Пэўна, усе памятаюць знакамітую кінастужку “Иван Васильевич меняет професию”.
Тады ў ей Міласлаўскаму, каб трапіць у кватэру і абакрасці таварыша Шпака, давялося выкарыстаць цэлую звязку ключоў. А вось калі грамадзяне пакідаюць свае рэчы без нагляду, для зло-дзея задача ўвогуле спрашчаецца: бяры і ўцякай.
Каб такіх выпадкаў здаралася менш, на тэрыторыі Вялікамалешаўскага сельскага Савета адбыўся прафілактычны рэйд, мэтай якога было нагадаць жыхарам, што захаванасць іх маёмасці, у большасці выпадкаў, залежыць ад іх саміх.
Тэрыторыя для рэйду была выбрана невыпадкова. Тут з пачатку года зафіксавана дзесяць злачынстваў, сем з якіх – за май. Людзі, нячыстыя на руку, спакушаюцца на веласіпеды, аўтамабілі і нават звычайныя… тазікі. Таму ў першую чаргу камісія ў складзе начальніка Давыд-Гарадоцкага аддзела міліцыі Андрэя Мікалаевіча Цеслюка, участковага Юрыя Юр’евіча Міхлюка, памочніка пракурора Анастасіі Іванаўны Дарошка, старшыні сельвыканкама Таццяны Мікалаеўны Васюхневіч і карэспандэнта “Навін Палесся” адправілася па тых адрасах, куды ўжо завітвала міліцыя для высвятлення абставін крадзяжоў.
Праўда, высновы зрабілі не ўсе. Каля дома сям’і, у якой укралі веласіпед прыкладна месяц таму, гэтыя сродкі перамяшчэння зноў знаходзіліся на вуліцы. Як патлумачыў гаспадар, ён проста не паспеў завесці двухколавы транспарт у гараж, бо яшчэ не сцямнела. Дык і для зладзеяў не сцямнела: добра відаць, што браць і дзе браць. Мужчыну нічога не засталося, як заводзіць веласіпеды ў гараж.
Аўтамабіль з адчыненым акном і ключом у сістэме запальвання ўбачылі і па тым адрасе, дзе адну машыну ўжо ўкралі. Да таго ж гаспадароў не было дома, што зноў жа з’яўляецца цудоўнай умовай для крадзяжу. Ці ўладальнік не надта даражыць аўтамабілем, ці проста думае, што снарад у адну і тую ж варонку двойчы не трапляе, — невядома. Пра наш прыезд яму скажуць пакінутыя памяткі на лабавым шкле.
А вось гаспадыню таго дома, дзе ў невядомым накірунку зніклі тазікі, мы сустрэлі на вуліцы, якая ветліва запэўніла, што пасля таго выпадку ўсё хавае, каб потым не набываць страчаныя рэчы.
У гаспадарцы яшчэ аднаго жыхара Вялікага Малешава многа тэхнікі: ад машын да лодак. Прызнаўся, што ў сваім двары не заўсёды зачыняе мікрааўтобус, маўляў, хто пойдзе ў чужы двор красці. Але ж, як паказвае статыстыка, маюць месца і такія выпадкі. “Тады паеду і помпу схаваю”, — згадзіўся дбайны гаспадар.
“А калі няма нічога красці?” – жартавалі бабулі, што сядзелі ў цяньку на адной з вуліц. “Калі захочуць, то знойдуць”, — кажа Андрэй Мікалаевіч, зыходзячы са свайго вялікага вопыту работы ў міліцыі. І нагадаў жанчынам, каб не пакідалі дамы без нагляду, нават калі ідуць працаваць у агарод.
Дыхтоўныя двухпавярховыя дамы, дагледжаныя двары і неймавернай прыгажосці кветнікі паўсталі перад нашымі вачыма на адной з новых вуліц аграгарадка. Людзі, стомленыя за дзень працай, ужо рыхтаваліся адпачываць. А вось сваю маёмасць пакінулі без нагляду. Шмат веласіпедаў як дарослых, так і дзіцячых, сельскагаспадарчыя агрэгаты і незачыненыя аўтамабілі знаходзіліся пад адкрытым небам. Праўда, уласнікі маёмасці сустракалі нас з разуменнем і цалкам згаджаліся з нашымі доказамі. Адзін з жыхароў шчыра прызнаўся: бывае, так нагаруешся за дзень, што ледзь да ложка дойдзеш, не да веласіпеда. Але ж, даражэнькія, тады навошта дарыць зладзеям заробленае сваім мазалём? Прыслухаўшыся, усе пачалі хаваць свае рэчы. І нават маленькая дзяўчынка, максімум пяці гадоў, якая стаяла з маці і ўважліва слухала нас, тут жа ўзяла свой прыгожы веласіпед і павяла ў гараж. І калі ў наступны раз яна не пакіне жалезнага сябра пад зоркамі, значыць, наш візіт прайшоў не дарэмна.
Пабывалі мы і ў суседняй вёсцы Альгомель. Усяго спынілі, каб папярэдзіць і ўручыць памяткі, больш як 30 жыхароў. Трэба адзначыць, што мясцовыя жыхары – людзі вельмі дабрадушныя. Многія мяркуюць па сабе: раз я не бяру нічога чужога, то і іншым не трэба. І, на жаль, памыляюцца, бо знаходзяцца тыя асобы, якія не цураюцца пажывіцца за чужы кошт. Як кажуць, Бог такім суддзя. Але ёсць і іншая прымаўка, якая больш падыходзіць для гэтага матэрыялу: асцярожнага Бог сцеражэ. Таму не губляйце пільнасці, паважаныя чытачы!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара