Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці, адбыліся ў гарадскім пасёлку Лагішын
У жыцці кожнай краіны есць асаблівы, урачысты дзень, які аб’ядноўвае ўсіх людзей. Для нас, беларусаў, такім днём з’яўляецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці, адбыліся ў гарадскім пасёлку Лагішын 1 ліпеня.
Па традыцыі, госці і ўдзельнікі свята сабраліся каля Братскай магілы савецкіх воінаў і партызан. Тут прайшоў мітынг-рэквіем “Подзвігу доблесці – памяць і гонар”. Дзякуючы самаадданасці, мужнасці і патрыятызму тых, хто не шкадаваў свайго жыцця ў імя свабоды Радзімы, нашы людзі атрымалі права жыць пад мірным небам. Вызваліцелі даравалі нам самае дарагое, што ёсць у чалавека – жыццё і свабоду. Памяць абаронцаў Беларусі ўдзельнікі мітынга-рэквіема ўшанавалі хвілінай маўчання, а да помніка ўсклалі вянкі і кветкі.
Святочнае шэсце рушыла па цэнтральных вуліцах Лагішына да стадыёна. Добры пазітыўны настрой стваралі юныя мажарэткі, удзельніцы танцавальнага калектыву Парахонскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу і духавы аркестр Парахонскай дзяржаўнай дзіцячай школы мастацтваў. Ваеннаслужачыя Пінскага пагранічнага атрада неслі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг Пінскага раёна. У калоне – кіраўніцтва раёна, дэлегацыі з Польшчы і Украіны, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. На стадыёне, дзе развярнулася галоўная пляцоўка свята, усіх сабраўшыхся чакаў вялікі канцэрт “Беларусь у маім сэрцы”. І сімвалічна, што пачаўся ён з рэспубліканскай акцыі “Спяваем гімн разам”.
Затым са словамі віншаванняў да жыхароў Піншчыны звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта В.В. Рэбкавец:
– Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! Дарагія землякі, госці і ўдзельнікі ўрачыстасці! Напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь вітаю вас у гарадскім пасёлку Лагішын, на зямлі працаўнікоў, у сэрцы беларускага Палесся! Сёння на свяце прысутнічаюць лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў Піншчыны, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Героі Сацыялістычнай Працы, ганаровыя грамадзяне Пінскага раёна, дэпутаты. 74 гады таму беларуская зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкай акупацыі. 3 ліпеня 1944 года – дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы – горада-героя Мінска – вызначыў нараджэнне Рэспублікі Беларусь. Рашэннем усенароднага рэферэндуму менавіта гэтая дата стала Днём Незалежнасці маладой дзяржавы. У гэта галоўнае дзяржаўнае свята мы схіляем галовы перад ветэранамі! Дзякуй вам за перамогу, за жыццё пад мірным небам! Вечная памяць усім, хто загінуў на палях бітваў за незалежнасць Рэспублікі Беларусь!
Кіраўнік райвыканкама нагадаў, што за гады вайны ў горадзе Пінску і Пінскім раёне нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 108 тысяч чалавек. На франтах і ў партызанскіх атрадах загінула 2336 жыхароў Пінскага раёна. На Піншчыне пахавана 1519 воінаў і партызан, была спаленая 21 вёска. У раёне захоўваюць памяць пра продкаў, якім абавязаны сваёй свабодай і незалежнасцю. Герояў ведае і паважае моладзь. Іх імёнамі названы вуліцы аграгарадкоў і вёсак, піянерскія дружыны і школы. У раёне ва ўзорным парадку падтрымліваюцца помнікі вайсковай славы, брацкія магілы. У гэтым годзе ў кожным сельсавеце пры масавай падтрымцы жыхароў прайшла акцыя «Бессмяротны полк».
– Дарагія землякі! Пасля вайны нашы бацькі адрадзілі да жыцця зраненую краіну, заклалі аснову сучаснай эканомікі. Сёння ў раёне актыўна вырашаюцца пытанні павышэння якасці жыцця сельскіх жыхароў, сацыяльнай абароны, даступнасці медыцынскага забеспячэння, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця нашых дзяцей – адкрываюцца спартыўныя секцыі і музычныя класы, дзіцячыя пляцоўкі, дынамічна развіваецца сацыяльная сфера. Робіцца ўсё, каб наблізіць умовы жыцця на вёсцы да магчымасцяў горада. Удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне аграрна-прамысловага комплексу, падтрымліваецца прыватная ініцыятыва, ствараюцца малыя прадпрыемствы, новыя працоўныя месцы. Сфарміраваны спрыяльныя ўмовы для развіцця прыватнага бізнэсу, прыцягнення інвестыцый, знаходзяць падтрымку ініцыятыўныя прадпрымальнікі, якія бачаць перспектывы сучаснага рынку, працуюць для аўтарытэту Піншчыны. Будучыня Пінскага раёна, дастатак яго жыхароў, дабрабыт залежаць ад створанай намі сёння эканамічнай базы рэгіёну. У цэнтры ўвагі дзяржавы па-ранейшаму застаецца чалавек працы, яго інтарэсы. Час і адказнасць за будучыню патрабуе ад нас ініцыятывы і настойлівасці. Падмурак беларускай дзяржавы створаны трывалы і надзейны. Мы незалежныя, адзіныя, з упэўненасцю глядзім у будучыню. Мы разам за моцную і квітнеючую Беларусь! Сардэчна віншую вас, дарагія сябры, з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь! Жадаю ўсім добрага здароўя, поспехаў у працы, дабрабыту ў жыцці і асабістага шчасця!, – адзначыў В.В.Рэбкавец.
На святочнай сцэне старшыня райвыканкама выканаў адказную місію – правёў цырымонію ўзнагароджання званнем «Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна» Г.М. Нявыгласа за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Пінскага раёна. Рашэнне аб гэтым было прынята Пінскім раённым Саветам дэпутатаў. Генадзь Мікалаевіч цёпла падзякаваў за такую высокую ўзнагароду і падкрэсліў, што прыкладзе яшчэ больш намаганняў на карысць сваёй малой радзімы – Парахонску.
Са святам Незалежнасці жыхароў раёна павіншавалі ганаровыя госці – Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў горадзе Брэсце Ігар Канякін, старшыня Копыльскага райвыканкама Анатоль Ліневіч, кіраўнік дэлегацыі з Польшчы, стараста Сандомірскага павета Станіслаў Мастэрнак, а таксама прадстаўнік украінскай дэлегацыі, старшыня Астрожскай раённай рады Валянціна Стрылецкая. Гэта сапраўдныя сябры нашай пінскай зямлі, з якімі ўжо не першы год наладжана цеснае супрацоўніцтва.
Гасцей мерапрыемства чакаў канцэрт лепшых выканаўцаў і калектываў раёна. І ўсе нашыя артысты, не гледзячы на дрэннае даждлівае надвор’е, выступілі проста цудоўна, за што заслугоўваюць асаблівых слоў падзякі. Вядучыя свята, вакалісты, харэографы, ансамблі народнай песні, удзельнікі аматарскіх калектываў, дзіцячыя калектывы школ мастацтваў падаравалі яскравыя тэматычныя нумары, якія гледачы сустракалі гучнымі апладысментамі. Акрамя таго, цікавую выставу сваіх работ правялі майстры народнай творчасці, якія запрасілі на “Бульвар палескага мастацтва”. Працавалі і гандлёвыя кропкі, дзе можна было пачаставацца смачнымі стравамі беларускай кухні.
…Дзень Незалежнасці – свята, якое ўвасабляе вернасць служэння Радзіме, аб’ядноўвае ўсіх, хто сваёй працай умацоўвае росквіт і незалежнасць краіны. З вялікай любоўю і стараннем мы ўладкоўваем родную Піншчыну, памятаем сваю гісторыю і культуру, шануем нацыянальныя традыцыі. Наша галоўная мэта – мір і згода, дабрабыт і дастатак у кожным доме.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.