Шостага-сёмага ліпеня прайшоў міжабласны семінар “Арганізацыя кінаабслугоўвання насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах:
праблемы і перспектывы”.
Удзел у семінары прынялі работнікі дзяржаўных кінасетак Брэсцкай, Мінскай, Гомельскай абласцей, а таксама галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама і ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.
Семінар пачаўся на Гомельшчыне. У Жыткавіцкім раёне работнікі кінавідэасетак наведалі кінатэатр “Усход”, які знаходзіцца ў раённым цэнтры. Там ішло абмеркаванне вопыту работы кінавідэасетак малых і сярэдніх гарадоў. Удзельнікі дзяліліся сваім вопытам. Асаблівую цікавасць усіх выклікалі дадатковыя платныя паслугі. Іх доля ў даходзе розных кінавідэапрадпрыемстваў розная, але кожны імкнецца зарабіць на дадатковых паслугах як мага больш, каб была магчымасць закупляць новыя фільмы, абсталяванне для якаснага паказу. Ды і рамонт у памяшканнях кінатэатраў справа не апошняя. Бо каму хочацца ісці глядзець касавы фільм у дрэнных умовах.
Таму менавіта абмеркаванне дадатковых платных паслуг, вопыт калег з іншых раёнаў выклікаў жывую цікавасць усіх удзельнікаў семінара.
Шостага ліпеня Жыткавічы былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму з гэтай нагоды ўдзельнікі семінара ўсклалі кветкі да помніка вызваліцелям.
У праграме мерапрыемства было наведванне старажытнага Турава – Замкавая гара, Гарадзішча і Барыса-Глебскія могілкі.
На другі дзень, 7 ліпеня, удзельнікаў мерапрыемства на Століншчыне сустракалі з хлебам-соллю і, канешне, музыкай.
Першым прыпынкам дэлегацыі на Століншчыне стаў Альшанскі цяплічны комплекс Івана Васільевіча Грыба. Сучасныя тэхналогіі, багаты ўраджай агуркоў і таматаў, а таксама працавітасць людзей не пакінулі раўнадушным нікога з гасцей раёна.
Цікавасць выклікала і каняферма ААТ “Палеская ніва”, на якой ўсе не толькі любаваліся беларускай запрэжнай пародай, а і даведаліся шмат цікавай інфармацыі пра коней Беларусі, а таксама самой каняфермы, пра намінантаў і пераможцаў розных выставак і конкурсаў.
У Давыд-Гарадку госці наведалі былы кінатэатр “Зара”, у памяшканні якога зараз знаходзіцца Дом культуры.
Столінскі раённы краязнаўчы музей адчыніў свае дзверы перад гасцямі і прапанаваў экскурсію па залах. Зацікавілі іх залы, якія тычацца менавіта гісторыі Століншчыны.
Паколькі Столін быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 7 ліпеня, у дзень наведвання гасцямі, былі ўскладзены кветкі да помніка воіну-вызваліцелю.
Удзельнікаў семінара ў кінатэатры “Экран” вітаў дырэктар кінавідэапрадпрыемства Мікалай Мікалаевіч Клочка. Ён расказаў пра пераабсталяванне кінатэатра, падзяліўся вопытам аказання дадатковых платных паслуг, паказаў на прыкладзе, як працуе абсталяванне 3Д у кінатэатры.
Патрэбна адзначыць, што менавіта ў Століне самае лепшае абсталяванне 3Д сярод кінатэатраў малых і сярэдніх гарадоў. І пры гэтым кошт білета на кінасеанс самы нізкі.
Зацікавала гасцей і кінаўстаноўка ў якасці малой архітэктурнай формы каля кінатэатра.
Ад імя Столінскага райвыканкама дэлегацыю сустракаў намеснік старшыні Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч. Ён пазнаёміў з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна. Спыніўся на асаблівасцях нашай зямлі, яе жыхарах. Падкрэсліў уклад культуры ў пашырэннне вядомасці Століншчыны далёка за межамі Беларусі. Пры гэтым лічбамі і фактамі прыемна здзіўляў гасцей, якія не былі знаёмы з асаблівасцямі нашага рэгіёна.
Генеральны дырэктар КУП “Брэстаблкінавідэапракат” Дзмітрый Арсенцьевіч Сялюк, расказваючы пра работу кінавідэасеткі вобласці, спыніўся на рабоце з дыстрыб’ютарамі, якія пастаўляюць кінастужкі ў пракат нашым кінатэатрам. Ён адзначыў, што менавіта дзякуючы згуртаванасці кінатэатраў, зладжанай рабоце кінавідэасеткі, дыстрыб’ютары не маюць такога ўплыву на фарміраванне дагавораў, як гэта было б з адзінкавымі кінатэатрамі.
– Семінар прайшоў з мэтай далейшага развіцця міжрэгіянальных сувязяў паміж супрацоўнікамі дзяржаўных кінасетак, – адзначыў дырэктар Столінскага кінавідэапрадпрыемства Мікалай Клочка. – Мы сустракаемся за год другі раз. Восенню былі на Гомельшчыне, адкуль прывезлі пэўныя ідэі і напрацоўкі. Зараз вось семінар прайшоў на стыку дзвюх абласцей. Такія сумесныя мерапрыемствы дазваляюць паглядзець на іншых, параўнаць сябе і сваю работу, узяць нешта новае і карыснае для далейшага развіцця ўстановы.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара