60 хлопчыкаў і дзяўчынак правялі незабыўныя дні ў палатачным турысцка-краязнаўчым лагеры «Берандзей»
У ліпені 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў вырашылі правесці незабыўныя дні ў палатачным турысцка-краязнаўчым лагеры «Берандзей». У склад 3-х груп увайшлі гурткоўцы Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і навучэнцы школ раёна.
На працягу 9 дзён дзеці атрымлівалі практычныя навыкі па тэхніцы турызму, арыентаванню на мясцовасці, выкарыстанню турысцкага рыштунку. Заняткі на скаладроме, турысцкая паласа перашкод, майстар-класы ад бывалых турыстаў – усё гэта чакала ўдзельнікаў лагера. Юныя вандроўнікі прайшлі рознымі маршрутамі роднага краю. Група гісторыкаў-падарожнікаў, пад кіраўніцтвам Вольгі Белячыц і Вадзіма Ануфрыева, пабывала на азёрах Тушча і Свір, наведалася ў старажытны Полацк, завітала ў Жодзішкі і Дабраўляны, пазнаёмілася з таямніцамі ландшафтнага заказніка «Блакітныя азёры» Мядзельскага раёна і здзейсніла сплаў па р. Віліі ад Жодзішак да Дубка. Аляксандр Карповіч са сваімі спадарожнікамі прайшлі гістарычнымі сцежкамі Залесся, Сінькоў, Беніцы і Сівіцы. Асабліва яркія ўражанні дзеці атрымалі падчас наведвання г. Брэста, Брэсцкай крэпасці. Група, якую апякалі Віктар Тухто, Яўген Дзевяцень і Наталля Шасціракова, прайшла ад г. Смаргоні да в. Вайнідзеняты з наведваннем мемарыяла памяці ахвяр і салдат Першай сусветнай вайны, мемарыяльнага комплекса «Пераправа», пабывала ў в. Чарняты, дзе захаваліся абарончыя ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны.
Але самым запамінальным сталі падрыхтоўчыя заняткі на байдарках, а затым сплаў на вялізнай лодцы і байдарках па р. Віліі да Троіцкага касцёла ў в. Данюшава і наведванне г. Мінска, атракцыёнаў у парку Чалюскінцаў.
Акрамя паходаў, экскурсій і практычных заняткаў па краязнаўству і турызму дзяці ўдзельнічалі ў розных прыгодах, конкурсах і спаборніцтвах: сустрэча з Берандзеем, пасвячэнне ў “берандзята”, начное арыентаванне, футбол, жартоўны піянербол, шашкі, армрэстлінг, дартс, “Форт Баярд” па-берандзейскі, скаўцкія і турысцкія гульні, песні ля вогнішча.
Хутка праляцелі дні, праведзеныя ў лагеры. Шмат цікавага і карыснага даведаліся дзеці. У сумеснай працы, у агульных перажываннях паходных падзей нарадзіліся сяброўская падтрымка і ўзаемадапамога. А наперадзе нас чакаюць новыя вандроўкі па краіне.
Вольга ВАСІЛЕНКА, дырэктар палатачнага турыстска-краязнаўчага лагера “Берандзей”, загадчык адзела турыстца-краязнаўчай работы ДУА “Смаргонскі РЦТДМ”.