Людзі Смаргоншчыны: 7 мая Альбін і Эмілія Чырыцы адзначылі сваё брыльянтавае вяселле
Моцна кахаў Альбін сваю выбранніцу. І яна гэта адчувала, бачыла. З усіх дзяўчат, якія прыходзілі на танцы, ён заўсёды выбіраў яе. Чаму менавіта яна так запала ў душу, сказаць сёння цяжка. Ды і не пыталіся спасцігнуць гэту ісціну ні Альбін, ні Эмілія. Яны прыслухаліся да галасоў сваіх сэрцаў. А галасы гэтыя клікалі закаханых на сумесную дарогу жыцця. Была яна не шырокім прасторным шляхам, а хутчэй мінулагодняй палявой сцежкай, якая густа парасла маладым палыном і канюшынай. Але не баяліся закаханыя шукаць яе і крочыць наперад. І вельмі хутка сцежка гэта вывела іх на трывалую пуцявіну, дзе кіламетровым слупом сталі залаты пяцідзясяты і брыльянтавы шасцідзясяты год-кіламетр.
Сёмага мая Альбін і Эмілія Чырыцы адзначылі сваё брыльянтавае вяселле. З гэтай нагоды мы са старшынёй ветэранскай арганізацыі філіяла “Жодзішкі” Зінаідай Ігнатовіч завіталі да Чырыцаў у Капачы. Іх невялікі дом стаіць на ўскрайку вёскі. Рознакаляровы май з усіх бакоў расквеціў яго. Нізкія вокны дома глядзяць на бяскрайнее поле, дзе яшчэ не адцвілі дзьмухаўцы і не адбуялі кусты густога бэзу. Водарам разнаквецця дыхаюць Капачы. І пах гэты вяртае гаспадароў хаты ў іх юнацтва, нагадвае пра іх першы сумесны май.
“Спачатку мы сябравалі, а пасля ўсё перарасло ў любоў”, - Эмілія Яфімаўна зручней усаджваецца на ложку. Яна ведае, што гутарка пра іх жыццё зойме не адну гадзіну. “У бацькі не пытайцеся, ён зусім дрэнна чуе. Так яшчэ дужы, вады прынясе і каля хаты што зробіць. Хоць яму ўжо 91,” – кажа пра мужа жанчына.
Сям’я Эміліі жыла ў Капачах, а сям’я Альбіна – у суседніх Падавойках. Пазней гэтыя дзве вёскі аб’ядналі. Сёння Падавоек ужо не знойдзеш на карце раёна. Але менавіта тут праз тры месяцы пасля вяселля маладыя купілі хатку, дзе жывуць і цяпер. “Са свякроўкай я пажыла мала. Хутка на свой хлеб мы пайшлі,” – расказвае жанчына.
“Дык хто ж пойдзе на шасцёра дзяцей?” – тлумачыць простую рэалію таго часу Эмілія.
Эмілія і Альбін хоць і жылі ў суседніх вёсках, але ў дзяцінстве разам не гулялі. Хлопец быў ажно на 7 гадоў старэйшы. Бліжэй пазнаёміліся толькі ў юнацтве.
“У яго было шмат дзевак, - не лічыць за сакрэт Эмілія. - Усё перабіраў. То з адной сустракаўся, то з другой. А тады да мяне прыбіўся”.
Яны сустракаліся чатыры гады. Бацькі, асабліва маці Эміліі, былі супраць гэтых адносін. Да Эміліі сватаўся кавалер з Малінаўкі
“Прыгожы ён быў, высокі. Маці маёй вельмі падабаўся, - кажа Эмілія Яфімаўна. - Але як жа я пайду за таго, калі ўжо гэтага любіла?”.
Каханне жыло трапяткім пачуццём у іх сэрцах, але час дыктаваў іншыя вартасці. І ў адзін з маёвых вечароў дрыготкім голасам Эмілія прамовіла каханаму:
“Мілы, гэта наша з табой апошняя сустрэча. Не прыме мяне твая сям’я, лішняй я ў вас буду”.
На Капачы апусцілася ноч. Была яна ціхая-ціхая. Альбіну здавалася, што ён чуе, як б’ецца сэрца каханай. Прыселі на ганку. Хлапец накінуў на яе худзенькія, кволыя плечы свой пінжак. Прытуліўшыся адзін да аднаго, так да ранку і праседзелі. Плакалі, абдымаліся, то перабівалі адзін аднаго, то разам маўчалі. Як быццам кожны з іх імкнуўся знайсці і выказаць самыя галоўныя словы.
Але словамі не паможаш справе. Альбін паступіў як сапраўдны мужчына. Назаўтра прыйшоў да старшыні сельсавета і папрасіў, каб той вызваў да сябе Эмілію. Дзяўчына была на працы ў канторы. Не разумеючы, навошта яна спатрэбілася ў сельсавеце, накіравалася туды. Падышла да кабінета, пастукала, старшыня запрасіў увайсці. Ступіла за парог і вачам не паверыла – побач са старшынёй стаяў Альбін.
“Пойдзеш замуж за яго? – нечакана спытаўся старшыня. – Кажы хутчэй, калі згодна, то мы зарэгіструем шлюб”. У той жа дзень іх распісалі. Жадаючы аддзякаваць старшыню і адзначыць вяселле, Альбін дастаў з сумкі бутэльку самагонкі і папяровы скрутак. Разгарнуў, паклаў на стол. Эмілія ўбачыла кусок варанага сала. “Я тады падумала: напэўна, яго маці дала згоду. Інакш не зварыла б сала і не дала яму. Не сам жа ён яго варыў!” – разважае жанчына.
Выпілі па чарцы, адзначылі падзею. І сталі рыхтавацца да сапраўднага вяселля. Ладзілі яго ў ліпені. На фотаздымку, што і сёння вісіць у даўнейшай рамцы на сцяне, Эмілія апранута ў доўгую белую сукенку, а ў руках трымае кветкі і доўгія лапкі аспарагуса. Вясельны букет нявеста сабрала на кветніку ля хаты. Пярсцёнак вырабіў сусед, сукенку пазычыла ў швачкі.
“У нашай вёсцы была жанчына, якая ўмела шыць. Дык вось пашыла яна сукенку і за грошы давала яе дзяўчатам. У гэтай сукенцы ўвесь наш калгас замуж выходзіў. Я пасля вяселля яшчэ не паспела яе памыць, як ужо прыйшла дзяўчына з Казярнікаў і забрала,” – добра памятае Эмілія Чырыца.
У Эміліі і Альбіна нарадзілася двое сыноў, ёсць унукі. Кажуць, праўнукаў пакуль што не дачакаліся, але вельмі хочацца, каб унукі хутчэй вылецелі з бацькоўскіх гнёздаў у свой першы жыццёвы вырай. Бо толькі стварыўшы ўласную сям’ю, чалавек адчувае сябе шчаслівым і прыгалубленым. Срэбра жыццёвай мудрасці даўно падсівіла валасы мужа і жонкі. Яны ўжо зусім не маладыя, але яшчэ больш, чым у маладосці, патрэбныя адзін аднаму.
“Усяляк было ў жыцці, - скажа, уздыхнуўшы, жанчына. Але я так моцна яго любіла, што ўсё прабачала. І ён меня любіў. Ды і цяпер любіць”.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.