Да дня ўтварэння Смаргонскага аддзела Дэпартамента аховы: На варце маёмасці і бяспекі людзей
Новае падраздзяленне ўзначаліў лейтэнант міліцыі Анатоль Гваздовіч. Тады ж у ліку першых былі прыняты на працу дзяжурнымі пульта кіравання Марыя Татаржыцкая і Ніна Міхалевіч, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, электраманцёрамі сувязі і сігналізацыі - Святаслаў Баразна і Віктар Скуратовіч. Першы некалькі гадоў таму пайшоў на пенсію, а другі яшчэ працуе ў гарадскім аддзеле аховы. Акрамя дзяжурных і электраманцёраў у 1979 годзе было яшчэ 109 вартаўнікоў.
Першыя два гады аддзяленне пазаведамаснай аховы займала невялікае памяшканне ў райаддзеле міліцыі. Пад аховай тады было 5 кас, 4 магазіны і сталовая. Для цэнтралізаванага назірання за станам сродкаў сігналізацыі на гэтых аб’ектах выкарыстоўвалася сістэма “Нява-10”. Калі паступаў адпаведны сігнал, на месца здарэння накіроўваліся міліцыянеры на чале з памочнікам дзяжурнага РАУС. Свайго транспарту не было, прыходзілася карыстацца спадарожным.
Напрыканцы 1981 года была створана "начная міліцыя". Тады ж аддзяленню пазаведамаснай аховы выдзелілі будынак па вуліцы Танкістаў. Раней у ім знаходзілася пракуратура. З цягам часу ў аддзяленні была створана матэрыяльная база, з’явіўся транспарт. Адным з першых аўтамабіляў быў “Масквіч-408”, крыху пазней з’явіліся “Ніва” і цяжкі матацыкл з каляскай К-750.
Паступова на тэрыторыі пазаведамаснай аховы былі пабудаваны гаражы, вальеры для службовых сабак, якіх выкарыстоўваюць падчас дзяжурстваў начных нарадаў міліцыі. У той час пакрысе пачалі рэканструяваць адміністрацыйны будынак аховы.
Ранейшы будынак аховы
Так ён выглядае пасля рэканструкцыі
Шпаркімі тэмпамі развівалася падраздзяленне ў 90-я гады, павялічылася колькасць ахоўваемых аб’ектаў, штат супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу перавысіў 230 чалавек. Таму праз некалькі гадоў аддзяленне перарасло ў гарадскі аддзел аб’яднання “Ахова”. А з 2004 года гэта ўжо Смаргонскі аддзел Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Пад пільным наглядам аховы знаходзіцца асабістая і маёмасная бяспека грамадзян і юрыдычных асобаў. Аб тым, што гэтаму падраздзяленню давяраюць, сведчыць колькасць здадзеных пад ахову аб’ектаў: больш за 100 на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах і каля 500, якія належаць мясцовым жыхарам на праве прыватнай уласнасці, – дамы, кватэры, дачы, гаражы і г. д.
У розныя часы аддзел аховы ўзначальвалі Валерый Мікута, Іван Навагродскі, Леанід Кучура, Міхаіл Алексіч, Антон Чырыца, Іван Вяржынскі. Кожны з іх унёс пэўны ўклад у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, ва ўмацаванне аўтарытэту аддзела, у фарміраванне традыцый у калектыве, назапашванне і перадачу вопыту ахоўнай справы.
З мінулага года начальнікам Смаргонскага аддзела Дэпартамента аховы з’яўляецца Яўген Бышкала. Ён адзначыў, што сёлета споўнілася 39 гадоў з дня ўтварэння пазаведамаснай аховы ў нашым раёне. За гэты час змянілася нямала не толькі кіраўнікоў падраздзялення, але і супрацоўнікаў, грамадзянскага персаналу. Тыя, хто прыйшоў на службу ў ахову падчас яе стварэння, знаходзяцца ўжо на пенсіі, пакуль яшчэ працуе электраманцёрам Віктар Скуратовіч. Ён памятае, як ішло будаўніцтва ў аддзеле, як мяняліся на больш удасканаленыя тэхнічныя сродкі.
Начальнік Смаргонскага аддзела Дэпартамента аховы Яўген БЫШКАЛА
Яўген Уладзіміравіч прыгадаў, што апошняя рэканструкцыя будынка аховы была некалькі гадоў таму. Ён змяніў як свой знешні, так і ўнутраны выгляд. Да існуючых дабудавалі некалькі гаражоў, бо калі раней у падраздзяленні былі толькі аўтамабіль і матацыкл, то цяпер нямала транспартных сродкаў. Ёсць падраздзяленне па суправаджэнні не толькі грузаў, але і фізічных асобаў. Заключаны дагаворы з судовымі выканаўцамі, і супрацоўнікі спецпадраздзялення аховы суправаджаюць іх падчас выканання службовых абавязкаў па спагнанні даўгоў з людзей па рашэнні суда. Працэдура не з прыемных, судовым выканаўцам прыходзіцца забіраць рэчы, каштоўнасці. Іх уладальнікі рэагуюць па-рознаму, таму неабходна прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі.
Удалося крыху пагутарыць з ветэранам гарадскога аддзела “Ахова”, электраманцёрам Віктарам Скуратовічам. Прыйшоў сюды на працу пасля службы ў арміі, дзе таксама займаўся сістэмамі сігналізацыі. Добра памятае аднапавярховы будынак, які пакрысе пашыралі, а потым пачалі на ім надбудоўваць другі паверх, падвялі ў будынак каналізацыю і ваду.
Электраманцёр Віктар СКУРАТОВІЧ
Работы выконвалі ў асноўным гаспадарчым спосабам. Аўтамабільнай тэхнікі тады было мала. Сродкі сувязі – радыёстанцыі з вялікай антэнай.
Да 1987 года Віктар Скуратовіч быў самым галоўным у тэхнічнай службе, у яго падначаленні знаходзіліся 4 электраманцёры. Потым кіраўніцтва было перададзена атэставанаму супрацоўніку, афіцэру.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўленыя аддзелам аховы.