"Ваш ребенок запущен". З чым сутыкаюцца бацькі дзяцей, калі шукаюць беларускамоўнага лагапеда

Источник материала:  
27.08.2018 11:41 — Новости Общества

Бацькі, якія выхоўваюць сваіх дзяцей у беларускамоўным асяроддзі, скардзяцца: лагапеды ў паліклініцы нячаста пагаджаюцца весці дыгностыку на беларускай мове. Тым болей не даводзіцца разлічваць на бясплатныя заняткі з імі. «Фактычна за беларускую мову даводзіцца плаціць». Паколькі беларускамоўных лагапедаў мала, бацькі звяртаюцца за дапамогай да рускамоўных. Тыя ставяць патрэбныя гукі, але ў выніку дзеці не могуць зацвярдзела сказаць беларускае «р», «ч» і «дж». Ці так гэта, разбіраўся TUT.BY.


Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

«Рускамоўная лагапед напужала, што наша дзіця „запушчанае“, і накіравала на камісію»

Надзея — маці траіх дзяцей. Усім траім у свой час патрабавалася лагапедычная карэкцыя. Упершыню з праблемай яна сутыкнулася са старэйшым сынам перад садком, калі прыйшла на агляд да лагапеда.

— Гэта тое, з чым сутыкаецца большасць беларускамоўных дзецей, — у паліклініках іх правяраюць па рускамоўных дапаможніках. У дзіцяці просяць назваць пары «мишка — мышка», «уточка — удочка», хаця на малюнку яму дэманструюць мядзведзіка і качку. Магчыма, у кагосьці дзеці білінгівістычныя, і яны разумеюць рускую мову. У мяне да трох гадоў дзеці выхоўваюцца ў сям'і, асноўная мова ў іх — беларуская, рускую чуюць толькі з мультфільмаў, таму некаторыя словы папросту не разумеюць.

Першая дыягностыка, узгадвае Надзея, прайшла спакойна.

— Лагапед сказала: «Я говорю слова, а ты повторяй». Не прасіла рускіх перакладаў, а проста глядзела, ці пазнае сын тое, што намалявана.

Праз год, калі сыну Надзеі было тры з паловай, яны зноўку прыйшлі да лагапеда.


Фото: Reuters

— Там была іншая дама, якая паказвала сыну рускамоўныя дапаможнікі, не звяртаючы ўвагі на тое, разумее дзіця ці не. На адказы рэагавала вельмі рэзка. Калі муж спытаў: «Вас не бянтэжыць, што беларускамоўнаму дзіцяці вы дэманструеце рускамоўны дапаможнік і чакаеце ад яго адказаў па-руску? Усё ж беларуская мова для яго родная», лагапед адказала, што мовы аднолькавыя, няма розніцы і наогул гэта не мае значэння.

У выніку, кажа Надзея, лагапед і накіравала яе з сынам на камісію, зазначыўшы, што дзіця адстае ў развіцці.

— На камісію мы не пайшлі, а проста знайшлі добрага беларускамоўнага лагапеда і за тры месяцы паставілі ўсе гукі. Так, у сына быў дыягназ — сцёртая дызартрыя (лёгкае парушэнне фанетычнага кампаненту маўлення. — Заўв. TUT.BY). Але тое страшнае, чым нас пужалі, не падцвердзілася. А пужалі, што «ребенок запущен, и вам давно нужно было начать заниматься».

— Ведаючы, які лагапед працуе ў нашай паліклініцы, з дачкой мы адразу пайшлі да таго ж беларускамоўнага лагапеда, з якім займаўся сын, — працягвае Надзея. — Але кантакта ў іх не атрымалася.

Пасля трох месяцаў «спроб і змаганняў» Надзея вырашыла змяніць лагапеда. Сярод знаёмых знайшла рускамоўнага доктара, якая пагадзілася займацца з яе дачкой.


Фото: Patti Farfan / flickr.com

— Але адразу папярэдзіла: «На белорусском я заниматься не смогу. Мне не хватает знаний, да и придется менять все пособия». Таму з дачкой яна займалася па-руску, хаця мы адразу дамовіліся, што ставім менавіта беларускія гукі: зацвярдзелае «ч», «р», «дж» і г. д. На занятках яны займаліся па рускіх вершах і песнях. Дома для паўтарэння і замацавання практыкаванняў я падбірала беларускамоўны матэрыял сама.

Заняткі з лагапедам падабаліся дачцэ, кажа суразмоўніца, усе патрэбныя гукі хутка з’явіліся ў маўленні. Але з’явілася і непажаданае — выбухное рускае «г», а таксама трасянка.

— Рускае «г» яна ўжывала паўсюль. Паўгады давялося папраўляць. Хаця гэты гук ёй не ставілі - проста за кошт заняткаў ён з’явіўся. Таксама ў мову прыйшло шмат рускіх словаў.

Трэцяму дзіцяці Надзеі цяпер чатыры гады. У яго таксама сцёртая дызартрыя, а гэта значыць, яго таксама чакаюць заняткі з лагапедам.

— Зараз мы змянілі месца жыхарства і, адпаведна, паліклініку, таму спачатку хацела б схадзіць да бясплатнага лагапеда, каб паслухаць, што нам скажуць. Раптам там добры ўрач?! Калі ж кантакту не атрымаецца, прыйдзецца ісці да платнага.


Фото: Patti Farfan / flickr.com

Надзея падкрэслівае: усё перажытае — далёка не катастрофа, але ж такі падыход шкодзіць дзецям. Яна разумее, што дзеці не будуць жыць выключна ў беларускамоўным асяродку, але ж хацела б, каб у першыя гады яны добра засвоілі беларускую мову, у тым ліку і вымаўленне.

— Для дзіцяці, якое не ходзіць у садок, у якога беларуская мова — асноўная і лёгкага пераходу з рускай на беларускую няма, няпроста перакладаць у галаве. Гэта дадатковая нагрузка тады, калі і так патрэбна быць сабраным.

Па-другое, кажа суразмоўніца, некаторыя беларускія словы дачка пачала ўспрымаць як памылку.

— Лагапед з дзіцячага садка паказавае дачцэ парасон. Яна так і кажа: «Парасон», а лагапед выпраўляе: «Зонцік». Магчыма, яна хацела пачуць, як дачка прамаўляе гук «з», але не патлумачыла гэтага. Пасля дачка прыходзіць дадому і запытваецца: «Мама, а што, гэта няправільна? А як патрэбна» Яна ўспрыняла так, нібыта зрабіла памылку.

Напрыканцы Надзея кажа: знайсці лагапеда, які валодае беларускай мовай і можа весці на ёй заняткі, даволі складана, але магчыма. Праблема, па яе словах, у іншым. Надзея, а таксама іншыя бацькі, з якімі гутарыў TUT.BY, задаюць аднолькавае пытанне: «Чаму па ўсёй краіне беларускамоўным дзецям паказваюць рускія дапаможнікі? Гэта ж не так складана — падабраць пары словаў, раздрукаваць метадычку для дыягностыкі і раздаць яе спецыялістам. А не адразу накіроўваць „на камісію“».

«Перайначваць беларускае вымаўленне на рускае — гэта непатрэбнае псіхалагічнае напружанне»

Беларускамоўная лагапед Вольга Ліпская лічыць: вялікай небяспекі, калі з беларускамоўным дзіцём будуць займацца па рускамоўных дапаможніках і, адпаведна, ставіць яму рускае вымаўленне, няма. Пры ўмове, што дзіця добра засвоіла беларускую мову.


Фото: з архіву Вольгі Ліпскай

— Усё залежыць ад моўнага дыягназу і таго, што яго суправаджае. Калі мова засвоілася, можна ставіць гукі і па-руску.

Пры гэтым спецыялістка адзначае: лагапеду будзе нашмат складаней паставіць рускае вымаўленне, чым беларускае.

— Цягліцы (па-руску — мышцы — Заўв. TUT.BY) языка па-рознаму «паводзяць сябе» пры беларускамоўным і рускамоўным вымаўленне. Рускамоўныя шыпячыя мяккія, таму цягліцы напружваюцца і сцягваюцца. У беларускім вымаўленні яны больш вольныя, расслабленыя.

Самае небяспечнае, што можа здарыцца ў сітуацыі перавучвання, кажа Вольга Ліпская, — гэта псіхалагічная ломка.

— Дзіця сапраўды ламаецца псіхалагічна. Яму патрэбна быць сканцэнтраваным на занятках, а яно ў гэты момант непакоіцца пра рускія словы, якія яму не ўласцівы. Лепей, калі лагапед адразу будзе закладваць беларускае вымаўленне, каб пасля дзіця не пакутавала с перабудовай.

А такія выпадкі здараюцца, распавядае маці 8-гадовай Веры Ірына. Вера вучыцца ў беларускамоўнай школе. Да школы дзяўчынка займалася з лагапедам па-руску, па-руску ж камунікавала ў сям'і. Беларускую мову, распавядае Ірына, дачка амаль засвоіла, а вось правільнае вымаўленне — зацвярдзелыя «ч», «дж», «р» — дагэтуль асіліць не можа.

— Напрыклад, кажа не «пачынаецца», а «пачінаецца», не «Ірына», а «Іріна». І ніяк яе не атрымоўваецца перавучыць. То бок дзіця нібыта размаўляе па-беларуску, але ж гучыць гэта, як руская мова. Ці не атрымаецца так, што, займаючыся з лагапедам на рускай мове, жывучы ў рускамоўным асяроддзі, мы проста страцім беларускае вымаўленне? — ставіць пытанне Ірына.

Вольга Ліпская ўпэўнена: нават калі паставіць дзіцяці рускія гукі, яно пасля само выправіць вымаўленне.


Фото носит иллюстративный характер. Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

— Гукі стануць на свае месцы. Толькі дзіцяці будзе складана псіхалагічна. Лагапеду таксама, бо паставіць рускія гукі цяжэй, чым беларускія.

Мяркуючы па сваім досведзе, Вольга адзначае, што перайначванне вымаўлення ў дзіцяці адлюстроўваецца і на бацьках.

— Ёсць прынцыповы момант: чаму бацькі мусяць вадзіць дзяцей да рускамоўнага лагапеда? Шмат хто хоча, каб да 6−7 гадоў дзеці цалкам засвоілі беларускую мову. А пасля дзіця само зробіць выбар, якую мову выкарыстоўваць. Гэта па-першае. Па-другое, яны не хочуць, каб дзіця адчувала непатрэбнае псіхалагічнае напружанне. Бо дома даводзіцца займацца па адных практыкаваннях, на занятках — па іншых. У дзяцей у гэтым узросце шмат псіхалагічных крызісаў. Навошта дадаваць яшчэ адзін? Калі ўжо няма куды ісці, то тады, магчыма, варта звяртацца да рускамоўнага лагапеда. Мая ж задача — стварыць умовы, каб было, куды ісці, каб не пакутавалі ні бацькі, ні дзеці.

Яшчэ пяць гадоў таму Вольга Ліпская была ледзь не адзіным лагапедам у Мінску, здольным весці заняткі па-беларуску. Цяпер, кажуць бацькі, лагапедаў стала болей. Хоць, распавядае Вольга, беларускамоўных дзяцей, якім патрэбна лагапедычная дапамога, заўжды было нямала.

— Як мае калегі з паліклінікі могуць казаць, што беларускамоўных дзяцей няшмат, таму не трэба праводзіць з імі дыягностыку па-беларуску? Няхай іх будзе 10, але яны ўсё адно маюць права атрымаць належную дапамогу. Дый не ведаю, хто кажа, што іх мала. Беларускамоўных дзяцей шмат. І становіцца ўсё болей.


Фото носит иллюстративный характер. Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Сама Вольга пачынала сваю лагапедычную практыку па-руску. Пасля абставіны склаліся так, што давялося перайсці на беларускую мову, хоць «рускамоўную дапамогу» яна таксама дагэтуль аказвае.

— Складанасцей у тым, каб перайсці на іншую мову, асабіста ў мяне не было: усё ж карані беларускія, шмат гадоў працавала ў школе з беларускай мовай навучання. Адзінае — усе метадычныя распрацоўкі па лагапедыі былі на рускай. Трэба было крапатліва працаваць, каб скласці новыя практыкаванні ці знайсці ўжо існуючы матэрыял, па якім працаваць з дзецьмі. Распрацовак, метадычнай базы практычна не было. Даводзілася перакладаць і казкі, і вершы, і хуткамоўкі. А пасля індывідуальна падбірала для кожнага дзіцяці. Цяпер база крыху лепшая, чым 10 гадоў назад. Хаця не параўнаць з рускамоўнымі выданнямі. Але хоць штосьці - для мяне і гэта добра.

— Калі матэрыялаў стала болей, у чым праблема для вашых калегаў ужываць гэтыя распрацоўкі, якія ёсць у свабодным доступе?

— Які ім сэнс пераходзіць на беларускую мову, калі, магчыма, яны наогул не ведаюць яе? Было б прасцей, калі б стварылі асацыяцыю беларускамоўных лагапедаў. Альбо калі адмыслова накіроўвалі б бацькоў з беларускамоўнымі дзецьмі на камісію, у складзе якой быў бы лагапед, здольны правесці дыягностыку на беларускай мове.

Для бацькоў гэта сапраўды праблема, хаця хутчэй — крык душы. Гэта іх права — каб дзіцёнка абследавалі так, як таго патрабуе закон. У краіне дзве мовы. Але руская паўсюль, в беларуская — практычна нідзе. Гэта крыўда і роспач. Але трэба не сядзець у роспачы, а нешта прыдумляць.

←Дожди с грозами ожидаются по востоку Беларуси 28 августа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика