Працавітыя людзі з вёскі Бабічы

Источник материала:  

У каторы раз пераконваюся, што ў вёсцы Бабічы жывуць карпатлівыя і працавітыя людзі.
Працавітыя людзі з вёскі Бабічы
Нядаўна давялося пазнаёміцца з дзвюма сёстрамі, якія больш чым па 30 гадоў аддалі справе жывёлавода – даілі кароў і сваімі стараннымі жаночымі рукамі здабывалі дзяржаве белае золата.
У Надзеі Фамінічны Шкалянковай у працоўнай кніжцы ўсяго два запісы – аб прыёме на работу і звальненні па прычыне выхаду на заслужаны адпачынак. Групу буронак па 25 галоў уручную тройчы ў дзень – справа турботная і напружаная. А яшчэ і прыняць наванароджанае цяля, выпаіць яго і выпусціць у грамадскі статак здаровым. Усё свядомае жыццё прысвяціў калгасу і яе муж Аляксандр Якаўлевіч – заатэхнік па спецыяльнасці працаваў брыгадзірам, вёў улік атрыманай сельскагаспадарчай прадукцыі. Так і прайшоў 41 год яго шчыравання на карысць роднай гаспадаркі. Цяпер жа, у вольны час, бярэ вуду і хутчэй на бераг мясцовага азярца, за дробнай рыбкай: і адпачынак, і на вячэру духмяная юшыца.
Дзесьці 15 гадоў ручной дойкі ў працоўнай скарбонцы і ў 82-гадовай Наталлі Ісакаўны Карпоўскай. Зранку і вечарам – на ферму, а днём – прама на пашу. Даводзілася «на плячах» цягаць паўнюткія бідоны, падымаць цяжкія вёдры з сырадоем. Ды толькі інакш было нельга, у той час усё рабілася ўласнымі сіламі, на энтузіязме і духоўным уздыме. А трэба было ж яшчэ накарміць і вырасціць пяцёра дзяцей (за што ўзнагароджана ордэнам мацярынства), якія падаравалі бабулі дзевяць унукаў і 11 праўнукаў. Цяпер сёстры толькі ўспамінаюць пра мінулае. Вось так збяруцца разам, ды дзівяцца, як толькі спраўляліся і дзе браліся сілы. Пагавораць, пап’юць гарбаты, падзеляцца навінамі, дый зноў – па хатах, курэй карміць, а Надзея Фамінічна яшчэ і парсючка трымае. Прывыкшыя да вясковай працы, не могуць проста сядзець на лаўцы. Іх жыццё ўпрыгожваюць турботы, добрыя сустрэчы і поўны палісад пярэстых кветак.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

←Пры такім надвор’і марудзіць нельга

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика