Ні кроку назад

Источник материала:  

Ні кроку назад
Жнівень 1944 года… Вызваленая Беларусь загойвае раны, а Савецкі Саюз працягвае выганяць фашыстаў з роднай зямлі. Сіл не хапае, вельмі вялікія страты нясе Чырвоная Армія. Праходзіць масавая мабілізацыя салдат са Століншчыны.

Атрымаў павестку з’явіцца ў ваенкамат і Пётр Бруцкі — 18-гадовы юнак з вёскі Альпень. Ды і не толькі яго прызвалі: ішлі на фронт як маладыя, зусім зялёныя хлопцы, так і тыя, што маюць сем’і і дзяцей. Вельмі была патрэбна Перамога!

– На табе, сыночак, ікону Божай Маці, — са слязьмі на вачах абдымае свайго сыночка маці, — няхай яна цябе аберагае ад смерці!

Пётр паклаў яе каля самага сэрца. Ён, хоць і юнак зусім, а разумеў, што вайна нікога не шкадуе. Яго адправілі вучыцца ў польскі горад Познань на сапёра. Ішло наступленне, немцы, уцякаючы, мініравалі ўсе шляхі і масты.

– Лажыся, дурны, — крыкнуў хтосьці.

Пётр моўчкі ўпаў ніц. Моліцца пра сябе і ўсё іконку прыціскае да сэрца. Праўду кажуць, матчына малітва цуды робіць. Колькі сяброў палегла… Немцы-гады абстрэльваюць з усіх бакоў, не даюць мост пантонны паставіць. Фарсіруюць Віслу, трэба ісці далей. Хтосьці спрабуе схавацца. Гучыць загад: “Ні кроку назад”. Усё гэта падобна на нейкі жудасны сон. А дома сям’я, прыгожая вёска, сябры і сяброўкі. А тут смерць, смерць, смерць.

Сапёр памыляецца толькі адзін раз. Гэта не проста выказванне, гэта — горкая праўда. Адна справа вучэбныя снарады ўзрываць, іншая –  ісці па полі, якое шчодра замініравалі фашысты. Адзін крок паміж жыццём і смерцю. Толькі адзін крок…

Пантонныя масты не вытрымліваюць авіяналётаў. Пад ваду ідзе тэхніка, гінуць людзі.  Рэкі становяцца для іх магілай. А трэба ісці наперад, спыняцца нельга.

У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі ад нямецкіх войскаў была вызвалена тэрыторыя Польшчы на захад ад Віслы і захоплены плацдарм на левым беразе Одэра, выкарыстаны пасля пры наступе на Берлін. Аперацыя насіла імклівы характар — на працягу 20 сутак савецкія войскі прасоўваліся на адлегласць ад 20 да 30 кіламетраў у дзень. За гэты час яны пераадолелі сем умацаваных рубяжоў і дзве буйныя водныя перашкоды.

І вось ён – Берлін. Немцы, як ні хацелі, але не змаглі стрымаць наступленне. Пачалі ўцякаць – хто куды. Некаторыя моўчкі сядзелі, нібы звар’яцелыя.

Пятру іх нават было шкада. Іх ужо ненавідзяць мільёны за тое, што яны знішчылі столькі невінаватых жыццяў. Дзеля чаго? Навошта?

Узрадаваныя сябры хутчэй падбеглі да сцен Рэйхстага. Юнак таксама паспяшыў. Напісаў сваё прозвішча па-польску, як у школе вучылі.

Успамінае Дзень Перамогі – столькі радасці вакол. Усе параненыя, перавязаныя, знямоглыя, але такія шчаслівыя. Нарэшце гэты жах скончыўся, нарэшце можна ісці дадому.

За тыя некалькі месяцаў, што Пётр правёў на фронце, ён пасталеў. Здаецца, быццам некалькі гадоў мінула. Перад вачыма твары сяброў, якія паміралі на руках. Яны ўсе хацелі жыць. Яны хацелі быць свабоднымі, мець сем’і, дзяцей, будаваць дамы.

Юнак асцярожна дастаў іконку і пацалаваў. Цяпер ён не сумняваўся, што менавіта яна некалькі разоў адбірала з лапаў смерці. Дзіва, увесь шынель быў у дзірках, жывога месца не было на ім, нават цела было відаць, а яна – іконка – была цэлая.

Ён так хацеў паказаць яе маці, але дадому вярнуўся аж у лютым 1947 года. Пасля ўдзелу ў Вялікай Айчыннай вайне Пётр Бруцкі яшчэ два гады служыў у Польскай арміі стралком.

Звольніўся ў званні яфрэйтара. У яго многа юбілейных медалёў, але самыя дарагія – медалі “За перамогу над Германіяй” і медаль «Заслужаным на полі Славы». Апошняя заснавана распараджэннем Галоўнага камандавання 1-га Польскага корпуса ў СССР ад 6 лiстапада 1943 года і Дэкрэтам Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення ад 22 снежня 1944 года. Згодна з Палажэннем медалём узнагароджваюцца вайскоўцы радавога, сяржанцкага і афіцэрскага складу Народнага Войска Польскага, «… якія ў барацьбе з ворагамі радзімы сваімі ўмелымі, ініцыятыўнымі і адважнымі дзеяннямі, спалучанымі з рызыкай для жыцця, садзейнічалі поспеху баявых дзеянняў на фронце».

Але Пётр, сціплы чалавек ад прыроды, ніколі не ганарыўся баявымі заслугамі.   Ваявалі ды ваявалі. Здабылі Перамогу, і слава табе Божа.

Аднойчы на танцах сустрэў мясцовую дзяўчыну Надзею. Як успамінае яна, сэрца адразу затрымцела, калі проста пачула пра такога юнака. І ўжо ўлетку 1947 года маладыя ўзялі шлюб. Сем дзясяткаў гадоў у пары – трое дзяцей. Марыя, якая, дарэчы, зараз гасцявала ў бацькоў, жыве ў Роўна, дзе скончыла педагагічны інстытут. У жывапісным горадзе Берагава Закарпацкай вобласці жыве малодшая Наталля, якая працуе бухгалтарам у ПМК. Сярэдні сын Ілья – урач у Мінску, найчасцей завітвае на сваю малую радзіму, каб праведаць сваіх бацькоў.

Яны для іх заўсёды былі і ёсць прыклад. Бо простыя былі людзі, працавалі ў калгасе, капейку збіралі, каб дом пабудаваць. Хоць невялічкі ён, але ўмяшчае ўсіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. А дзядуля не перастае паўтараць: беражыце жыццё, бо гэта цуд. Як і той крок на мінным полі.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота  аўтара

←Вышыванка як сімвал роднага краю

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика