Крымінал-дайджэст
ТОЗ быў па-за законам
У Міхедавічах 44-гадовы мужчына некалькі гадоў незаконна захоўваў вінтоўку “ТОЗ-8м” калібру 5,6 міліметра. І ў сакавіку быў затрыманы егерам ТАА “АТПРГ “Тарака” ў той час, як пераносіў яе ў паляўнічых угоддзях рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 295 Крымінальнага Кодэкса.
“Падправіў” здароўе чужымі грашыма
Ураджэнец Капцэвічаў украў у аднаго з пацыентаў палаты ў ЦРБ 60 рублёў. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.
Не трапляйся, рыбка, браканьерам
Расіянін разам з сябрам з мясцовых краёў, “паддаўшы” для большай упэўненасці, незаконна сеткамі здабывалі рыбу ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў паблізу Майсеевічаў.
Шкода навакольнаму асяроддзю склала 495 базавых велічынь.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 4 артыкула 281 Крымінальнага Кодэкса.
Ваяж з “душком”
Мазыранін, не маючы права кіравання транспартным сродкам, 1 красавіка кіраваў аўтамабілем з прыкметамі алкагольнага ап’янення і быў спынены супрацоўнікамі дарожнай інспекцыі. Ад праходжання медагляду на прадмет выяўлення стану ап’янення адмовіўся.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 317-1 Крымінальнага Кодэкса.
Спачатку грошы, потым крэслы
Петрыкаўчанін вырашыў прадаць аўтамабіль “Мазда-323Ф”. Падаў аб’яву ў газету. Пакупнік прыехаў за машынай, але грошай не хапіла. Напісаў распіску, што ў хуткім часе прынясе астатнюю суму. Ды так і знік. Следства валодае фактам, што знаходлівы “прадпрымальнік” збыў аўтамабаль за грошы іншаму. Вядзецца следства.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 209 Крымінальнага Кодэкса.
Не ведаў закон?
Пенсіянер з расійскага Мурманска пражывае ў Галубіцы. Дзесьці ўлетку 1999 года паблізу Славінска знайшоў некалькі патронаў розных калібраў і абрэз стрэльбы. У час агляду месца жыхарства мужчыны супрацоўнікамі РАУС зброя і боепрыпасы былі канфіскаваны.
Усе знаходкі, па заключэнні эксперта, прыдатныя для стральбы.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 295 Крымінальнага Кодэкса.
Юпітар памяняў “арбіту”
У Камаровічах невядомы пранік на тэрыторыю домаўладання па вуліцы Кастрычніцкай, адкуль украў матацыкл “ІЖ-Юпітар-4”.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага Кодэкса.
Яшчэ адзін “шчодры” бацька
Ураджэнец Расійскай Федэрацыі абавязаны выплачваць алiменты на ўтрыманне дзвюх непаўналетніх дачок і сына. Аднак, будучы працаўладкаваным, ад выплаты аліментаў ухіліўся. На сёння запазычанасць склала больш за 26233 рублі. Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 174 Крымінальнага Кодэкса.
Н. ЧАРНЯЎСКАЯ,
па матэрыялах РАСК.