Убрана – 811 га
Намалочана – 2547 тон
Ураджайнасць – 31,4 ц/га
Маладзёжны экіпаж у складзе Васіля Калесніка і Эдуарда Гуцко ў кожным сезоне ў прызавых месцах у раённым спаборніцтве.
Хлопцы падчас жніва на камбайне КЗС-1218 убралі 183 га збожжавых і намалацілі 631 тону. Летась гэты экіпаж заняў другое месца.
– Неяк не даводзіцца нам стаць першымі, — з усмешкай кажа Васіль. – Штогод месцы чаргуюцца – то другое, то трэцяе. Але гэта нас не турбуе, мы робім сваю справу.
Падчас нашай сустрэчы хлопцы рыхтавалі камбайн да зімоўкі. Для Васіля Калесніка гэта ўжо шосты ўборачны сезон, а для Эдуарда – толькі другі.
Каб дабівацца добрых вынікаў на жніве, у гаспадарцы трэба мець і адпаведную агранамічную службу. За гэтую галіну адказвае галоўны аграном Таццяна Іванаўна Рашэцкая. Пра тое, што жанчына літаральна жыве сваёй справай, сведчыць той факт, што яна як прыехала на работу ў Рухчу ў 2007 годзе, пакідаць яе не збіраецца. Як кажуць – пусціла карані. Выйшла замуж, нарадзіла сына Аляксандра. Тут працуе механізатарам і яе муж Аляксандр.
– Хоць нарадзілася я і выгадавалася ў р. п. Рэчыца, але з дзяцінства любіла зямлю. Бацькі прывілі гэтую любоў. Пасля заканчэння ліцэйскага класа ў СШ № 3 з хіміка-біялагічным ухілам паўстаў выбар прафесіі – медыцына ці агранамія. Я адразу зразумела, што медыцына – не маё. І паступіла ў Ляхавіцкі аграрны каледж. Потым па размеркаванні накіравалася працаваць у Рухчу. Недзе паўгода працавала хімікам-насенняводам, а потым стала галоўным аграномам. Канешне, адразу было цяжка – быць амаль адной дзяўчынай сярод мужчынскага калектыву. Дзякуй дырэктару Генадзю Станіслававічу Хараўцу, што падтрымліваў мяне.
А ў гэты час мы шпарка рухаліся на асабістым аўтамабілі да поля з кукурузай. Таццяна вырашыла пахваліцца надта добрым ураджаем “царыцы палёў”. Сказала, што месцамі кукуруза вышэй за тры метры.
– У нас даволі малады калектыў, усе работнікі адказныя і разумеюць, што ад таго, як спрацуюць, залежыць іх фінансавы дастатак. У гаспадарцы я адказваю за севазварот, размяшчэнне культур па палях, пасяўныя плошчы і іншае.
Факт – кукуруза у ваколіцы Рухчы вымахала ў неба. Адназначна – вышэй за тры метры.
На пытанне, аб чым марыць Таццяна, яна адказала:
– Хачу такі аўтамабіль, які будзе добра ехаць па полі. Якая машына патрэбна? Ды любая, якая лепш прыстасавана для агранаміі. Буду рада і “Ніве”.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара