19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з двунадзясятых святаў — Праабражэнне Гасподняе. Даўняя традыцыя правядзення фэсту ў Райцы менавіта 19 жніўня застаецца самым галоўным прастольным святам, бо Спаса-Праабражэнская царква аграгарадка, якая вытрывала і ваеннае, і савецкае ліхалецце, перажывае сваё асабістае “праабражэнне”. Адноўленая ў 2003 годзе да не зусім першапачатковага выгляду і асвечаная ў гонар святой вялікапакутніцы Варвары, летась адзначыла 200-годдзе свайго існавання.
Сёлета ж у храма ізноў юбілей: 15 год з дня рэстаўрацыі.
Вечар нядзелі для тых, хто прыйшоў на свята ў храм, стаў сапраўдным і вельмі дарагім падарункам. Менавіта да юбілею пачатку рэстаўрацыі ў храме з’явілася шэсць новенькіх званоў, якія асвяціў благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса.
Майстар-клас па калакольным звоне правёў настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Аляксей Шышкір. І зрабіў гэта настолькі эмацыянальна, што ад жадаючых пазваніць у званы не было адбою.
Свята прадоўжылася на пляцоўцы ля царквы. Святочны канцэрт, падрыхтаваны прыхаджанамі храма, адрасаваў іх у мінулае. У свой час пры храме дзейнічала царкоўна-прыхадская школа, у 1885 годзе пачало сваю дзейнасць Райцаўскае Свята-Праабражэнскае народнае брацтва, дзейнічала Багародзічнае таварыства лячэння і народных спеваў. Царква святой Варвары выстаяла ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, аднак знаходзілася ў паўразбураным стане. Вясной 1959 года царква была разбурана, а магілы памешчыкаў Раецкіх, якія будавалі царкву, былі раскіданы і разрабаваны. І толькі 15 гадоў таму храм пачалі аднаўляць усім мірам.
На сцэне выступілі айцец Аляксей і матушка Таццяна.
Паэтэса Аляксандра Панасенка
Паэтэса Антаніна Аўчыннікава
Айцец Аляксандр Шыш, які пачынаў аднаўляць храм святой Варвары
Прыхаджанка Паліна Базар
Паэтэсы Марыя Палуян
і Ала Петрушкевіч
Пасля святочнага канцэрта, напоўненага духоўнасцю і душэўнай чысцінёй, усе вернікі накіраваліся да цэнтральнага ўвахода ў царкву і запусцілі ў неба папяровыя ліхтарыкі.
Іна ЛЕЙКА
Фота і відэа аўтара