Працавітая гаспадыня ўтульнага падворка

Источник материала:  

Працавітая гаспадыня ўтульнага падворка

Праязджаючы праз Зарэчча, я неаднойчы звяртала ўвагу на прыгожую сядзібу, што знаходзіцца ў самым пачатку гэтай маленькай вёсачкі. А вось не так даўно пазнаёмілася і з гаспадыняй утульнага падворка — Любоўю Тарасаўнай Аглінішкіс. Сустрэліся мы напярэдадні яе 85-гадовага юбілею, які мая суразмоўца будзе святкаваць 25 жніўня.

Напэўна, лёс большасці нашых беларускіх жанчын мог бы стаць асновай для сцэнарыя фільма, магчыма, нават не аднаго. Так і ў жыцці Любові Тарасаўны хапала розных момантаў: і прыгожых, радасных, і вельмі цяжкіх, горкіх.

— Я нарадзілася ў вёсцы Гарадзішча ў шматдзетнай сям’і, — пачынае распавядаць пра сваё жыццё Любоў Тарасаўна. — Сямёра дзяцей нас было ў бацькоў (5 дзяўчынак і 2 хлопчыкі). Я самая меншая. Мне было толькі тры дні ад нараджэння, як памёр ад хваробы тата. Цяжка маме адной нас было гадаваць. Яшчэ да вайны мы пераехалі ў Зарэчча. Мамін брат дапамог набыць і перавезці сюды невялічкую хатку. Мне на той час было не болей за 5 гадоў. Вось з той пары маё жыццё звязана з гэтай вёскай.

Наша хата стаяла крыху воддаль ад вуліцы. Мама вельмі любіла кветкі і шмат іх заўсёды вырошчвала. На Макавея (Мядовы Спас) з Балашэвіч людзі ішлі ў царкву і заўсёды заходзілі да нас, прасілі нарваць кветак.

Калі пачалася вайна, мне было восем гадоў. Успаміны пра той цяжкі час вельмі смутныя. Памятаю толькі, што на крухмальным заводзе (быў адкрыты ў Зарэччы ў 1936 годзе на тэрыторыі былой панскай сядзібы. — Аўт.) немцы нешта выраблялі: туды прывозілі гародніну (моркву, капусту, бульбу), там стаяла ахова і пускалі толькі рабочых. А я, неразумнае малое дзіця, хадзіла туды па ласункі: прыйду, патанцую, і мне нямецкія ахоўнікі цукерак дадуць.

У школу я пайшла ўжо пасля вызвалення і, вядома ж, вучылася з дзецьмі, за якіх была старэйшая. Спачатку скончыла ў Балашэвічах пачатковую школу, а потым у 1950-м годзе сямігодку ў Глуску. Увогуле, я за шэсць гадоў скончыла сем класаў: некалькі месяцаў павучылася ў першым класе, і адразу мяне перавялі ўжо ў другі. Калі вучылася ў шостым класе, цяжка захварэла і памерла мама. Далей мяне гадавалі старэйшыя сёстры ды брат.

Пасля школы спрабавала паступіць у Бабруйскі фінансавы тэхнікум. Але адначасова са мною па льготах паступала шмат дзяцей-сірот з Глускага дзіцячага дома, і для мяне ўжо не хапіла месца. Прыйшлося вяртацца дадому. Пайшла працаваць на крухмальны завод. Але праз некалькі месяцаў паддалася на ўгаворы заехаўшага ў нашу вёску вярбоўшчыка і адправілася працаваць аж на Урал, а дакладней, у Свярдлоўскую вобласць, пасёлак Кушва. Са мною разам паехалі знаёмыя дзяўчаты з Падзамшы, Вайцяхова, Падлужжа. Кожнаму работніку адразу па прыездзе давалі па 500 рублёў, так званыя пад’ёмныя грошы. Спачатку я працавала на лесараспрацоўцы. За змену нам, дзяўчатам, патрэбна было абсекчы галіны на 22 спілаваных дрэвах. Акрамя таго, галлё мы павінны былі прыбраць (зімою яго спальвалі), усё чыста падгрэбці. Трэба сказаць, што бывала вельмі цяжка. Нават некаторыя маладыя хлопцы не вытрымлівалі такой нагрузкі і з’язджалі. Праз некаторы час мяне перавялі на іншую працу: я раздавала лесарубам ежу, мыла посуд. Жылі мы ў інтэрнаце па 8—12 чалавек у пакоі. (Слухаючы Любоў Тарасаўну, я ўзгадала стары савецкі фільм “Дзяўчаты”. — Аўт.) Шмат людзей прыязджала на лесараспрацоўкі з розных рэспублік Савецкага Саюза.

Так адпрацавала я год. Вярнулася дадому, адпачыла некалькі месяцаў і зноў адправілася на заробкі. Цяпер ужо ў Архангельскую вобласць. У пачатку 1950-х гадоў рабочыя рукі патрэбны былі ўсюды. Працавала на чыгунцы — мянялі шпалы. Жылі мы ў перасоўным пасёлку. Праца лягчэйшая была, ды і ўмовы побыту лепшыя, чым на Урале. У Архангельскай вобласці я сустрэла і каханне на ўсё жыццё — свайго будучага мужа, з якім пражылі разам 46 гадоў. Ажаніліся мы і некаторы час яшчэ жылі там, але вельмі хацелася дадому, і мы вырашылі паехаць на маю радзіму ў Зарэчча.

Спачатку некаторы час жылі ў маіх сясцёр, потым старую хату адрамантавалі і перайшлі туды. Пазней і сваю новую, вось гэтую, паставілі. Першы час вельмі цяжка прыходзілася, калі гаспадаркай яшчэ не разжыліся. Бывала, што накідкі на падушкі, якія я сама вышывала прыгожымі ўзорамі, мяняла ў нашых вясковых жанчын на сала. А потым і па замове абрусы вышывала, таксама, каб абмяняць на нешта. Удзень не хапала часу, прыходзілася ноччу сядзець ды вышываць.

Калі дзеткі, а іх у мяне было шасцёра, крыху падраслі, пайшла працаваць на плодаагароднінны завод, у крухмальны цэх, размешчаны ў Зарэччы. Амаль усе вясковыя жанчыны працавалі тут. На заводзе вельмі дружны калектыў быў: людзі добрыя, адзін аднаго заўсёды падтрымлівалі. А вось праца была вельмі цяжкая. Уявіце, што за змену трэба было зрабіць дзве тоны сухога крухмалу. Наш цэх пачынаў працаваць дзесьці ў жніўні-верасні, калі нарыхтоўвалі бульбу. Бурты з бульбай стаялі не толькі на тэрыторыі цэха, але і ад нашай хаты амаль да лесу (у бок Глуска). Сыравіны для вытворчасці крухмалу хапала да красавіка наступнага года. Акрамя гэтага, наш цэх нарыхтоўваў яшчэ слівы і яблыкі, якія мы перапрацоўвалі на павідла.

З 1963 года і да выхаду на пенсію ў 1993 годзе Любоў Тарасаўна працавала ў крухмальным цэху рабочай і некалькі гадоў майстрам. Як пераможца сацыялістычнага спаборніцтва, жанчына не раз атрымлівала падзякі і прэміі, а ў 1973 годзе яе ўзнагародзілі нават знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года”. Бездакорную працу Любові Тарасаўны неаднаразова адзначалі Ганаровымі граматамі. У 1994 годзе ўручылі медаль “Ветэран працы”.

Але Любоў Тарасаўна не толькі ўдарна працавала. Разам з мужам яны выгадавалі, як кажуць, паднялі на ногі шасцёра дзяцей (на жаль, трое сыноў сышлі ў іншы свет зусім маладымі, пакінуўшы малымі сваіх дзетак і незагойную рану ў сэрцы маці). А зараз яна мае ўжо 9 унукаў і 11 праўнукаў.

Любоў Тарасаўна падзялілася са мною рэцэптам любімага ласунка сваіх дзяцей, унукаў і ўжо праўнукаў — тварожных хрушчоў (па-руску “хворост”). Гатуюцца яны вельмі проста, і інгрэдыенты патрэбны таксама звычайныя: прыкладна 500 грамаў тварагу, 2—3 яйкі, цукар на свой смак, крыху соды, мука, каб замясіць крутое цеста. Змяшаць тварог з іншымі прадуктамі, затым цеста раскачаць качалкай, адмыслова разрэзаць і зрабіць печыва. Пакласці яго на змазаную посным маслам форму і выпякаць у печы або духоўцы.

Так, быў час, калі Любоў Тарасаўна клапацілася пра сваіх дзетак ды ўнукаў, а цяпер вось надышоў час, калі ўжо маладое пакаленне клапоціцца пра сваю маці ды бабулю. Усё, што цяпер ёсць на падворку, — прыгожая альтанка, дэкаратыўныя кошыкі для кветак і іншыя ўпрыгожанні ды збудаванні — зроблена рукамі сына, унукаў. Дапамагаюць, канешне ж, дочкі, нявестка — у хаце і палісадніку поўны парадак.

І ў дзень юбілею, безумоўна, збярэцца ў роднай хаце вялікая сям’я, каб павіншаваць юбілярку, каб падзякаваць маці і бабулі за дабрыню і цяпло, якімі заўсёды акружала, за разуменне і цярпенне, за слушныя парады… Мы таксама далучаемся да вінша-ванняў і жадаем гэтай шчырай і простай вясковай працаўніцы доўгага жыцця, моцнага здароўя, спакою на душы.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

←В Каменной горке появится парк аттракционов с колесом обозрения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика