Задача – паляпшаць уласцівасці зямлі
Не сакрэт, што большасць балот была сканцэнтравана ў Беларусі на Палессі. Палешукі заўсёды былі гатовы да капрызаў прыроды. У час паводак многія вёскі ператвараліся ў маленькія Венецыі. А паводкі маглі быць у любы час года. Зразумела, што сеяць і займацца земляробствам было цяжка.
У 60-70 гады мінулага стагоддзя ў краіне адбылася маштабная меліярацыя. У выніку толькі на Палессі было асушана амаль два мільёны гектараў забалочаных земляў. Дзякуючы вызваленым плошчам удалося нарасціць ураджаі ў раслінаводстве.
Нашы меліяратары і цяпер працягваюць займацца агратэхнічнымі мерапрыемствамі, каб падтрымліваць зямельныя ўчасткі ў належным стане. Не закідваюць і меліярацыйныя каналы, што рэгулююць дастаўку ці адвод вады ад ворыўных плошчаў.
Напярэдадні прафесійнага свята мы наведаліся да капаткевіцкіх меліяратараў. Галоўны інжынер Алег Козінец паведаміў, што сёлета калектыў заняты на трох аб’ектах. Так, рамонт меліярацыйных сістэм вядзецца ў ААТ “Навасёлкі” (РМС “Курыціцкае”), РСУП “Агра-Ляскавічы” (РМС “Бобрык”) і ў рыбгасе “Трэмля”. Але аб’ёмамі работ меліяратары забяспечаны толькі на 40% ад бізнес-плана. Менавіта таму арганізацыя шукае іншыя аб’ёмы, каб выйсці на плюсавую рэнтабельнасць.
Як адзначыў Алег Георгіевіч, 230 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў выдаткаваны меліяратарам для выканання работ па зносе лядашчых будынкаў у раёне. Дарэчы, капаткевіцкая ПМК-67 задзейнічана на гэтых відах работ ва ўсіх сельскіх саветах. Не пакідаюць меліяратары і сваё падшэфнае прадпрыемства – КСУП “Чалюшчавічы”, дзе цяпер энерганасычаная тэхніка працуе на падрыхтоўцы глебы.
На мехдвары прадпрыемства засталіся толькі тыя, хто займаецца рамонтам тэхнікі, астатнія размеркаваны па аб’ектах.
Электрагазазваршчык Віктар Сулейманаў прыехаў у Беларусь 20 гадоў таму з Убекістана. Там у яго прайшло дзяцінства. Бацька Віктара Хасанавіча быў чыгуначнікам. Сям’я была вялікая: іх, дзяцей, сямёра. Некаторыя так і засталіся жыць ва Узбекістане, але сустракацца цяпер з роднымі Віктару Хасанавічу па фінансавых прычынах цяжка.
У Беларусь закінуў асабісты лёс: жонка Кацярына Якаўлеўна мясцовая, з Капаткевіч. Працавала тут на сельгаспрадпрыемстве. Нарадзілі і выхавалі Сулейманавы шасцёх дзяцей, маюць столькі ж унукаў.
Да пенсіі мужчыну засталося паўтара гады. А пакуль Віктар Хасанавіч годна выконвае свае працоўныя абавязкі.
Васіль Зубар заняты ў ПМК-67 дзевяць гадоў. Да гэтага працаваў у былой сельгасхіміі і ў лясной галіне. Цяпер Васіль Адамавіч на “Любаве” дастаўляе рабочых на вытворчыя аб’екты. Аўтобусу 4 гады, праблем няма, круці сабе “абаранак”… За сваю адказнасць імя Васіля Зубара занесена на Дошку гонару арганізацыі.
Увогуле тут працуюць 63 чалавекі. Сярэдні заработак невялікі – 385 рублёў, але калектыў стабільны.
Міхаіл Лёгкі працуе інжынерам па ахове працы, а таксама ўзначальвае прафсаюзную суполку ў арганізацыі і ведае кожнага работніка, яго маральныя і прафесійныя якасці. Так, Міхаіл Уладзіміравіч адзначыў, што да свята меліяратараў Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджаны вадзіцель Аляксандр Герасіменка. Граматы трэста РУП “Калінкавічыводбуд” атрымаюць сёлета зваршчык Міхаіл Кашлачоў і вадзіцель Вячаслаў Канапацкі. А ўвогуле, са слоў Міхаіла Лёгкага, кожны чалавек, заняты ў галіне меліярацыі, заслугоўвае ўвагі і падзякі. Гэта тычыць і галоўнага бухгалтара ПМК-67 Тамары Радцэвіч, якая “ўпарадкоўвае” кожную лічбу, і галоўнага інжынера Алега Козінца, які кожны дзень выязджае на вытворчыя аб’екты і цікавіцца ходам выканання даведзеных заданняў.
Са святам, дарагія меліяратары! Добрага здароўя, стабільнасці і дастойных заработкаў!
Інга ГІЛЕНКА, фота аўтара.