Родная мова як матчына песня
Роднае слова! Дзякуючы яму мы пазнаём жыццё, навакольны свет, вывучаем гістарычную спадчыну. Менавіта таму ў рамках Дня беларускай мовы ў нашай навучальнай установе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, як крыніцы натхнення, пазнання і любові.
У гэты святочны дзень у госці да выхаванцаў дашкольнай групы завітала беларуская народная казка. Лялечная тэатральная пастаноўка “Коцік, пеўнік і лісічка” была прыемным падарункам для малышоў ад выхаванцаў летніка “Вясёлка”.Бо хто ж не любіць казку?Яна не толькі забаўляе, але і павучае, выхоўвае. Менавіта народная казка праз трапнае роднае слова вядзе нас па жыцці, перасцерагае і ахоўвае.
У лагеры “Вясёлка” Дзень беларускай мовы быў вельмі насычаным. З самага ранку выхавацелі ў народных строях і пад гукі беларускіх песень сустракалі дзяцей, каб задаць адпаведны настрой на ўвесь дзень. Пачалося свята з акцыі “Чытаем разам…”. У ёй прынялі ўдзел не толькі дзеці, але і ўсе работнікі ўстановы адукацыі. Ім прапаноўвалі ўспомніць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў і прачытаць на памяць любімыя радкі на роднай мове. Затым выхаванцы адправіліся ў цікавае гульнёвае падарожжа “Скарбы роднай зямлі”, дзе іх сустрэлі розныя конкурсы і заданні, звязаныя з веданнем сваёй мовы, твораў беларускіх аўтараў, гістарычнай і культурнай спадчыны. Зявяршыўся гэты незвычайны дзень дыскатэкай у Сінькоўскім ДК пад гукі сучаснай папулярнай беларускай музыкі.
Свята скончылася, але роднае слова гучала і будзе гучаць у сценах нашай установы. Размаўляць на роднай мове для нас звыклая справа, бо школа наша беларускамоўная. І ўсё ж такі гэта свята стварыла асаблівы настрой, дапамагло адчуць тую еднасць, якая збліжае ўсіх нас, робіць адным цэлым.
Няхай жа множыцца скарбонка нашай духоўнасці праз глыбокую веру і вялікую любоў да беларускага слова, бо слова-гэта адвечны голас душы!
Бібліятэкар дзяржаўнай установы адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Сінькоўскі яслі-сад-сярэдняя школа” Вера ЛОБАЧ.