У петрыкаве прайшлі мерапрыемствы з нагоды дня незалежнасці
Праўда, што ў прыроды няма дрэннага надвор’я. Асабліва калі ёсць значная нагода для добрага настрою. Вось і ў мінулы аўторак, калі Беларусь адзначала Дзень Незалежнасці, халодны дожджык, што заблукаў у нашым краі на чатыры дні, не перашкодзіў правесці мерапрыемствы з нагоды галоўнага свята беларусаў.
Святочны дзень на Петрыкаўшчыне пачаўся з ушанавання памяці загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, ветэранскіх і маладзёжных арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў усклалі вянкі і кветкі да магіл воінаў.
Затым кіраўнікі райвыканкама і райсавета дэпутатаў, члены раённага выканаўчага камітэта наведалі ветэранаў і ўдзельнікаў вайны з падарункамі. Старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка разам з ваенным камісарам Аляксандрам Адамоўскім і намеснікам старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Валерыем Макеевым павіншавалі з Днём Незалежнасці ўдзельніцу вайны Веру Кароткую.
У праграме свята апрача традыцыйнага мітынгу, які адбыўся ў гарадскім парку, ля мемарыяла воінам-вызваліцелям, былі шматлікія выставы: дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экспанатаў і фота ў стылі рэтра, прадукцыі і паслуг прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Лясгас выставіў расліны са свайго гадавальніка, РАНС, падраздзяленне аховы і ТВВод – амуніцыю, прыстасаванні і тэхніку, што выкарыстоўваюцца ў службовай дзейнасці.
Затым удзельнікі свята завіталі ў раённы Дом культуры, дзе адбыўся святочны канцэрт.
А працягнулася свята надвячоркам на гарадской плошчы – канцэртам, прысмакамі і салютам.
… А дождж тым часам адступіў.
У. ЕСІПАЎ.
Фота аўтара і А. ГУСЕВА.