Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт

Источник материала:  

Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
Месца сустрэчы змяніць нельга. Не тое, каб нельга, як непатрэбна яго мяняць. Бо, як вядома, ад дабра дабра не шукаюць. Вось і зона адпачынку Лысуха ў Глускім раёне даўно і надзейна стала традыцыйным і найлепшым, найзручнейшым месцам правядзення раённых турыстычных злётаў. Напрыканцы мінулага тыдня, 27 ліпеня, там распачаўся моладзевы турзлёт, прысвечаны Году малой радзімы і 100-годдзю ўтварэння УЛКСМ. А раз так, то яго ўдзельнікамі былі як члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, так і ветэраны камсамольскага руху. Спалучэнне ў камандах сучаснага крэатыву і камсамольскай загартоўкі спрыяла таму, што ўсе іх выступленні праходзілі весела, лёгка, цікава.

У злёце прынялі ўдзел шэсць каманд: “СуперМед” (цэнтральнай раённай бальніцы), “Народжаныя ля ракі” (Веснаўскі дом-інтэрнат), “Экстрым” (УКП “Жылкамгас”), “Райпоўскія турысты” (райпо), “Лясныя браты” (Глускага лясгаса), “Адрэналін” (аграфірмы “Слаўгарадскі”).

Менавіта каманда “Адрэналін”, як зараз кажуць, літаральна парвала публіку сваім выступленнем. Гэта быў сапраўдны музычны спектакль з шыкоўнымі касцюмамі і не менш шыкоўнымі артыстамі. Не дзіва, што журы менавіта ім прысудзіла першае месца на конкурсе візітовак. Другі вынік гэта надзвычай дружная каманда заняла ў валейболе. Маладыя, лёгкія, спрытныя, другімі яны сталі і на турыстычнай паласе перашкод, а яшчэ  жылістыя, бо ў перацягванні каната саступілі толькі адной камандзе і таксама занялі 2-е месца. У дартсе ў асабістым заліку вызначылася Яна Мірончык, заняўшая 3-е месца. А ў іхнім лагеры мне спадабаўся тэматычны куток з двума жалезнымі ложкамі на спружынах, які я б назвала “Назад у СССР”.


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
Сапраўдны байцоўскі характар праявіла на гэтым злёце каманда “Народжаныя ля ракі”, а разам з гэтым — згуртаванасць і адзінства, бо разам з работнікамі дома-інтэрната выступалі і іх выхаванцы, прычым выступалі добра, не падвялі, разам яны заваявалі 3-е месца ў валейболе. Сваю візітоўку прысвяцілі роднай Глушчыне, а ў лагеры, які быў упрыгожаны адмысловымі вырабамі выхавацеляў і выхаванцаў, падрыхтавалі сапраўдную фотавыставу, дзе можна было пабачыць, якой была наша Пціч чвэрць стагоддзя таму назад. А гэта не толькі адпавядае тэме турзлёту, але і наглядна ілюструе назву каманды — малайцы!


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
“Лясныя браты” свой лагер уладкавалі так, каб было максімальна зручна турыстам і мінімальна шкодна для прыроды, ва ўсім адчувалася, што яны добра ведаюць і маюць усё неабходнае для выжывання ў лесе. Забягаючы наперад, скажу, што і пасля турзлёту на месцы іх лагера была ўзорная чысціня — ні паперкі, ні пакеціка. Чыстую перамогу заваявалі “Лясныя браты” ў валейболе, перайграўшы ўсе каманды, трэцімі сталі яны ў перацягванні каната. Іх Косця Гізун і Наташа Маркавец занялі 1-я месцы ў дартсе і прынеслі 1-е месца ў гэтым спаборніцтве ўсёй камандзе. Вельмі лірычнае выступленне, прасякнутае любоўю да роднай зямлі і прыроды, было ў іх падчас візітоўкі. Аднак не лірыкай адзінай жыве турыст: паходная страва іх была, мабыць, вельмі смачнай, бо журы прысудзіла за яе 3-е месца. А яшчэ — спажыўнай, бо сілы засталіся і да наступнай раніцы, і “Лясныя браты” з трэцім вынікам прайшлі даволі нялёгкую паласу перашкод, падрыхтаваную ратаўнікамі.


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
Над уваходам у лагер “Райпоўскія турысты” быў надзейна прымацаваны сапраўдны пераходны чырвоны сцяг “за высокія паказчыкі ў сацыялістычным спаборніцтве” — і гэта не бутафорыя, гэта слаўная гісторыя Глускага райпо савецкіх часоў. Сённяшнія кааператары, дакладней, “Райпоўскія турысты”, змаглі цікава, нават у вершах расказаць пра кожнага члена каманды, не без густу і гумару ўладкаваць свой лагер і заняць 3-е месца ў конкурсе быту (як мне здалося, іх лагер быў самым мнагалюдным і вясёлым) і прыгатаваць самую смачную страву — на 1-е месца. На жаль, спартыўныя конкурсы ўдаліся ім не так добра, а з паласы ратаўнікоў, што была назаўтра, каманда і ўвогуле знялася. Але якая песня была ў іх на завяршэнні першага турыстычнага дня! Зрэшты, пра гэты конкурс будзе сказана асобна, бо ён таго заслугоўвае!


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
За  званне самай музычнай смела магла пазмагацца каманда “Экстрым” Глускага “Жылкамгаса” — песні  пад баян гучалі ў яе лагеры ў час кароткіх перапынкаў паміж конкурсамі, песняй пад баян сустракалі гасцінныя гаспадар з гаспадыняй у нацыянальных строях членаў журы падчас знаёмства з лагерам. Між іншым, ён быў арганізаваны грунтоўна, усе камунальна-бытавыя зручнасці добра прадуманы, што і прынесла ім 2-е месца. А пра малую радзіму нагадваў плакат са словамі Сяргея Грахоўскага. Больш таго, верш паэта-земляка пра Глуск на памяць прадэкламаваў журналістам адзін з “экстрымаўцаў” і гэтым канчаткова пакарыў сэрцы дзвюх былых настаўніц беларускай мовы і літаратуры. Але пакінем асабістае, а зазірнём у выніковую табліцу: там пазначана, што “Экстрым” заняў 1-е месца ў перацягванні каната, з трэцім вынікам прайшоў турыстычную паласу, з другім — паласу ад ратаўнікоў, Андрэй Мядзведка стаў другім у дартсе і прынёс камандзе 3-е месца. Згадаўшы сучасныя тэхналогіі, цікава і з гумарам расказалі “экстрымаўцы” пра кожнага члена сваёй каманды, пра тое, як кожны з іх рыхтаваўся да гэтага злёту, і тым заслужылі яшчэ адно 3-е месца. Змаглі смачна прыгатаваць і цікава прапанаваць сваю паходную страву і зноў атрымалі прызавое месца — 2-е.


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
Медыкі пачалі здзіўляць і радаваць усіх ужо на самым старце конкурснай праграмы: выйшлі з выявамі камсамольскіх значкоў і правялі камсамольскі сход — з чырвоным абрусам, графінам і шклянкай, прабралі і калектыўна асудзілі асобных несумленных камсамолак, а потым узялі іх на парукі, як і было заведзена — з павышанымі абавязацельствамі. Цікава, смешна, у тэму і на 2-е месца. Не ведаю, наколькі лёгка, але з лепшым вынікам каманда “СуперМед” прайшла турыстычную паласу і паласу перашкод ад ратаўнікоў, 2-е месца заняла ў дартсе (у асабістым заліку другой стала Ірына Ёшчык, трэцім — Сяргей Ганчароў). А ў турыстычным лагеры, акрамя ўсяго патрэбнага для быту, быў і камсамольскі куток — з сапраўднымі вымпелам, камсамольскімі білетамі і значком, усё гэта прынесла медыкам яшчэ адну перамогу.


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
І вось прыйшоў час сказаць пра конкурс песні. Асабіста я не бяруся судзіць, хто выступіў лепш за ўсіх, і не толькі таму, што не маю нават зародкаў музычных здольнасцяў, а і таму, што па настроі, па шчырасці, душэўнасці выканання, па тым пазітыўным пасыле, які ішоў ад выканаўцаў і каманд (амаль усе выступалі разам), яны ўсе справіліся з гэтым конкурсным заданнем выдатна. Гледачы (яны ж сапернікі) і журы то зачаравана слухалі, то дружна падпявалі, то пускаліся ў скокі. Прызавыя ж месцы за песню размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца — “Райпоўскія турысты”, 2-е — “Адрэналін”, 3-е — “СуперМед”.


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт

Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
Падчас адкрыцця злёту намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімчанка пажадаў камандам цікавых выступленняў, сумленных перамог і добрага адпачынку. Так усё і сталася: назіраць за тым, як турысты спраўляюцца з заданнямі, было цікава, на этапах яны падбадзёрвалі, падтрымлівалі не толькі адзін аднаго, але і сваіх сапернікаў і шчыра радаваліся перамогам, бо ні адна з іх не далася лёгка.

Начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Святлана Лісіца на цырымоніі закрыцця падзякавала камандам за іх удзел у гэтым злёце і адзначыла, што добра падрыхтаваліся і добра выступілі ўсе. А пераможцамі раённага турыстычнага злёту сталі: “Адрэналін” (аграфірма “Слаўгарадскі”) — 3-е месца, “Экстрым” (УКП “Жылкамгас”) — 2-е, “СуперМед” (цэнтральнай раённай бальніцы) — 1-е месца. Прызёрам і пераможцам турзлёту — ура, а яшчэ граматы і падарункі! Вялікі дзякуй — усім яго ўдзельнікам. І асобны дзякуй усім, хто прыклаў намаганні, каб гэты злёт адбыўся, прайшоў цікава, зладжана, арганізавана. Гэта райкам БРСМ, спартшкола і спартклуб, Цэнтр творчасці, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, раённы Дом культуры (вялікі дзякуй за музыку, якая была цудоўным фонам гэтых двух турыстычных дзён і многіх ветэранаў камсамола вярнула ў іх маладосць). Таксама дзякуй за святло і ваду, за пажарную бяспеку. А яшчэ слоў падзякі заслугоўваюць тыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія здолелі сабраць каманды для ўдзелу ў злёце. Вы правільна мысліце і правільна робіце, што падтрымліваеце такія ініцыятывы, падобныя мерапрыемствы  патрэбны, яны ўмацоўваюць калектывы, дапамагаюць людзям адцягнуцца ад будзённых клопатаў, мітусні, раскрыць свае таленты і проста цікава адпачыць. Ці ж гэта перашкодзіць вытворчаму працэсу?!


Сучасны крэатыў і камсамольская загартоўка: у Глускім раёне прайшоў турыстычны злёт
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны АЎТУХОВАЙ,

Аксаны ВАСІЛЕЎСКАЙ і аўтара

Больш фота – у Фотагалерэі, 2018 год, альбом «Турслет-2018″

←Вертолет МЧС Беларуси вернулся после тушения пожара в Латвии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика