы і накіраваць яе ў суд. Бо нагрузка, на жаль, павялічваецца. Да таго ж устаноўлены тэрмін расследавання – два месяцы, - кажа следчы Наталля Баксарава. - Акрамя гэтага трэба па графіку суткі дзяжурыць у складзе следча-аператыўнай групы, выязджаць на месцы здарэнняў не толькі днём, але і ноччу”.

Людзі Смаргоншчыны: Наталля Баксарава

Пэўны час займае гутарка следчага з асобамі, якія знаходзяцца пад следствам, пацярпелымі людзьмі, сведкамі злачынстваў. Наталлі Сцяпанаўне падабаецца размаўляць з рознымі катэгорыямі людзей. Яна прызналася, што калі была ў дэкрэтным водпуску, то нават сумавала па сваёй рабоце. А яшчэ ёй падабаецца следчая справа тым, што пастаянна даведваецца аб нечым новым, робіць нейкія высновы, аналізуе атрыманую інфармацыю, спрабуе дэталёва разабрацца ў кожным канкрэтным выпадку, імкнецца дапамагчы пацярпеламу чалавеку.

У раённым аддзеле Следчага камітэта Наталля Баксарава працуе з 2012 года, калі было створана гэта падраздзяленне, а прыйшла яна ў следства ў 2006 годзе. Не марыла аб гэтай прафесіі, бо ніхто з яе родных на той час не служыў у праваахоўных органах. Маці працавала ў медыцыне, таму бацька хацеў, каб дачка таксама стала медработнікам. Але пасля заканчэння школы Наталля паступіла ў педуніверсітэт, адвучылася год, а потым вырашыла вучыцца на юрыдычным факультэце. Паступала туды занава, здавала экзамены, вучобу пачала з першага курса.

Пасля заканчэння грамадзянскай вышэйшай навучальнай установы Наталля Баксарава прайшла неабходную трохмесячную падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў і пачала сваю службовую дзейнасць у аддзяленні дазнання Астравецкага райаддзела міліцыі. Са Смаргоні ездзіла туды год, а потым, калі з’явілася вакантнае месца, перавялася ў такое ж падраздзяленне па месцы жыхарства.

Вядома ж, трэба дбаць аб рабоце, але для Наталлі Сцяпанаўны не менш важна, каб добра было ў сям’і. Дачка вучыцца ў 11 класе, неўзабаве скончыць школу і пойдзе ў самастойнае жыццё. Сыну амаль 5 гадоў, патрабуе да сябе ўвагі, бацькоўскага цяпла.

Наталля Баксарава любіць гатаваць розныя стравы, эксперыментаваць з імі. А яшчэ яна любіць чытаць кнігі – беларускую, рускую класіку, па жыцці з’яўляецца аптымістам, верыць у тое, што ўсё будзе добра. Трэба толькі заўсёды заставацца чалавекам.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара. 

←Белорусы не верят в снижение инфляции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика