Добры вечар, горад!
Многа разоў цікавілася ў педагогаў іншых рэгіёнаў краіны пра існаванне пры іх установах бацькоўска-настаўніцкіх патрулёў. Ніхто не ведаў пра такое добраахвотнае фарміраванне, дзейснае ў прафілактыцы супрацьпраўных паводзінаў непаўналетніх, а таксама непасрэдна ў адносінах да іх. У нас, на Петрыкаўшчыне, пра патрулі ведае літаральна кожны. І актуальнасць яны набываюць непасрэдна цяпер, летам, і асабліва ў горадзе.
У чарговы рэйд мы далучыліся да патруля сярэдняй школы № 1. Як тут заведзена, за тры з паловаю гадзіны трэба было наведаць сем’і навучэнцаў, якія знаходзяцца на ўліку, прайсці па месцах адпачынку моладзі і падлеткаў.
У сям’і Г. па вуліцы Бумажкова нашаму візіту не здзівіліся, настаўнікі тут – частыя госці. Некалі ў бацькоў былі праблемы з алкаголем, але своечасовае лячэнне і адчуванне імі пастаяннага кантролю з боку школы дае вынікі. Праблем тут даўно не было, у доме заўсёды парадак, дзеці пад наглядам, як і ў той вечар.
Маршрут далей праходзіў праз гарадскі пляж. Мімаходам пацікавіліся справамі ў сям’і Ф. па вуліцы Піянерскай, дзе літаральна два дні таму былі педагогі.
На пляжы адпачываючых ужо не было, але пагутарылі з дзяжурным выратавальнай станцыі. Педагогі школы цесна супрацоўнічаюць з выратавальнікамі. Некалькі дзён таму сюды прыходзілі рабяты з экскурсіяй, прымяралі на сябе вадалазныя касцюмы, выпрабоўвалі свае навыкі ў аказанні дапамогі пацярпеламу на вадзе. Дзяжурны не прамінуў адзначыць, хто з навучэнцаў школы сёння быў на пляжы, і да іх паводзінаў, як заўсёды, прэтэнзій не ўзнікала.
Навучэнка малодшых класаў Г. жыве з бабуляй. Да маці некалі былі пытанні, таму сям’я была пастаўлена на ўлік. Цяпер жанчына выйшла замуж, будуюць дом, а дзяўчынка пакуль у бабулі. Настаўнікаў таксама цікавіла не толькі наяўнасць прадуктаў, чысціня ў хаце, але і добраўпарадкаванне двара, агарода, запас дроў. Усё ў парадку. Рухаемся далей.
Трое падлеткаў не чакалі, што чацвёра жанчын і мужчын будуць мець прэтэнзіі да іх паводзінаў, калі гучна выкрыквалі брудныя словы ў нечый адрас. Спынілі іх, пасаромелі, спыталі, адкуль і ці ведаюць, што брыдкаслоўе ў грамадскім месцы – адміністрацыйнае правапарушэнне.
Дзяўчынкам каля фантана параілі дастаць з кішэняў флікеры і прымацаваць да рукі, бо змяркацца пачало даўно. Падышлі і да хлопцаў, што размясціліся ў альтанцы ў гарадскім парку. Бутэлек побач не было. Таму толькі нагадалі, што іх час знаходжання на вуліцы абмежаваны – да 23.00.
Завяршалі маршрут патруля наведванні гарадскога рэстарана і кафэ “Ірына”. Самыя адчайныя з непаўналетніх, здараецца, спрабуюць тут правесці вечар. Трэба адзначыць, што ў тую суботу, першую ў канікулах, так рызыкаваць школьнікі не сталі.
“Гэта нашы ідуць”, – неаднойчы паказвалі на сваіх вучняў настаўнік Іосіф Радкевіч і псіхолаг Алена Рудзько. Прычым, у падлеткаў і старшакласнікаў не ўзнікала нават у вачах пытання, што робяць познім вечарам настаўнікі каля рэстарана ці ў парку. Ведалі, што так дарослыя не толькі папярэджваюць іх ад нядобрых крокаў, але і сочаць за іх бяспекай.
Ларыса Карабейка, маці сямёх родных і трох апякунскіх дзяцей, што ў той вечар увайшла ў склад бацькоўска-настаўніцкага патруля, у гэтай справе не навічок. І не толькі таму, што запрашае класны кіраўнік малодшага сына-васьмікласніка, але і таму, што хоча ўласна бачыць, як паводзіць сябе моладзь на вуліцы, каб ведаць, пра што папярэджваць сваіх дзяцей. І стаж яе ўдзелу ў такіх рэйдах вылічваецца больш як дзесяцігоддзем.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.
Кампетэнтна
Людміла ЖУКАВЕЦ, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
– Лета – не менш напружаны час для ўстаноў адукацыі. Менавіта цяпер асаблівая ўвага надаецца бяспецы дзяцей і арганізацыі іх карыснага адпачынку. Прынятыя і зацверджаныя праграма “Клопат” і план мерапрыемстваў па прафілактыцы дзіцячага траўматызму і гібелі дзяцей у тым ліку ўключаюць прыцягненне грамадскасці да работы з непаўналетнімі. Гэта тычыцца і бацькоўска-настаўніцкіх патрулёў. Яны працуюць у кожнай школе, незалежна ад часу года, вучэбнага ці канікулярнага. Іх галоўныя задачы: наведванне праблемных сем’яў, кантроль за “ўліковымі” непаўналетнімі, патруляванне месцаў адпачынку і іншых аб’ектаў, дзе дзеці могуць сустрэць небяспеку. Калі дзеці ведаюць, што ўвечары ў горадзе ці вёсцы можна сустрэць настаўнікаў і бацькоў, то і да сваіх паводзінаў ставяцца больш адказна. Практыка паказала, што такая форма прафілактыкі, як бацькоўска-настаўніцкі патруль, дзейсная і мае быць надалей.
Мы ўдзячны ўсім бацькам, якія не застаюцца раўнадушнымі да прапаноў выйсці на такое дзяжурства, за іх нераўнадушша, адказнасць і актыўнасць.