Вінавата не толькі засуха

Источник материала:  

– На вялікі жаль, на самай справе напрыканцы першай дэкады чэрвеня ў раёне намецілася тэндэнцыя зніжэння аб’ёмаў вытворчасці малака ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, – канстатавала Галіна Мікалаеўна. – А ў пачатку трэцяй дэкады плюсавалі толькі шэсць гаспадарак з шаснаццаці – філіял “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт”, ААТ “Птушкафабрыка Вяляцічы”, ААТ “Забашавічы”, АЖГ ААТ “Барысаўскі завод “Аўтагідраўзмацняльнік”, АСП – філіял “Ніўкі” УП “Папяровая фабрыка” Дзяржзнака і АЖГ “Траянаўка” ААТ “БАТЭ” – кіруючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты”.
Падзенне вытворчасці малака адбылося ў значнай ступені з-за таго, што па прычыне неспрыяльных умоў надвор’я – працяглай засухі – у многіх гаспадарках павыгарала трава на пашы. Хаця за-дзел быў зроблены добры і вынікі работы за першыя пяць месяцаў пацвердзілі, што раён ідзе па малаку з трывалым плюсам. Дзякуючы арганізаванаму пераводу кароў на пашавае ўтрыманне не адбылося зніжэння іх прадуктыўнасці. Валавая вытворчасць малака за пяць месяцаў павялічылася ў параўнанні з леташнім больш чым на 5 працэнтаў, а ў абсалютных лічбах гэта склала 1700 тон. Сярэдні ўдой ад каровы павысіўся на 153 кілаграмы і дасягнуў 2139 кілаграмаў малака. Па рэалізацыі малака раён прыбавіў да адпаведнага перыяду мінулага года 1078 тон з тэмпам росту 104 працэнты. Таму былі ўсе перадумовы для таго, каб і па выніках года выйсці на запланаваны ўдой ад каровы 5300 кілаграмаў
малака. Аднак так званая нябесная канцылярыя ўнесла свае негатыўныя карэктывы.
У раёне вядзецца планамерная работа па абнаўленню і павышэнню прадуктыўнасці многакампанентнай пашы інтэнсіўнага тыпу з наборам бабовых і злакавых траў розных тэрмінаў паспявання. Такой пашы прыходзіцца на карову па 30 сотак, як і раюць спецыялісты і вучоныя аграрнай навукі. Аднак, нягледзя-чы на тое, што практычна паўсюдна былі арганізаваны і падкормкі, і падкошванні пашы, тым не менш сёлета з-за спякоты трава на большасці з іх павыгарала. Мы штодзённа маніторым пашу, і калі пасля прайшоўшых дажджоў бабовыя пачынаюць адыходзіць, то злакавыя травы на некаторых участках павыгаралі да такой ступені, што ў іх нават няма кропкі росту. Гэта значыць, што яны, па сутнасці, загінулі. Зразумела, што ў такой сітуацыі захаваць прадуктыўнасць жывёлы на ранейшым узроўні і не страціць малако стала праблематычна.
Тым не менш, нават працуючы ў такіх складаных умовах, некаторыя гаспадаркі атрымліваюць прыбаўку малака да леташняга ўзроўню. Напрыклад, у філіяле “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі КХП” дойны статак знаходзіцца на круглагадзічным стойлавым утрыманні з аднаціпным кармленнем па зімоваму рацыёну. Каровам не даецца зялёная падкормка, таму на іх летняя спякота не паўплывала, і гаспадарка планамерна і роўна ідзе з прыбаўкай малака. Тэмп росту 104 працэнты забяспечваюць жывёлаводы ААТ “Птушкафабрыка Вяляцічы”, ААТ “Забашавічы” – больш чым 109, АЖГ ААТ “Барысаўскі завод “Аўтагідраўзмацняльнік” – 118, філіял “Ніўкі” – 102 і АЖГ “Траянаўка” – 100 працэнтаў.
Негатыўна адбілася на зніжэнні аб’ёмаў вытворчасці малака ў цэлым па раёне і расфарміраванне інвеставанага сельгаспрадпрыемства ТАА “Мётча Агра”, у якога да расфарміравання амаль удвая зменшылася пагалоўе дойнага статка.
Варта адзначыць, што кіраўнікі і спецыялісты большасці гаспадарак прыкладваюць усе намаганні для таго, каб выйсці з такога складанага становішча. Для папаўнення рацыёну кармлення кароў пасеяны аднагадовыя культуры, проса. Аднак мелі месца і факты непаваротлівасці і безадказнасці асобных адказных работнікаў, якія нават па прапановах спецыялістаў райсельгасупраўлення неапраўдана марудзілі з прыняццем адпаведных рашэнняў для тэрміновага выпраўлення становішча.
Напрыклад, у ААТ “Зембінскі” своечасова не зарыентаваліся, позна пасеялі аднагадовыя культуры для падкормкі жывёлы, таму дапусцілі самае значнае падзенне вытворчасці малака і яго рэалізацыі.
– Падчас наведвання аграрна-жывёлагадоўчай гаспадаркі “Траянаўка” ААТ “БАТЭ” – кіруючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты” яе кіраўнік Уладзімір Гудзь паведаміў, што з мэтай недапушчэння рэзкага зніжэння аб’ёмаў вытворчасці малака давялося частку дойнага статка перавесці ў памяшканне на зімовы рацыён кармлення. Чаму не пераймаюць гэты вопыт іншыя гаспадаркі?
– Пераймаюць, але толькі тыя, у каго засталіся запасы сенажу і сіласу. А ў некаторых гаспадарках гэтыя запасы закончыліся яшчэ ў пачатку вясны. На жаль, і з зернефуражом у большасці сельгасарганізацый таксама напружанае становішча, таму і канцэнтраваных кармоў выдаецца каровам толькі 80 працэнтаў ад патрэбнай колькасці. І гэта таксама адмоўна ўплывае на прадуктыўнасць жывёлы. Тым не менш, прымаюцца ўсе неабходныя меры для выпраўлення становішча і ёсць усе падставы меркаваць, што ўжо ў пачатку ліпеня рэальна можна выйсці на плюс па вытворчасці і рэалізацыі малака.
Гутарыў Мікалай ЧАЛЕЙ

←Вырубка леса – вынужденная мера

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика