Крымінальная хроніка. Веласіпедысты гаруюць
Па начах веласіпеды знікаюць
Не змяншаецца колькасць аматараў пакатацца на чужых веласіпедах у нашым раёне. У ноч з 29 на 30 чэрвеня яшчэ адзін жыхар горада не забяспечыў захаванасць сваёй маёмасці і веласіпед трапіў у рукі злодзея. Гэта ўжо шосты ровар за год, пошукамі якога даводзіцца займацца праваахоўнікам.
Аматар майстраваць і пастраляць
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах жыхара адной з вёсак раёна. Мужчына парушыў закон тым, што вырабіў і захоўваў у сябе дома самаробную агнястрэльную зброю.
Водпуск не атрымаўся
Адпачыць і наведаць старых сяброў прыехаў у Петрыкаў грамадзянін Н. Але не разлічыў, што сябры маглі за той час памяняць жыццёвыя прыярытэты. Пасля сумеснага распіцця з Н. спіртных напояў мясцовы жыхар выкраў у яго 100 беларускіх рублёў і 2,5 тысячы рублёў Расіі.
Гасцінныя петрыкаўчане
Толькі 2 чэрвеня вызваліўся з калоніі жыхар Мінскай вобласці. Магчыма, дома яго не асабліва чакалі, таму прыехаў на Петрыкаўшчыну, каб працаўладкавацца на горнаабагачальным камбінаце. Ды і там яму месца не знайшлося. Без сродкаў на існаванне мужчына знайшоў варыянт, каб жыць у добрых умовах і не пакутаваць ад голаду. У час прагулак па вуліцах горада ён вокам прафесіянала вызначыў дамы, дзе ніхто не пражывае, а гаспадары бываюць нячаста. Там жыў, гатаваў ежу, што знаходзіў тут жа, яму нават трапляліся спіртныя напоі і прыстойная вопратка. У адным з дамоў “новы гаспадар” бесперашкодна пражыў амаль што месяц. Прычым, як потым стала вядома, сапраўдныя гаспадары на свае сядзібы наведваліся, але ў хату не заходзілі, праводзячы час у агародзе.
Па выяўленых фактах крадзяжоў узбуджаны дзве крымінальныя справы. Калі б некаторыя ўладальнікі нерухомасці былі больш пільныя да сваёй уласнасці і своечасова выявілі пранікненне ў іх дамы злодзея, то спыніць яго можна было б і раней, не дапусціць іншых крадзяжоў.
Мужчына ўзяты пад стражу і цяпер зноў будзе “забяспечаны” жыллём і ежай.
Алена БРУЦКАЯ,
па матэрыялах РАСК.
Фота з інтэрнэту.