Маёр Мікалай Аляксеенка: “Няма задач, якія не выконваюцца!”
Маёр Мікалай Аляксеенка: “Няма задач, якія не выконваюцца!”
Мікалай Фёдаравіч Аляксеенка – кадравы афіцэр, маёр, служыў у 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі ў Віцебску. Мікалай Фёдаравіч тры гады быў ваенным камісарам Шумілінскага раёна. А яшчэ большасць шумілінцаў і гасцей нашага горада ведаюць Мікалая Фёдаравіча, як яркага спевака, пастаяннага ўдзельніка святочных канцэртаў.
Пра чуб, песні ды дзіцячыя мары
Нарадзіўся Мікалай Аляксеенка ў Арэнбургу ў шматдзетнай сям’і. “Я – сын данскіх казакоў, – усміхаецца ён. – Ад казакоў у мяне празмерная любоў да песень і танцаў, а таксама чуб казацкі”.
Дзесьці ў 10 год хлопчык задумаў стаць лётчыкам. У тыя гады гэта была патаемная мара ўсіх хлопцаў. З-за гэтай мары было зроблена безліч скачкоў з суседскіх дахаў – так хлопчык рыхтаваўся стаць лётчыкам. Калі Мікалай быў у 9-м класе, сям’я пераехала ў Кіргізскую ССР. Кіргізія запомнілася непаўторнымі горнымі краявідамі і самабытнымі традыцыямі мясцовага насельніцтва.
У 1958 годзе юнака прызывалі на тэрміновую вайсковую службу. У ваенкамаце Мікалай Аляксеенка даведаўся, што служыць будзе ў Віцебску, у 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. “Добра памятаю, як нас, навабранцаў, у горадзе Фрунзе (зараз Бішкек – аўт.) пасадзілі ў вагоны-цяплушкі, – кажа Мікалай Фёдаравіч. – Палохала невядомасць, і тыя 10 сутак, што дабіраліся да Беларусі, казаліся вечнасцю. Але ўсё змянілася, калі прыбылі ў Віцебск. Адразу ўлюбіўся ў беларускую прыроду – менавіта гэта любоў і стала першым і самым яскравым уражаннем пра Віцебшчыну”.
Ніхто, акрамя нас
Служылася навабранцу ў 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі добра. Хлопец хутка прызвычаіўся да вайсковага ладу жыцця, а фізічныя нагрузкі не здаваліся для яго звышцяжкімі. Яшчэ да прыняцця ваеннай прысягі Мікалай зразумеў сэнс папулярных сярод дэсантнікаў дэвізаў – “Ніхто, акрамя нас” і “Ёсць Паветрана-дэсантныя войскі і няма задач, якія не выконваюцца!”. Гэтыя словы сталі для мужчыны галоўнымі прынцыпамі ў жыцці.
Праз чатыры месяцы службы салдат Аляксеенка зрабіў свой першы скачок з парашутам. “Першы скачок памятаеш усё жыццё, – расказвае Мікалай Фёдаравіч. – 2 студзеня нам паведамілі, што ў нас будуць скачкі з аэрастата. Вучэнні праходзілі пад Віцебскам, каля вёскі Камары. Які адрэналін, калі робіш крок у пустату. А за тыя некалькі секунд, пакуль адкрыецца парашут, паспяваеш падумаць пра многае”. Усяго ў М. Ф. Аляксеенкі 143 скачкі з парашутам, у тым ліку ёсць скачкі, якія лічацца найбольш складаным: з вышыні больш чым 5200 метраў і з 40-секунднай затрымкай раскрыцця парашута.
Пасля першага скачка Мікалай цвёрда вырашыў, што будзе афіцэрам. Пра свой намер салдат распавёў камандаванню, яго падтрымалі. У 1959 годзе М. Ф. Аляксеенка паступае у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча.
Афіцэрская сцежка
Пасля заканчэння ваеннага вучылішча М. Ф. Аляксеенка сам папрасіўся, каб яго накіравалі ў Віцебск. “За год тэрміновай службы 103-я паветрана-дэсантная дывізія стала для мяне роднай. Я добра разумеў, што афіцэры дывізіі дапамогуць у маім станаўленні”, – успамінае Мікалай Фёдаравіч. А літаральна праз дзень-другі пасля вяртання ў Віцебск, у мясцовым доме культуры Мікалай пазнаёміўся з Нінай, праз тры месяцы яны ажаніліся. У лютым гэтага года Мікалай і Ніна Аляксеенкі адсвяткавалі 55-годдзе сумеснага жыцця – “ізумруднае вяселле”.
Першыя крокі лейтэнанта Аляксеенкі не былі лёгкімі. У дывізіі яму даверылі самы складаны ўзвод. “У гэтым ўзводзе праходзілі службу салдаты з Каўказа, многія з іх былі старэй прызыўнога ўзросту, узнікалі пытанні з дысцыплінай. Паміж сабой яны часта размаўлялі на сваіх мовах”, – тлумачыць Мікалай Аляксеенка. Маладому афіцэру хапіла месяца, каб навесці парадак, асноўнымі прынцыпамі былі справядлівасць і патрабавальнасць. Дапамагло і тое, што Мікалай Фёдаравіч у Арэнбургу і ў Кіргізіі рос і выхоўваўся ў шматнацыянальным асяроддзе, крыху разумеў іншыя мовы.
Кіраўніцтва дывізіі заўважыла перспектыўнага афіцэра і ў хуткім часе прызначыла яго камандзірам групы глыбіннай разведкі. Пра гэтыя тры гады Мікалай Фёдаравіч ўспамінае з асаблівай цеплынёй. Адразу ўзгадвае пра вучэнні на ракетнай базе пад Гарадком: “Маю групу “ўзялі” ў палон, толькі вось не чакалі ад нас, што мы, будучы “палоннымі” будзем нешта рабіць. У выніку мы не толькі змаглі вызваліцца, а і здабылі важныя дакументы”. Разведгрупа Аляксеенкі была адной з лепшых у Паветрана-дэсантных войсках: у 1965 годзе ў спаборніцтвах паміж разведпадраздзяленнямі дэсантнікі 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі занялі другое месца.
У 1968 годзе старшага лейтэнанта М. Ф. Аляксеенку прызначаюць камандзірам парашутна-дэсантнага батальёна. Як сам прызнаецца, маж-ліва гэты час і не запомніўся б так ярка, як служба ў разведцы. Але ж, 1968 год – “Пражская вясна” ў Чэхаславакіі. Падчас аперацыі “Дунай” у жніўні таго
года батальён 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі дэсантаваўся ў горад Брно.
На курсах павышэння кваліфікацыі ў Разанскім вышэйшым паветрана-дэсантным камандным вучылішчы афіцэраў, сярод якіх быў і М. Ф. Аляксеенка, рыхтавалі да таго, што ў дэсантнікаў з’я-віцца баявая машына дэсанта (БМД-1). У 1971 годзе ў 103-й дывізіі з’явіліся першыя 10 БМД, кіраваць ротай прызначылі М. Ф. Аляксеенку. Пераймаць перадавы вопыт выкарыстання БМД прыязджалі з усіх дэсантных часцей былога СССР. Здаецца, афіцэрская кар’ера Мікалая Фёдаравіча была на самым узлёце. Але ў 1973 годзе падчас вучэнняў ён трапляе ў аварыю, якая фактычна паставіла крыж на дэсантнай службе Аляксеенкі.
Ваенны камісар
Першым ваенкаматам, у якім прадоўжыў службу афіцэр Аляксеенка, стаў ваенкамат у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, затым быў ваенным камісарам Лельчыцкага РВК.
“Найбольш складанай, але разам з тым і цікавай, была служба ў Забайкальскім ваенным камісарыяце Чыцінскай вобласці, – успамінае Мікалай Фёдаравіч. – Жартавалі, што ў Забайкальску толькі дзве тэмпературы: +42 і –42 градусы. Цяжка прызвычаіцца да такога надвор’я. А тое, што горад знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Кітаем накладвала асаблівую адказнасць”.
У 1984 годзе Мікалаю Фёдаравічу прапанавалі ўзначаліць адзін з трох ваенкаматаў – Шумілінскі, Бешанковіцкі ці Верхнядзвінскі. “Калі называлі ваенкаматы, то адразу ўспомніў вёску Хацілава пад Шумілінам, дзе я скакаў з парашутам, – расказвае М. Ф. Аляксеенка. – Так прыехаў у Шуміліна”.
“Тры гады у Шумілінскім ваенкамаце былі вельмі складаныя, – дзеліцца Мікалай Фёдаравіч. – На той час менавіта ваенныя камісары прыносілі ў сем’і страшныя весткі з Афганістана. На жаль, не абмінула смерць і шумілінскія сем’і: у 1984 годзе загінулі малодшы сяржант Іван Сокалаў, старшы лейтэнант Віктар Угнявёнак і маёр Анатоль Скобаў, у 1985 годзе – прапаршчык Пётр Чуркін. Ды і 1986 год быў не лягчэй – адпраўлялі шумілінцаў на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС”.
Маёр ў адстаўцы М. Ф. Аляксеенка знайшоў сябе і ў грамадзянскім жыцці. Каля 10 год узначальваў штаб грамадзянскай абароны ў Шуміліне і ў Чыгуначным раёне г. Віцебска, быў выкладчыкам у прафтэхвучылішчы.
Мікалай Фёдаравіч і сёння займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, быў адным з ініцыятараў стварэння раённай арганізацыі “Беларускага саюза афіцэраў”, часта бывае ў школах, расказвае моладзі пра Узброеныя Сілы.
Але, бадай, самае галоўнае, у яго стала дастаткова часу, каб займацца любімай справай – спяваць. І гучыць з шумілінскай сцэны “Малінавы звон”, а публіка адорвае Мікалая Аляксеенку шчодрымі апладысментамі...
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №58 ад 31.08.2018 г.
Фота з уласнага архіву М. Ф. Аляксеенкі.