Падзяка і пытанні асабістай падсобнай гаспадаркі
Падзяка і пытанні асабістай падсобнай гаспадаркі
Апошняя «прамая лінія», якую праводзіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, пачалася з падзякі. Званок быў з Віцебска, патэлефанаваў старшыня Віцебскага абласнога савета ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Анатоль Кубракоў і падзякаваў кіраўніцтву раёна за мерапрыемства, якое прайшло ў аграгарадку Крывое Сяло з нагоды дня вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў якім ён прымаў удзел.
Наступны званок быў з вёскі Баёўка. Жанчына прасіла вывучыць магчымасць прадаўжэння маршрута гарадскога аўтобуса да Баёўкі. Заяўка адпраўлена на разгляд кіраўніцтву аўтапарка №2 г. Полацка, у падпарадкаванні якога знаходзіцца наша аўтастанцыя.
Яшчэ два пытанні тычыліся асабістых падсобных гаспадарак. Так, патэлефанавала жыхарка аграгарадка Слабада і папрасіла паса-дзейнічаць, каб мясцовая гаспадарка выдзеліла і прадала ёй сена. Ірына Мікалаеўна адразу ж звязалася з кіраўніком гаспадаркі Мікалаем Прыгодзічам і атрымала станоўчы адказ.
Звярнулася да старшыні райсавета і жыхарка вёскі Жданоўка – з просьбай скасіць яе асабісты зямельны ўчастак і забраць сена для закладкі кармоў мясцовай гаспадаркі. Кіраўнік КУСГП “Мішневічы” паабяцаў просьбу заяўніцы задаволіць у самы бліжэйшы час.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №52 ад 10.07.2018 г.