Памятаць пра мужнасць. За вёскай Стараселле Калінкавіцкага раёна ў мінулую суботу ўрачыста адкрылі гістарычны помнік
У апошні дзень чэрвеня каля вёскі Стараселле Калінкавіцкага раёна, што знаходзіцца за чатыры кіламетры ад Колак, адбылося адкрыццё ваенна-гістарычнага аб’екта перыяду Вялікай Айчыннай вайны “Ротны раён “Стараселле” Мазырскага ўмацавальнага раёна № 65.
У мерапрыемстве, якое прысвячалася 74-й гадавіне вызвалення, прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва суседняга раёна, моладзі і ветэранскіх арганізацый, падраздзяленняў Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Петрыкаўшчыну на адкрыцці гэтага помніка гісторыі прадстаўлялі дырэктар Колкаўскага сельскага Дома культуры Мікалай Грушко і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Фёдар Жукавец.
Нашы землякі ведаюць, што Мікалай Грушко сур’ёзна займаецца вывучэннем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прычым, мясцовай гісторыяй: разам з паплечнікамі ён стварыў ваенна-гістарычны клуб, вывучаюць архівы, складаюць карты баявых дзеянняў на тэрыторыі Петрыкаўшчыны і суседніх раёнаў. Вось і гэты аб’ект, доўгатэрміновая агнявая кропка (больш вядомы ў рускамоўным скарачэнні – ДОТ) пад нумарам 405 нашы аматары гісторыі “вялі” ад закінутай бетоннай навалы, у якой дзеці, наведваючы лес, палілі вогнішчы, да “законнага” помніка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – з адпаведнай пазнакай-шыльдай, зваротам да воінаў-абаронцаў ад удзячных нашчадкаў, таксама выбітым на адмысловай шыльдзе, стылізаванымі архітэктурнымі аб’ектамі і стэндам з гістарычнымі звесткамі пра гэтую частку Мазырскага УРа.
Як расказаў у гутарцы напярэдадні адкрыцця помніка Мікалай Грушко, гэтая агнявая кропка з’яўляецца самай апошняй у нашых мясцінах, прыкладна за 800 метраў на поўдзень – наступны ДАК. А яе размяшчэнне ля аўтамабільнай дарогі якраз і падказала зрабіць тут памятнае месца. Да вёскі Савічы – рукой падаць, менш трох кіламетраў. Значыць, ёсць упэўненасць у тым, што мясцовыя школьнікі будуць ведаць гэтую ваенную старонку.
Аўтамабілістам, што праязджаюць міма, пэўна ж, будзе цікава пачытаць пра гісторыю МаУРа, зазірнуць у амбразуру ДАКа, з якой, дарэчы, якраз у дзень адкрыцця пагранічнікі Мазырскага пагранатрада выпусцілі некалькі халастых кулямётных чэргаў, зрабіць сэлфі ля загараджальных канструкцый з калючым дротам.
На ўрачыстым адкрыцці помніка кіраўнікі органаў улады Калінкавіцкага раёна перарэзалі чырвоную стужку і знялі тканіну з прымацаванай напярэдадні шыльды са зваротам да абаронцаў нашай Радзімы. Было насамрэч даволі ўрачыста, прысутнічалі ветэраны, школьнікі, жыхары мясцовых вёсак, іграў ваенны аркестр…
А працягнулася святочная праграма ў Савічах, дзе ў памяшканні мясцовага СДК быў арганізаваны канцэрт ваеннай песні “Час выбраў нас”. Салдацкая палявая кухня на пляцоўцы бліз Дома культуры частавала ўсіх жадаючых гарачай пярловай кашай, а страйкбольны клуб “Зграя” сабраў на выставе зброі ў фае Дома культуры ці не ўсіх хлапчукоў вёскі, якія з задавальненнем клацалі затворам кулямёта, прыцэльваліся з гранатамёта і імкнуліся зазірнуць у суседнія двары праз акуляры бінокля.
У. ЕСІПАЎ.